Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІ “NEWSWEEK”: ЗЬВЯЗ БЕЛАРУСІ І РАСЕІ КАНАЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Матэрыял у польскім “Newsweek” пачынаецца вялікім здымкам Аляксандра Лукашэнкі ў хакейнай форме, з подпісам: “Лукашэнка гуляе ў хакей нават летам, займаецца бегам, але нічога не разумее ў палітыцы і гаспадарцы”.

У пацьверджаньне гэтай тэзы аўтары – Міхал Кацэвіч і Анджэй Заўха – апісваюць стан беларускай гаспадаркі, якая са сваёй галапіруючай інфляцыяй, састарэлымі тэхналёгіямі і стратнымі прадпрыемствамі трымаецца толькі дзякуючы танным расейскім энэрганосьбітам і пэрыядычным сьпісаньням шматмільённых даўгоў, на якія ішла саюзная Масква, спадзеючыся на хуткае аб’яднаньне зь Беларусьсю выключна на сваіх умовах.

“З другога боку, фундамэнтам беларускай дзяржавы, паводле Лукашэнкі, мусіла быць падтрымка Крамля, уключаючы як палітычныя гарантыі для беларускага кіраўніка, так і фінансавыя гарантыі для ўсё бяднейшага беларускага народу. Але цяпер зьвяз Беларусі і Расеі можа стаць цьвіком да труны, у якой будзе пахаваная палітычная кар’ера Аляксандра Лукашэнкі. Расея больш ня хоча ўтрымліваць беларускую гаспадарку, а для Ўладзімера Пуціна важнейшыя добрыя стасункі з Захадам, чым прыхільнасьць беларускага дыктатара”, – піша “Newsweek”.

Далей ў артыкуле гаворыцца, што Расея ня хоча прымаць беларускія ўмовы ўвядзеньня супольнай валюты, а таксама стварэньня агульнага парлямэнту, бо ня верыць Лукашэнку.

Паводле аўтараў, Крэмль хоча бачыць Беларусь у якасьці падпарадкаванай Маскве рэспублікі, але з моцнай гаспадаркай, якая магла б купляць расейскі тавары і на якую ня трэба было б марнаваць свае грошы. Аднак перадусім Беларусь мусіць праводзіць такую палітыку, як і Расея, а Лукашэнка, які ўвесь час сварыцца з NATO і ЗША, не пасуе да плянаў Масквы.

Але, як адзначаюць аўтары, Лукашэнка не зьбіраецца зьмяняць сваю гаспадарчую палітыку, а наадварот – узмацняе яе. Напярэдадні ён нават абвясьціў на час жніва надзвычайнае становішча. А што да тэндэнцыяў дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця, дык аб гэтым няма гаворкі – масавыя акцыі ў Беларусі жорстка разганяюцца. Часопіс зьмяшчае таксама здымак, які ілюструе затрыманьні міліцыянтамі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.

Падсумоўваючы, часопіс адзначае, што цяпер будучыня Лукашэнкі знаходзіцца ў руках Пуціна, і калі той перастане даваць Беларусі грошы, дык краіну чакае катастрофа.

“Калі голад загляне ў вочы цяперашнім прыхільнікам беларускага кіраўніка, дык у Менску можа хутка дайсьці да зьмены ўлады. Прычым цалкам рэальна, што ў такім выпадку армія, КГБ і бюракратычны апарат, баючыся за ўласны лёс, могуць самі змусіць Лукашэнку адысьці”, – піша часопіс.

Аднак той, хто дачытае артыкул, “Канаючы зьвяз Беларусі і Расеі”, у апошніх радках убачыць, што насамрэч у Беларусі ўсё ня так дрэнна. Чаму?

“Бо гэтая краіна ня страціла яшчэ ўсіх сяброў. Зусім нядаўна прадстаўнікі беларускага міністэрства замежных справаў падпісалі дамову аб супрацоўніцтве зь Лівіяй. Гэтая афрыканская краіна прызнаная вялікім сябрам Беларусі. А можа Лукашэнка, пасьля фіяска з Расеяй, стаў марыць пра ўладу ў Паўночнай Афрыцы, ды схацеў стварыць дзеля гэтага Зьвяз Беларусі і Лівіі? Напэўна, яму ёсьць чаму павучыцца ў Муамара Кадафі, асабліва што да ўвядзеньня надзвычайных становшчаў”, – напісаў часопіс “Newsweek Polska”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG