Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІ ЗЬВЯЗ І РАСЕЯ ПРАЦЯГНУЦЬ КАНСУЛЬТАЦЫІ Ў ПРАБЛЕМЕ РАСЕЙСКАГА ТРАНЗЫТУ Ў КАЛІНІНГРАД


Натальля Судлянкова, Прага

Брусэль пакуль не згаджаецца ісьці на кампрамісы адносна магчымасьці бязьвізавага для расейцаў перасячэньня мэжаў аб’яднанай Эўропы.

Наступны раўнд перамоваў паміж Эўразьвязам і Расеяй адносна транзыту ў Калініград заплянаваны на наступны аўторак. Але вельмі мала спадзяваньняў на тое, што цягам гэтае сустрэчы будзе дасягнуты пэўны прагрэс.

Абодва бакі зьбіраюцца яшчэ больш цьвёрда, чым раней, стаяць на сваіх пазыцыях.

Эўразьвяз настойвае на тым, каб будучыя сябры Эўразьвязу – Літва і Польшча – уводзілі візавы рэжым для расейскіх грамадзян, што едуць у Калінінград. Афіцыйныя асобы з Брусэлю заяўляюць, што сувэрэнітэт абедзьвюх краінаў – гэта пытаньне, у якім кампрамісы немагчымыя. Эўразьвяз таксама настойвае на агульным рэжыме для ўсіх сваіх межаў.

Прэсавы сакратар Эўрапейскай камісіі ў пытаньнях юстыцыі і ўнутраных справаў Леанэла Габрычы ў размове з карэспандэнтамі Радыё Свабода заявіў наступнае:

(Габрычы: ) “Агульна прынята, што ўнутраныя межы – гэта ёсьць унутраныя межы, а зьнешнія межы застаюцца зьнешнімі. Я хачу сказаць, што немагчыма мець мяжу, якая б адначасова была і ўнутранай, і зьнешняй”.

Расея, у сваю чаргу, настойвае на ўвядзеньні спэцыяльнага статусу для жыхараў Калінінграда. Прэзыдэнт Расеі Пуцін нават назваў пазыцыю Эўразьвязу ў гэтым пытаньні горшай, чым халодная вайна, таму што такі падыход разьдзяляе сувэрэнную Расею. Пуцін заявіў таксама, што на гэта Расея ніколі не згадзіцца.

Некаторыя расейскія аналітыкі лічаць, што галоўным у пазыцыі Расеі зьяўляецца ня столькі жаданьне забясьпечыць сваім грамадзянам магчымасьць без усялякіх перашкодаў езьдзіць з адной часткі краіны ў іншую, колькі жаданьне даказаць сваю ролю моцнага суб’екта ў міравой палітычнай сыстэме.

Дарадца прэзыдэнта Расейскага зьвязу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандра Вольскага Міхаіл Малюцін заявіў, што патрабаваньні і прыярытэты жыхароў Калініграда адрозьніваюцца ад таго, што заяўляюць расейскія ўлады.

(Малюцін: ) “Большая частка жыхароў Калінінграда не была ў Расеі ўжо доўгі час. Згодна з той статыстыкай, якую я бачыў, нават ва ўмовах ранейшых магчымасьцяў перамяшчэньня за пэрыяд з 1992 па 2002 год ў Расею выяжджала менш за 10% насельніцтва”.

Літаральна ўчора зьявілася новая прапанова, як вырашыць сытуацыю са статусам Калінінграда. Віцэ-прэзыдэнт Расейскага зьвязу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Ігар Юргенс паведаміў, што існуе выйсьце ў выглядзе датаваных авіярэйсаў з Калінінграду да Расеі. Юргенс лічыць, што гэтая ідэя можа быць рэалізаваная толькі ў тым выпадку, калі кошт квіткоў на самалёты будзе набліжацца да кошту чыгуначных. Таксама Юргенс заявіў, што ёсьць і варыянт хуткаснага цягніка, які праходзіў бы без прыпынкаў па тэрыторыі Літвы і Польшчы.

Дарэчы, вэтэранам і інвалідам Калінінградзкай вобласьці будзе кампэнсавацца кошт транзыту па тэрыторыях дзяржаваў Балтыкі і Беларусі. Аб гэтым паведаміў ўчора расейскі Дэпартамэнт урадавае інфармацыі.

Дарэчы, з 980 тысячаў жыхароў Калінінградзкае вобласьці болей за 100 тысячаў – этнічныя беларусы.Гэта другая па колькасьці пасьля расейцаў нацыянальная група ў рэгіёне. Натуральна, магчымыя зьмены ў статусе Калінінграду прывядуць да таго, што гэтым людзям будзе больш цяжка езьдзіць да сваіх родных. Існуе яшчэ адное пытаньне. Беларусь мае бязьвізавы рэжым з Расеяй і агульную мытную зону.

Як нам паведаміў кіраўнік калінінградзкага аддзяленьня беларускае амбасады ў Расеі спадар Заламай, перамовы аб пэўным адмысловым візавым рэжыме для беларусаў таксама вядуцца, хаця і ня ёсьць настолькі гучнымі. Безумоўна, канчатковае рашэньне гэтага пытаньня будзе залежаць ад выніку перамоваў паміж Масквой і Брусэлем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG