Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬБІГНЕЎ БЖЭЗІНСКІ: "ЧАСЫ ІМПЭРЫЯЛІЗМУ Ў ЭЎРОПЕ АДЫШЛІ"


Падрыхтавалі:

Алесь Грыневіч, Менск і Юры Дракахруст, Прага

Ад 1977 па 1981 год спадар Бжэзінскі быў дарадцам прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы. Тады ён быў ўзнагароджаны прэзыдэнцкім мэдалём за вялікі ўнёсак у нармалізацыю амэрыканска-кітайскіх адносінаў і ў фармуляваньне палітыкі ЗША ў сфэры нацыянальнай бясьпекі й правоў чалавека. У 1995 годзе спадар Бжэзінскі атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Польшчы – Ордэн Белага Арла – за ўнёсак у аднаўленьне польскай незалежнасьці. Сёньня спадар Бжэзінскі працуе дарадцам ў Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў і выкладае ва Ўнівэрсытэце Джона Хопкінса ў Вашынгтоне.

У сваёй кнізе "Вялікая шахматная дошка: Амэрыканскае першынство і яго геастратэгічныя імпэратывы" Зьбігнеў Бжэзінскі называў Украіну "кутнім камянём" бясьпекі для Ўсходняй Эўропы, гэтак жа як і Польшчу для Цэнтральнай Эўропы. Мы запыталіся ў спадара Бжэзінскага, якую геапалітычную ролю, на ягоную думку, адыгрывае Беларусь, і ці можна параўнаць яе значэньне са значэньнем Украіны.

(Бжэзінскі: ) "Я думаю, што параўнаньне Польшчы з Украінай, у тым што тычыцца іх рэгіянальных роляў, паказвае, што Беларусь – гэта краіна свайго рэгіёну, але не галоўная сіла ў сваім рэгіёне, якімі могуць быць Польшча ці Ўкраіна. У доўгатэрміновай пэрспэктыве даволі відавочна, што незалежная Беларусь захоча больш блізкіх сувязяў з эўрапейскай супольнасьцю, у тым ліку зь яе асноўным органам нацыянальнай інтэграцыі – а менавіта, з Эўрапейскім зьвязам, а таксама з галоўным органам эўраатлянтычнай салідарнасьці, то бок з НАТО".

(Карэспандэнт: ) "Як вы лічыце, ці стане Беларусь у доўгатэрміновай пэрспэктыве часткай эўрапейскіх структураў, ці застанецца ў сфэры ўплыву Расеі?"

(Бжэзінскі: ) "Гэта вельмі залежыць ад таго, чаго хочуць самі беларусы. Часы імпэрыялізму ў Эўропе адышлі. Расея, відавочна, мае вялікі ўплыў, але нават Расея сёньня ня можа перашкодзіць беларускаму народу ў пошуках сапраўднай незалежнасьці, калі яны яе жадаюць. Таму самі беларускія людзі мусяць вырашыць – хочуць яны быць незалежнай краінай ці яны хочуць быць правінцыяй іншай краіны".

(Карэспандэнт: ) “Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША цяпер разглядае законапраект “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Гэты дакумэнт прадугледжвае даволі жорсткія санкцыі адносна беларускага рэжыму. Пры гэтым за мінулы год таваразварот Беларусі з ЗША склаў толькі 30 мільёнаў даляраў. Мы пацікавіліся ў спадара Бжэзінскага, ці лічыць ён, што санкцыі могуць быць эфэктыўнымі”.

(Бжэзінскі: ) "Санкцыі – гэта таксама праява палітычнага стаўленьня. Для Беларусі вельмі цяжка мець нармальныя стасункі супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі ў той час, калі яе непрадказальны і ў нечым вычварны дыктатар дзейнічае так, як ён дзейнічаў дагэтуль".

(Карэспандэнт: ) "Але ці будуць санкцыі пазытыўным фактарам для зьменаў, ці яны наадварот дапамогуць ператворыць Беларусь у ізаляваную "эўрапейскую Кубу"? Дарэчы, літаральна ўчора Кангрэс ЗША зьняў частку санкцыяў з Кубы”.

(Бжэзінскі: ) "Але яны дзейнічалі шмат гадоў. І даволі відавочна, што камуністычны рэжым на Кубе сканчаецца. Гэта адбудзецца хутка пасьля сьмерці Кастра. Санкцыі самі па сабе ня могуць прывесьці да грунтоўных зьменаў. Але санкцыі разам з намаганьнямі пашырыць сацыяльныя, інтэлектуальныя кантакты могуць стварыць сытуацыю, у якой палітычныя кошты існаваньня дыктатуры ураўнаважваюцца разьвіцьцём сувязяў, абменаў поглядамі, і гэта стымулюе ў людзях жаданьне палітычных пераменаў".

“Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” таксама прадугледжвае выдаткаваньне 40 мільёнаў даляраў у 2003 і 2004 годзе на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, у тым ліку на разьвіцьцё дэмакратычных палітычных партыяў. Некаторыя актывісты апазыцыі кажуць, што партыі ня здолеюць атрымаць доступу да гэтых грошай, бо такое фінансаваньне з-за мяжы забароненае законам. Але само прыняцьце законапраекту можа даць новы козыр беларускім уладам, каб выставіць апазыцыю наймітамі ЗША. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Мікола Статкевіч, напрыклад, кажа, што лепей было б, каб у законапраекце вялося аб дапамозе незалежнай беларускай прэсе і каб фінансаваньне пайшло найперш на падтрымку недзяржаўных мэдыяў. Мы папрасілі спадара Бжэзінскага пракамэнтаваць гэта.

(Бжэзінскі: ) "Існуе сувязь паміж незалежнымі мэдыямі і незалежнай палітычнай дзейнасьцю. Адно немагчымае бязь іншага. І я ня думаю, што гэта пытаньне спансараваньня палітычнай апазыцыі. Палітычная апазыцыя мусіць існаваць. Калі яна існуе, яе, натуральна, можна заахвочваць і дапамагаць ёй звонку, як гэта адбывалася ў іншых месцах – напрыклад, з рухам "Салідарнасьць" у Польшчы. Я не кажу, што нехта будзе фінансаваць беларускія палітычныя партыі. Але калі такія партыі могуць дзейнічаць, калі яны могуць сфармуляваць сваю пазыцыю, то, натуральна, мае сэнс іх падтрымліваць".

Апошнім часам шмат казалася аб канфлікце паміж Аляксандрам Лукашэнкам і расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным. Наколькі сур'ёзным лічыць гэты канфлікт спадар Бжэзінскі?

(Бжэзінскі: ) "Відавочна, што гэта адлюстроўвае грунтоўныя разыходжаньні ў поглядах і мэтах. Гэта таксама адлюстроўвае той факт, што ў Расеі адбылося неяк болей палітычных зьменаў, чым у Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) "Але ці дастаткова гэтых разыходжаньняў дзеля таго, каб Расея спыніла падтрымку цяперашняга беларускага рэжыму?"

(Бжэзінскі: ) "Пытаньне ў тым, якая існуе альтэрнатыва. Расея можа ня мець зацікаўленасьці ў падтрымцы Лукашэнкі, беручы пад увагу ягоныя нестабільныя паводзіны, але ў той жа час Расея, па ўсёй верагоднасьці, ня мае асаблівай зацікаўленасьці ў падтрымцы беларускай незалежнасьці. Расея можа вырашыць больш не падтрымліваць Лукашэнку, калі яна будзе мець альтэрнатыву яму, якую палічыць больш прывабнай. І пытаньне ў тым, ці існуе такая альтэрнатыва".

(Карэспандэнт: ) "Усе краіны эўрапейскага рэгіёну былога СССР, у тым ліку і Расея, дэманструюць у той ці іншай ступені намер супрацоўнічаць з Захадам, інтэгравацца ў эўраатлянтычныя структуры. Чым, на Ваш погляд, тлумачыцца, беларуская “анамалія”?

(Бжэзінскі: ) "Асноўная прычына – гэта дыктатарскі характар даволі эксцэнтрычнага дыктатара (сьмех). Я думаю, гэта асноўная праблема. Без Лукашэнкі, я думаю, вельмі верагодна, што Беларусь праходзіла б празь некаторыя пэрыяды цяжкіх, часам супярэчлівых пераўтварэньняў, але рухалася б увесь час да больш блізкай каардынацыі і супрацоўніцтва з Захадам".

(Карэспандэнт: ) "То бок, вы лічыце асноўнай прычынай асобу Аляксандра Лукашэнкі?"

(Бжэзінскі: ) "Не, я назваў бы ягоную дыктатуру асноўнай прычынай".

(Карэспандэнт: ) "Гаворачы пра Лукашэнку – за 8 гадоў свайго кіраваньня ён час ад часу рабіў намёкі на магчымасьць “павароту ад Расеі на Захад”. На Ваш погляд, калі б такая спроба пераарыентацыі была зробленая ўсур’ёз, ці сталі б заходнія ўрады супрацоўнічаць зь цяперашнім беларускім рэжымам?"

(Бжэзінскі: ) "Гэта магчыма, калі "рэарыентацыя" на Захад азначала б сапраўдную рэарыентацыю. Сапраўдная рэарыентацыя – гэта ня толькі словы, ня толькі рыторыка. Гэта прыняцьце дэмакратычных працэдураў, працэсаў ды інстытуцыяў. Трэба ажыцьцявіць нармальныя рэцэпты для эфэктыўна дзеючай дэмакратычнай сыстэмы. І мы ўсе ведаем якія яны – свабода прэсы, свабода для палітычнай апазыцыі, сапраўды свабодныя выбары – гэта, скажам так, мінімальныя патрабаваньні для дэмакратыі".

У шэрагу краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы рухавіком антыкамуністычных рэвалюцыяў і далейшых трансфармацыяў, руху ў Эўропу быў нацыяналізм. У той жа час у Беларусі даволі распаўсюджаныя прарасейскія настроі. Гэтым, апроч іншага, выкліканая і пэўная ізаляванасьць нацыянальна арыентаваных сілаў. Мы запыталіся ў спадара Бжэзінскага, ці мусіць, на ягоную думку, нацыяналізм нарэшце спрацаваць і ў Беларусі, ці рухавіком пераменаў тут стануць іншыя сілы?

(Бжэзінскі: ) "Я думаю, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве абуджэньне беларускага народу адбудзецца. І яно ўжо адбылося ў некаторых частках Беларусі. Але няма сумневу, што Беларусь была больш зрусіфікаваная, чым любая іншая былая савецкая рэспубліка. Гэта будзе доўгі, працяглы працэс".

(Карэспандэнт: ) "На пачатку нашае размовы вы казалі, што Беларусь рана ці позна будзе мець шчыльныя кантакты з эўрапейскімі структурамі. Ці маглі б вы спрагназаваць, наколькі хутка гэта адбудзецца?"

(Бжэзінскі: ) "Я ня думаю, што можна рабіць нейкія прагнозы, бо ня будзе нейкай асобнай падзеі, кшталту Алімпіяды, якую можна прывязаць да канкрэтнага году. Мы размаўляем аб працэсе. Але калі Расея будзе збліжацца з Захадам, калі Ўкраіна будзе збліжацца з Захадам нават хутчэй, Беларусь ня здолее пазьбегнуць гэтага працэсу".
XS
SM
MD
LG