Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДА ІЗРАІЛЮ Ў БЕЛАРУСІ МОЖА БЫЦЬ ЗАЧЫНЕНАЯ


Алесь Грыневіч, Менск

Прадстаўнікі амбасады Ізраілю ў Менску кажуць, што пакуль не атрымлівалі афіцыйных паведамленьняў аб закрыцьці ізраільскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі. А вось як камэнтуюць сытуацыю ў прэсавай службе Міністэрства замежных справаў Ізраілю:

(Прэсавая сакратарка: ) “Мы разглядаем магчымасьць закрыцьця шэрагу амбасадаў і консульстваў, на жаль. Кожнае з гэтых месцаў вельмі важнае для нас, і мы будзем спрабаваць зьвесьці да мінімуму шкоду ў выніку такіх дзеяньняў, але мы ня маем выбару. Я не пацьвярджаю сьпіс, які быў апублікаваны, бо ён неафіцыйны. Працэс яшчэ ня скончаны, гэта ня поўны сьпіс. Сьпіс будзе афіцыйны толькі калі міністар падасьць яго на разгляд ураду”.

Прадстаўніца ізраільскага МЗС і прэсавы дарадца міністра замежных справаў Шымона Пэрэса адмовіліся пацьвердзіць, што амбасада ў Менску ўключаная ў сьпіс кандыдатаў на закрыцьцё. Аднак са словаў міністра вынікае, што гэта менавіта так і што прэсавыя службы проста чакаюць на афіцыйнае рашэньне.

Калі амбасада Ізраілю ў Беларусі ўсё ж будзе закрытая, гэта зробіць для беларусаў больш складаным атрыманьне ізраільскай візы — зноў давядзецца езьдзіць у нейкую амбасаду за мяжой. Да адкрыцьця пасольства ў Менску па ізраільскія візы трэба было ехаць у Маскву.

Якім чынам магчымае закрыцьцё амбасады можа адбіцца на жыцьці мясцовай габрэйскай грамады? Менскі палітоляг Вольф Рубінчык, які выдае бюлетэнь “Анахну Кан” (“Мы тут”), кажа, што гэта можа закрануць фінансаваньне некаторых культурных ініцыятываў:

(Рубінчык: ) “Я ведаю, што яны выдаткоўваюць грошы, напрыклад, на праграмы культурна-інфармацыйнага цэнтру, на нядзельныя школы. Я лічу, што гэта будзе ня самая пазытыўная зьява для нашай грамады”.

Вольф Рубінчык лічыць, што магчымае закрыцьцё амбасады можа таксама зашкодзіць эканамічнаму супрацоўніцтву Беларусі з Ізраілем:

(Рубінчык: ) “Калі ня будзе тут пасольства, гэта яшчэ і для Беларусі, можа быць, пэўную шкоду нясе. Усё ж такі пасольства падштурхоўвае да стварэньня прадпрыемстваў — тут ёсьць некалькі дзясяткаў сумесных прадпрыемстваў, ці нават з замежным капіталам, чыста ізраільскім”.

Прэзыдэнт Усясьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў Якаў Гутман кажа, што лепей бы ўспрыняў магчымае закрыцьцё ізраільскай амбасады ў Беларусі, калі б урад Ізраілю патлумачыў гэта ня толькі фінансавымі прычынамі. Ён кажа, што яшчэ год таму прапаноўваў адклікаць ізраільскага амбасадара зь Менску на знак пратэсту супраць палітыкі беларускіх уладаў у дачыненьні да габрэйскай грамады Беларусі. Якаў Гутман, у прыватнасьці, узгадаў разбурэньне будынку былой сынагогі на вуліцы Дзімітрава ў Менску.

(Гутман: ) “Зь іншага боку, зразумела, што адсутнасьць амбасады Ізраілю тут нейкім чынам звузіць магчымасьць кантактаў і ўзьдзеяньня”.

Адной з прычынаў таго, чаму амбасада ў Менску трапіла ў шэраг кандыдатаў на закрыцьцё зь фінансавых меркаваньняў, можа быць скарачэньне колькасьці габрэяў у Беларусі. Згодна зь перапісам 1989 году, у Беларусі было каля 120 тысяч габрэяў. Паводле перапісу 1999 году, гэтая лічба зьменшылася да 29 тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG