Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫ ХРАМ БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ЦАРКВЫ ЗАЎТРА МОЖА БЫЦЬ ЗРУЙНАВАНЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У Пагранічным будуецца першы ў краіне храм Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. 2 жніўня плянавалася правесьці першае набажэнства, але раённыя ўлады вырашылі разбурыць храм. Калі сёньня гэта ня зробіць сам сьвятар Іван Спасюк, заўтра прыбудзе тэхніка з мэханізаванай перасоўнай калёны №141. Разбурэньне ў любым разе павінна адбыцца ўласным коштам сьвятара — так вырашылі ўлады.

Сёньня Іван Спасюк накіраваў скаргі ў абласную пракуратуру і старшыні аблвыканкама Саўчанку. Мясцовыя ўлады лічаць, што царква будуецца самавольна, і што раённы архітэктар Гуцько памылкова склаў архітэктурна-плянавальнае заданьне.

Іван Спасюк зазначае, што ўлады не далі магчымасьці будаваць царкву цалкам афіцыйна. Яны ўпарта адмовіліся рэгістраваць грамаду — на той падставе, што яна не належыць да Расейскай праваслаўнай царквы. Таму ён мусіў афармляць дакумэнты на дом у форме храму.

Будаўнікі завяршылі Ніжнюю царкву, якая знаходзіцца ў цокальным паверсе. Над уваходам зьмешчаны крыж. Менавіта там меркавалася правесьці першае набажэнства. Адбыўся сход вернікаў. Яны вырашылі з заўтрашняга дня пастаянна дзяжурыць каля царквы. Каб, па магчымасьці, перашкодзіць яе разбурэньню.

Па словах Івана Спасюка, праца ў мэханізаванай калёне №141 пачынаецца на палову восьмай раніцы. Менавіта ў гэты час можа пачацца руйнаваньне першага храму Беларускай аўтакефальнай царквы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG