Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕ ЗНАХОДЗІЦЦА ЗАХОДНЯЯ МЯЖА РАСЕІ?


Алесь Грыневіч, Менск

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла з гэтай нагоды накіравала на адрас Міністэрства замежных справаў Расеі ноту пратэсту. А вось Міністэрства замежных справаў Беларусі ніяк не рэагуе на словы расейскага міністра.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла лічыць сьвядомай зьнявагай Беларусі словы расейскага міністра замежных справаў Ігара Іванова аб транзыце “праз тэрыторыю Літвы ад адной расейскай мяжы да другой”.

У ноце на адрас Міністэрства замежных справаў Расеі старшыня БНР піша: “Гэтыя словы выяўляюць ігнараваньне Масквой Беларусі як незалежнай і сувэрэннай дзяржавы, што абсалютна недапушчальна ў практыцы міждзяржаўных стасункаў”.

А як расцэньваюць словы Ігара Іванова ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі? Я зьвярнуўся па камэнтар да прэсавага сакратара МЗС Паўла Латушкі.

(Латушка: ) “Наконт інтэрпрэтацыі словаў міністра замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі мы раілі б вам зьвярнуцца ў Міністэрства замежных справаў Расеі альбо ў пасольства Расеі ў Менску”.

У Міністэрстве замежных справаў Расеі ад камэнтару словаў свайго кіраўніка таксама адмовіліся.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць словы Ігара Іванова агаворкай, але вельмі небясьпечнай.

(Саньнікаў: ) “Я лічу, што гэта не была сьвядомая заява, гэта была агаворка, але ж гэта больш небясьпечна для нас. Я хацеў бы прыгадаць, што калісьці прэм’ер-міністар Расеі падпісваў з Польшчай пагадненьне пра газаправод, які павінен быў ісьці праз тэрыторыю Беларусі, і тады таксама (і нават палякі падтрымалі гэта) Чарнамырдзін заяўляў, што гэты трубаправод будзе ісьці ад заходняй мяжы Расеі. І тое, што робіць зараз Іваноў — гэта даволі звычайная для расейскіх палітыкаў справа. Шмат хто ў Маскве лічыць, што тэрыторыя Беларусі нібы ўжо зьяўляецца тэрыторыяй Расеі”.

Андрэй Саньнікаў лічыць, што віна за ігнараваньне Беларусі, як незалежнай дзяржавы, расейскімі палітыкамі збольшага ляжыць на цяперашнім беларускім кіраўніцтве. На ягоную думку, на словы, падобныя да заявы Ігара Іванова ў інтэрвію “Известиям”, мусіла б рэагаваць Міністэрства замежных справаў Беларусі. Саньнікаў лічыць, што цяперашняе кіраўніцтва ня здолее зьмяніць сытуацыю, калі расейскія палітыкі ігнаруюць незалежнасьць Беларусі.

(Саньнікаў: ) “Спробы могуць быць зробленыя, але ж ніякага плёну тут нельга чакаць, таму што сувэрэнітэт павінен найперш абапірацца на нацыянальную сьвядомасьць, на народ Беларусі, на культуру, гісторыю, мову, а гэтага нічога няма ў гэтых уладаў. Яны адмаўляюць народу на права існаваньня ў гэтых парамэтрах — культурных, моўных, гістарычных”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG