Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЛУКАШЭНКІ ЁСЬЦЬ ШЭРАГ РЫЧАГОЎ, КАБ УПЛЫВАЦЬ НА РАСЕЮ – АЛЕ РЫЧАГІ РАСЕІ МАЦНЕЙШЫЯ


Юры Дракахруст, Прага

(Арлоў: ) “З майго гледзішча тое, што адбылося з прадстаўніцтвам кампаніі “Транснефтепродукт” у Беларусі ня мае прэцэдэнтаў у адносінах краінаў СНД з Расейскай Фэдэрацыяй. Бішкецкія пагадненьні у той частцы, у якой яны рэгулявалі статус такіх нафтапрадуктаправодаў, на мой погляд, абсалютна адназначныя. І права ўласнасьці Расеі на гэтыя аб’екты бясспрэчнае. І мяне зьдзіўляе пазыцыя беларускага прэзыдэнта і беларускага ўраду. Фактычна заяўлена аб нацыяналізацыі расейскага прадпрыемства. Мне здаецца, што гэта супярэчыць ня толькі Бішкецкім пагадненьням, але і прызнаным нормам міжнароднага права і духу нармальных адносінаў да ўласнасьці.

Я лічу, што такое рашэньне беларускага кіраўніцтва зьвязанае з асабістай пазыцыяй Лукашэнкі і тлумачыцца ахалоджаньнем адносінаў паміж Пуціным і Лукашэнкам”.

(Дракахруст: ) “Сп. Арлоў, ці ўзьнікалі такога кшталту канфлікты паміж Расеяй і, скажам, Украінаю ці Казахстанам? Гэтыя краіны ж таксама падпісалі ў Бішкеку ў 1992 годзе пагадненьне пра перадачу нафтапрадуктаправодаў Расеі?”

(Арлоў: ) “Канфлікты разнага кшталту ўзьнікалі. Але ніводная з гэтых дзяржаваў дагэтуль ня ставіла пад сумнеў Бішкецкія пагадненьні з пункту гледжаньня ўласнасьці. Вядома, што гэтую ўласнасьць Расея атрымала не задарма. Мы атрымалі яе ў абмен на прызнаньне ўсіх даўгоў СССР даўгамі Расеі. Мы ўзялі на сябе шэраг іншых абавязкаў. Тады гэта не было вынікам ціску Расеі, гэта была салідарная пазыцыя ўсіх краінаў. І тое, што зараз прэзыдэнт Лукашэнка спрабуе перагледзець гэтыя пагадненьні, наўрад ці пойдзе яму на карысьць”.

(Дракахруст: ) “Сп. Арлоў, нават прадстаўнік МЗС Расеі ва ўчарашняй рэзкай заяве прызнаў, што няма ўсіх юрыдычных дакумэнтаў, якія б замацоўвалі права ўласнасьці Расеі на гэты нафтапрадуктапровад. Ці ня вынікае з гэтага, што пазыцыя Расеі не такая ўжо і бясспрэчная?”

(Арлоў: ) “Так, Вы маеце рацыю. Некаторыя краіны сапраўды ня вырашылі некаторыя тэхнічныя пытаньні, зьвязаныя з Бішкецкім пагадненьнем. Але гэта не азначае, што пытаньне ўласнасьці ёсьць спрэчным. Гэта азначае, што Беларусь не прывяла статус гэтых нафтапрадуктапровадаў у адпаведнасьць зь Бішкецкімі пагадненьнямі. Але сапраўды поўнае права ўласнасьці ўзьнікае, калі аформленыя ўсе належныя дакумэнты. Тут Вы маеце рацыю, іх няма, але паўтараю, гэта зьвязана ня з тым, што права ўласнасьці Расеі невідавочнае, а з тым, што беларускі бок цягне з афармленьнем гэтага права”.

(Дракахруст: ) “Вы ўжо казалі, што хутчэй за ўсё прычынаю гэтага канфлікту стаў палітычны канфлікт паміж Пуціным і Лукашэнкам. І рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі адносна “Транснефтепродукт” можа быць адказам, напрыклад, на дэманстратыўную занепакоенасьць Крамля справамі зьніклых грамадскіх дзеячоў у Беларусі. На Ваш погляд, ці будзе працягвацца гэты “абмен ударамі”?

(Арлоў: ) “Мне падаецца, што ўсё тут будзе залежыць ад пазыцыі беларускага боку. Калі Лукашэнка зацікаўлены ў эскаляцыі канфлікту, ён зробіць пэўныя крокі. Але я ня думаю, што Пуцін у гэтым выпадку адступіць. Лукашэнка сапраўды можа стварыць пэўныя праблемы для расейскай эканомікі. Тарыф на перапампоўваньне нафты празь Беларусь значна ніжэйшыя, чым праз Латвію, і калі Беларусь яго ўзьніме, гэта будзе пэўнай праблемаю. Расеі тады, магчыма, давядзецца рабіць крокі ў адказ па газу. Акрамя таго прэзыдэнт Беларусі можа зрабіць крокі да аслабленьня абароназдольнасьці Расейскай Фэдэрацыі. Беларусь і ваеныя базы на яе тэрыторыі ўваходзяць у сыстэму апэратыўнага разгортваньня.

Такім чынам у Лукашэнкі ёсьць шэраг рычагоў, каб уплываць на Расею. Але я ня думаю, што гэтыя рычагі мацнейшыя за тыя, якія мае Расея”.
XS
SM
MD
LG