Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТОЎСКІ НАВУКОВЕЦ ПРАПАНУЕ ВЫКАПАЦЬ ТУНЭЛЬ АД КАЛІНІНГРАДЗКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ДА БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Як вядома, ад 1 ліпеня наступнага году, за 6 месяцаў да ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз, Польшча ўводзіць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Гэта – патрабаваньне Аб’яднанай Эўропы. Аднак напярэдадні прэзыдэнт Францыі Жак Шырак у часе спатканьня ў Сочы з Ўладзімерам Пуціным насуперак агульнай пазыцыі Эўрапейскага Зьвязу, заявіў, што візавы рэжым для жыхароў Калінінградзкай вобласьці “ня можа быць прыняты”.

Гэткую заяву адразу падтрымалі расейскія палітыкі, якія шматкроць заяўлялі, што не дазволяць, каб расейскія грамадзяне не маглі свабодна пераяжджаць з Калінінграду ў іншыя часткі краіны. З другога боку, у Польшчы, якую расейцы найчасьцей згадваюць як краіну, па чыёй тэрыторыі можна зрабіць бязьзвізавы калідор, словы Шырака былі ўспрынятыя з пэўнай насьцярожанасьцю.

“Падаецца, што заява, якую зрабіў Шырак, больш зьвязаная з прапагандай, чым з рэальным падыходам, і Францыя ня зьменіць сваёй пазыцыі ў гэтай справе”, – паведаміў журналістам прэм’ер-міністар Польшчы Лешэк Мілер.

У сваю чаргу, старшыня, ці, па-польску, маршалэк Сойму Марэк Бароўскі лічыць, што такім чынам Францыя хоча ўсталяваць выключна прыязныя стасункі з Расеяй.

“Зьвярніце ўвагу на тое, што апошнім часам Злучаныя Штаты значна палепшылі свае стасункі з Расеяй. Францыя, якая заўсёды супернічае з ЗША ў розных сфэрах, спрабуе рабіць гэта і ў сфэры палітычнай”, – упэўнены Марэк Бароўскі.

А прадстаўнікі Літвы ў Эўрапейскім Зьвязе заявілі, што іхная краіна будзе прытрымлівацца агульнай візавай палітыкі Эўразьвязу, замацаванай ў Шэнгенскім пагадненьні, якое не прадугледжвае ніякіх выключэньняў нават у выпадках кшталту Калінінградзкай вобласьці.

У гэтым палітычным тупіку зьяўляюцца самыя неверагодныя прапановы вырашэньня праблемы перамяшчэньня жыхароў расейскага анкляву па далучэньні Польшчы і Літвы да Эўразьвязу. Як паведамляе Польская прэсавая агенцыя, Альгімантас Амбразавічус, прафэсар літоўскай вайсковай акадэміі зь Вільні, прапанаваў учора выкапаць тунэль паміж Калінінградзкай вобласьцю і Беларусьсю пад польскай тэрыторыяй. Паводле літоўскага навукоўца, 70-кілямэтровы тунэль можна пабудаваць цягам году. Падарожжа праз такі тунэль будзе трываць каля гадзіны, а езьдзіць па ім могуць электрацягнікі, кшталту тых, што выкарыстоўваюцца ў мэтро.

Пакуль невядома, як да гэтай прапановы паставяцца зацікаўленыя бакі. Дзіўна тое, што голасу Беларусі, тэрыторыя якой увесь час згадваецца ў розных прапановах ў якасьці транзытнай для расейскіх грамадзянаў, у спрэчках вакол Калінінграду ніколі не чуваць. Як быццам бы афіцыйны Менск загадзя згодны на тое, што за яго вырашаць Масква, Брусэль і Варшава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG