Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КАЛГАСЕ “РАДЗІМА” БЯЛЫНІЦКАГА РАЁНУ З П’ЯНСТВАМ ЗМАГАЮЦЦА ГРАШЫМА


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

П’янства і крадзяжы дзеля п’янства — актуальныя праблемы сучаснага сельскага жыцьця. Адсутнасьць грошай не спыняе алькагалізацыю: ёсьць сьпіртовыя напоі ўласнай вытворчасьці, а ў сувязі з масавым пераходам на натуральна-безнаяўную сыстэму аплаты працы калгасьнік заўсёды можа па ведамасьці атрымаць пляшку гарэлкі ці таннага віна. Гэта самы папулярны тавар у вясковых крамах.

Калі сяляне размаўляюць пра п’янства, яны звычайна просяць вінаваціць у распаўсюджанасьці гэтай зьявы ня іх асабіста, а абставіны жыцьця і цяжкасьці ў працы.

Эканаміст калгасу “Радзіма” Бялыніцкага раёну Надзея Аўчыньнікава тлумачыць, чаму вяскоўцы п’юць гарэлку:

(Аўчыньнікава: ) “Таму што цяпер у нас п’янка ад безвыходнасьці. Таму што людзі ня бачаць пэрспэктываў, і ў іх няма жаданьня працаваць, таму што ўсё гэта практычна марна. Усё стратнае, зарплаты няма”.

У гаспадарцы, дзе працуе Надзея Аўчыньнікава, з п’янствам якраз пасьпяхова змагаюцца. Старшыня калгасу Аляксандар Лапацентаў распрацаваў цэлую сыстэму заахвочваньня і пакараньня.

(Лапацентаў: ) “Сёньня весьці барацьбу з гэтым злом, я так мяркую, “ківаць пальцам”, нейкім маральным чынам, не атрымліваецца. Трэба кіравацца эканомікай”.

15% звыш заробку ў калгасе “Радзіма” плацяць за тэхналягічную працу і здаровы лад жыцьця — бяз п’янак і скандалаў у сям’і і на службе. Гэтыя грошы атрымлівае пераважная большасьць калгасьнікаў. А вось яшчэ 10% — надбаўка за разьвітаньне з тытунём плацяць пакуль толькі адзінкам.

П’янка каштуе калгасьніку “Радзімы” прыкладна 70 тысяч рублёў спагнаньняў, а гэта каля паловы месячнага заробку. Вось меркаваньні людзей:

(Спадарыня: ) “П’янка — гэта ўсё! Страта! І паказчыкі страчваюцца пры п’янцы, і праца. Усё-усё! У нашай працы патрэбная дысцыпліна!”

(Спадар: ) “Горшыя гаспадаркі за нашую бываюць. Там заробак не даюць гадамі, дык за гэта і выпіваюць. А ў нас больш-менш нармальна”.

Змаганне з п’янствам калгасу каштуе прыкладна 5 мільёнаў рублёў штомесяц — гэта дзённая выручка за малако. Затое тут практычна забыліся, што такое прагул на ўборачнай кампаніі і нецьвярозыя работнікі.

Аднак старшыня калгасу “Радзіма” Аляксандар Лапацентаў лічыць, што трэба меркаваць пэрспэктыўна і ісьці далей.

(Лапацентаў: ) “Мы ж ня можам сказаць, што ўсе навокал п’яніцы. Не! Гэта мы іх прымусілі піць. Наша сыстэма, наша ўлада. А зараз трэба вельмі крута зьмяняць саму схему нашага сёньняшняга жыцьця”, — кажа кіраўнік найлепшай гаспадаркі ў Бялыніцкім раёне.

Аляксандар Лапацентаў зараз адкрыта выказваецца супраць агульнай уласнасьці й працы. Ён лічыць, што п’янства і крадзяжы закончацца толькі тады, калі гэта будзе калгасьніку нявыгадна. Таму калгас “Радзіма” да наступнага сельскагспадарчага сэзону вырашыў укараніць гаспадарчы разьлік, каб людзі не патрабавалі заробак, а зараблялі сабе грошы.
XS
SM
MD
LG