Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКОНЧЫЎСЯ ДРУГІ ПРАЦЭС НАД МІХАІЛАМ ЧЫГІРОМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Натальля Варэнік паставіла кропку ў другім па ліку працэсе над Міхаілам Чыгіром. Былы прэм’ер атрымаў тры гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці пры адтэрміноўцы на два гады. Гэта азначае, што цягам двух гадоў умоўнае пакараньне можа стаць рэальным. У прыватнасьці, Міхаіла Чыгіра пасадзяць і забяруць ў яго маёмасьць, калі ён не пералічыць падаткавай інспэкцыі 8 мільёнаў рублёў – гэта прыкладна 4,5 тысяч даляраў. Гэтыя грошы, паводле судзьдзі, Міхаіл Чыгір застаўся вінны бюджэту. Такім чынам суд вырашыў, што экс-прэм’ер усё ж такі ўтойваў частку прыбыткаў, калі напрыканцы 1990-х гадоў працаваў у Маскве кансультантам нямецкага канцэрне "Гея", і, адпаведна, недакладна праціў падаткі.

З гэтым абвінавачаньнем Чыгір ніколі не пагаджаўся, хаця і не выключаў, што не па ягонай віне магла адбыцца памылка. Ён прапаноўваў зрабіць пераразьлік падаткаў і абяцаў сплаціць нявыплачаную суму, але падаткавая служба і пракуратура ініцыявалі крымінальны перасьлед экс-прэм’ера і, як бачым, свайго дасягнулі.

Фактычна застаўся Чыгір вінаватым і паводле другога абвінавачаньня – у службовай нядбайнасьці за час працы старшынём Белаграпрамбанку. Як вядома, калі Чыгір сышоў з гэтай пасады і стаў прэм’ерам, банк згарнуў будоўлю новага дарагога офісу, якую раней ініцыяваў Чыгір. Сёньня судзьдзя абвесьціла менавіта яго адказным за страту грошай, выдаткаваных на будоўлю. Аднак пакараньня за нядбайнасьць Чыгір не панясе, бо з-за даўніны справу вырашана зачыніць. У пазове памерам мільён даляраў да Міхаіла Чыгіра банку адмоўлена.

Камэнтуючы прысуд, Міхаіл Чыгір сказаў, што на апраўданьне не разьлічваў, бо добра знаёмы з судовай сыстэмай Беларусі. Ён па-ранейшаму лічыць, што яго перасьледуюць паводле палітычных прычынаў, што засьведчана, падкрэсьлівае Чыгір, нават сёньняшнім прысудам.

(Чыгір: ) "Глядзіце, што адбылося. Пракурор прасіў пазбавіць мяне права займаць кіруючыя пасады на 3 гады, але судзьдзя дала 5 гадоў. Чаму? А таму што цягам гэтых пяці гадоў адбудуцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, і такім чынам мяне пазбаўляюць права ў іх браць удзел. Вось галоўная мэта. Мне вядома, што ў мінулую пятніцу адбылася нарада наконт прысуду і там было вырашана, якім павінен быць прысуд, і судзьдзя зачытала тое, што ёй далі зачытаць".

Міхаіл Чыгір намераны абскардзіць вынесены прысуд у гарадзкім, а потым, калі спатрэбіцца, і ў Вярхоўным судзе.

Дадам, што прысуд гучаў ажно тры гадзіны, і калі прагучалі апошнія словы, некалькі разоў у залі раздаліся воклічы "Ганьба". Гэтак рэагавалі на прысуд людзі, якія спачувалі Міхаілу Чыгіру. Затое прадстаўнік пракуратуры не хаваў свайго задавальненьня. Ён адзначыў, што прысуд амаль цалкам паўтарае тое, што патрабавала дзяржаўнае абвінавачаньне.

У Фрунзенскім райсудзе сёньня прысутнічалі і некалькі дыпляматаў, у тым ліку амбасадар ЗША у Беларусі Майкл Козак. Вось што ён заявіў Радыё Свабода, калі скончыўся працэс:

(Козак: ) "Мы ўбачылі сёньня, што беларускаму суду патрэбнае сьвежае паветра. Я ня буду камэнтаваць спэцыфіку дадзенай крымінальнай справы. Але калі паглядзець на тое, што адбываецца ў гэтай краіне, то відавочна, што як толькі хто кажа насуперак уладзе, гэта могуць быць журналісты ці дзеячы апазыцыі, то супроць іх заводзіцца крымінальная справа аб паклёпе. Калі я толькі прыехаў у Беларусь, то першым судовым працэсам, які я наведаў, быў працэс паводле справы Чыгіра ў Вярхоўным судзе. Я тады казаў, што спрабую зразумець, як працуе судовая сістэма Беларусі. На жаль, мне даводзіцца вывучаць яе зноў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG