Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЕРНІКІ БАРОНЯЦЬ НЕДАБУДАВАНЫ ХРАМ АД РАЗБУРЭНЬНЯ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня ўначы каля царквы дзяжурылі 20 чалавек. Да 7 раніцы іхная колькасьць павялічылася амаль да 70. Сёньня павінна было пачацца руйнаваньне недабудаванага храму. Згодна з рашэньнем Бераставіцкага райвыканкаму, выканаўцамі прызначаны рабочыя мэханізаванай перасоўнай калёны 141.

Аднак акцыя адкладзеная на адзін дзень. Сёньня каля 11-ай раніцы на будоўлю прыяжджала намесьнік старшыні райвыканкаму Галіна Ганчарова ў суправаджэньні міліцыі. Яна паведаміла вернікам, што дэмантаж пачнецца заўтра. Маўляў, можаце потым зьвяртацца ў суд.

Каб абараняць царкву, зьбіраецца ўсё больш людзей. Прыходзяць вернікі ня толькі з Пагранічнага, але таксама з навакольных вёсак. З суседняй Сьвіслачы прыехалі 14 чалавек. Сярод абаронцаў нямала маладых мужчынаў.

Па словах айца Івана Спасюка, людзі гатовыя класьціся пад колы трактароў, каб не дапусьціць разбурэньня храму. Ён занепакоены тым, што калі заўтра пачнецца руйнаваньне, дык можа адбыцца бойка паміж абаронцамі храму і выканаўцамі.

Верагоднасьць такога сцэнару даволі вялікая. Заўтра намячаецца прыбыцьцё Аляксандра Лукашэнкі ў Віскулі, каб кантраляваць жніво — спачатку на Гарадзеншчыне. Пасёлак Пагранічны знаходзіцца якраз непадалёк ад Белавежскай пушчы.

Першы ў Беларусі храм Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Пагранічным, які ўлады вырашылі разбурыць, сёньняшняй ноччу ахоўваць будуць ужо 30 чалавек.
XS
SM
MD
LG