Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЭСКАЯ ПАЛІЦЫЯ ПРАДУХІЛІЛА ЗАБОЙСТВА ЖУРНАЛІСТКІ


Натальля Судлянкова, Прага

Цяжка было нават уявіць сабе, што ў Чэхіі гэта можа здарыцца. Але былы генэральны сакратар чэскага міністэрства замежных справаў Карэл Срба быў затрыманы і абвінавачаны ў тым, што замовіў забойства вядомай чэскае журналісткі Сабіны Слонкавай.

Гісторыя іхнага канфлікту пачынаецца 28 сакавіка 2001 году. У гэты дзень Сабіна Слонкава і яе калега Іржы Кубік надрукавалі ў газэце “Mlada Fronta – Dnes” артыкул аб дзіўных паводзінах былога генэральнага сакратара чэскага МЗС спадара Србы. Яго падазравалі ў тым, што ён падрыхтаваў дамову на арэнду так званага “Чэскага дому” ў Маскве, у выніку падпісаньня якой чэская дзяржава страціла больш за тры мільёны даляраў.

Праз тры месяцы зьявіўся новы артыкул. У ім тыя ж журналісты апісалі мінулае спадара Србы і абвінавацілі таго ў супрацоўніцтве з ваеннай выведкай.

Літаральна яшчэ праз два тыдні быў надрукаваны вялікі артыкул, у якім Слонкава і Кубік падрабязна знаёмілі чытачоў зь біяграфіяй былога чыноўніка. Артыкул дапаўняў невялікі ўспамін аб тым, як Срба прыйшоў на сустрэчу з журналістамі разам са сваім сябрам, які пачаў пагражаць Сабіне і Іржы.

На пачатку сакавіку гэтага году зьявіўся артыкул аб маёмасьці Карэла Србы коштам больш за 300 тысячаў даляраў, якую той ня мог задэкляраваць. Як сказала сама спадарыня Слонкава: “Мы паглядзелі на ягоную маёмасьць і прыйшлі да высновы, што ён накапіў столькі, колькі аніводзін чыноўнік з заробкам 40 тысячаў крон накапіць ня мог”.

Срба патлумачыў, што грошы атрымаў ад сваёй маткі, якая ўсё жыцьцё працавала ў невялікай фірме. Тая на пытаньні журналістаў адказала, што, нібыта, мільёны крон яна паступова сабрала па крысе ці знайшла ў нейкім сховішчы, што засталося па памёрлым мужы.

Але маёмасьцю Србы зацікавіліся фінансавыя органы і паліцыя. Аб гэтым быў апошні артыкул, які зьявіўся 25 сакавіка 2002 году.

Відаць, менавіта ён стаў той кропляй, якая была апошняй для Карэла Србы. Як заяўляюць прадстаўнікі паліцыі, ён пачаў рыхтаваць забойства журналісткі.

Адразу гэта не атрымалася. Урэшце рэшт знайшлі нейкага наркамана Карэла Рзіпэла, які спачатку нібыта мусіў узарваць Слонкаву семтэксам. Потым было вырашана яе застрэліць, а ў дадатак парэзаць твар, каб адразу яе не пазналі. Але менавіта гэты патэнцыйны забойца і стаў так званым “слабым зьвяном” ва ўсім ланцугу. Наёмны забойца пабаяўся выконваць тое, што абяцаў і пайшоў у паліцыю.

Як пазьней заявілі прадстаўнікі паліцыі, ад сьмерці журналістку аддзялялі літаральна гадзіны. Адразу было прынята рашэньне дзейнічаць.

Да Слонкавай прыехалі паліцэйскія і забралі яе ў невядомае месца. Для ўсяго сьвету яна зьнікла. Нібыта памёрла. Ёй былі практычна забароненыя кантакты са сьветам. У гэты час паліцыя надрукавала невялікі артыкул у адной з газэтаў, у якім было напісана, што знойдзена цела невядомай жанчыны, якая загінула ў выніку выбуху.

Патэнцыйны забойца зьвярнуўся да сваіх гаспадароў па грошы. Менавіта з гэтае размовы і пачаўся працэс дасьледаваньня. Паступова прыйшлі да канчатковага зьвяна – чалавека, які замаўляў забойства. У момант разьліку былі затрыманыя пасярэднікі паміж Рзіпэлам і Србам. Сам Срба быў затрыманы ў пятніцу, калі ягоная роля ў арганізацыі забойства ўжо практычна не падлягала сумневу.

Пад вялікім пытаньнем апынулася зараз і кар'ера новага старшыні Генэральнай Асамблеі ААН Яна Кавана. Сьпікер чэскага парлямэнту Любамір Зааралек заявіў, што палітыкі мусяць несьці адказнасьць за тых людзей, якіх прыводзяць да ўлады.

Былы міністар замежных справаў Чэхіі Ёзэф Зелянец заклікаў Яна Кавана адысьці зь міжнароднае пасады.

Як паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода былая намесьніца міністра ўнутраных справаў Пятрушка Шустрава, у свой час Ян Каван даваў магчымасьць Карэлу Србу фактычна кіраваць міністэрствам замежных справаў.

(Шустрава: ) “Я не магу зразумець, як увогуле ці можа быць магчымым, што Ян Каван доўгі час супрацоўнічаў з чалавекам і нават не заўважыў, што той быў вымагальнікам і гангстэрам”.

Міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” заклікала як мага больш жорстка пакараць тых людзей, што зьяўляюцца арганізатарамі забойства. Генэральны сакратар гэтае арганізацыі Робэрт Мэнард заявіў, што Чэская рэспубліка мусіць канчаткова адысьці ад практыкаў, якія і дагэтуль зьяўляюцца звычайнымі для краінаў былога Савецкага Саюзу.

Мэнард падкрэсьліў, што напярэдадні далучэньня да Эўразьвязу паліцыя і суд у Чэскай рэспубліцы мусяць прадэманстраваць, што не пацярпець кампрамісаў, калі закранаецца свабода прэсы.
XS
SM
MD
LG