Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВЫ АКТ ВАНДАЛІЗМУ Ў КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

Невядомыя пашкодзілі два крыжы з Алеі Крыжоў, што была ўсталяваная ўвесну ўздож курапацкай прасекі сябрамі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Яшчэ адзін крыж невядомыя вандалы проста расхісталі — магчыма, проста не пасьпелі выцягнуць зь зямлі. Варта дадаць, што гэтыя Крыжы былі асьвечаныя сёлета на Радаўніцу каталіцкім сьвятаром і сьвятаром Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы.

Актывіст Партыі БНФ Алесь Шыбко ўчора ўвечары стаў сьведкам вандалізму ў Курапатах.

(Шыбко: ) “Даведаўшыся, што ў Курапатах дарожныя будаўнікі зноў пачалі нейкія працы, у прыватнасьці, пракладаць нейкія трубы, я вырашыў зьезьдзіць туды на ровары й паглядзець, што там адбываецца. Калі я прыехаў туды, то ўбачыў на галоўнай алеі пяцёх даволі дужых хлопцаў, якія ламалі крыж. Я пад’ехаў да іх і спытаў, што яны робяць. Яны мне досыць спакойна патлумачылі, што хочуць зламаць гэты крыж, каб распаліць вогнішча, бо дрэва крыжа досыць сухое й вельмі зручнае. Я пагразіў ім, што выклічу міліцыю, разьвярнуўся і зьехаў. У Зялёным Лузе мне ўдалося спыніць машыну з Партызанскага РАУСу. Я паведаміў міліцыянтам пра гэта, і яны паабяцалі перадаць гэтую інфармацыю міліцыянтам з Савецкага РАУСу”.

Сёньня з самай раніцы сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ працягвалі засыпаць пяском траншэю пад сьцёкавую каналізацыю, якую ў панядзелак выкапалі будаўнікі. Намесьнік старшыні партыі Сяргей Папкоў зьвязвае чарговы акт вандалізму ў Курапатах з падзеямі вакол пракладкі калектару на тэрыторыі ўрочышча:

(Папкоў: ) “Мы мяркуем, што гэта рэакцыя на нашую настойлівую працу па абароне Курапатаў. Тое, што мы зрабілі пазаўчора і ўчора, што не далі зарыць гэтыя трубы, што засыпалі траншэю, якую яны выкапалі. Канечне, гэта ўзгодненая пазыцыя — бурыць, нішчыць Курапаты. І гэта рабілі ня проста нейкія вандалы, гэта рабілі структуры, створаныя рознымі спэцслужбамі. Гэта нашчадкі тых, хто тут забіваў”.

(Карэспандэнтка: ) “А што з крыжамі? Будзеце аднаўляць?”

(Папкоў: ) “Будзем аднаўляць. Крыжы тут будуць увесь час. Гэты помнік ужо нельга ні разбурыць, ні зьнішчыць у памяці беларускага народу”.

Сяргей Папкоў бярэ ў рукі рыдлёўку і працягвае засыпаць пяском траншэю пад трубы. З боку поля я заўважаю сапраўдныя барыкады з галін і дошак, тут жа бачныя ўзьведзеныя новыя крыжы. Гэткім чынам актывісты перагарадзілі дарогу ва ўрочышча для будаўнічай тэхнікі. Але пакуль барыкады непатрэбныя. Дэпартамэнт аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі забараніў весьці каналізацыю праз тэрыторыю ўрочышча.

Як распавяла Радыё Свабода кіраўніца адзелу навукова-праектных работаў дэпартамэнту Аксана Сматрэнка, для будаўнічых арганізацыяў было падрыхтаванае адпаведнае распараджэньне з шэрагам заўваг.

(Сматрэнка: ) “Ім належыць атрымаць дазвол ад Дэпартамэнту на права правядзеньня работ. Пакуль мы працы спынілі. Праект трэба ўзгадняць. Яны ня маюць права аднаўляць працы. Я ня ведаю, будуць ці ня будуць яны іх рабіць, але ня маюць права згодна з нашым распараджэньнем”.

Паведаміла для Радыё Свабода прадстаўніца Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка. Пакуль разглядаюцца іншыя варынты пракладкі каналізацыі. Адзін зь іх — пракладка трубы для сьцёкаў у бок “Аквабэлу”, дзе цяпер будуецца новы павільён для рынку.
XS
SM
MD
LG