Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЛЬВОЎШЧЫНЕ ЗНОЙДЗЕНАЕ МАСАВАЕ ПАХАВАНЬНЕ АХВЯРАЎ КАМУНIСТЫЧНАГА ТЭРОРУ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Два гады Володымыр Далганюк жыў у невялiчкiм спартанскiм пакойчыку ў кляштары i вывучаў слова Божае. І ня ведаў, што пад падлогаю знаходзяцца вынiкi мярзотнага зла. Аднойчы хтосьцi вырашыў дабрацца да сутарэньня будынку 17 стагодзьдзя i наткнуўся на некалькi касьцей. А далей знаходзiлi ўсё болей i болей касьцей. Калi цалкам разграблi друз у катакомбе, там выявiлi парэшткi 225 чалавек, замардаваных тайнай савецкай палiцыяй пасьля другой усясьветнай вайны. Так пачынаецца артыкул “Раскапаныя злачынствы”.

Пра адкрыцьцё агульнай магiлы ў сутарэньнях базыльлянскага кляштару ў невялiчкiм заходнtўкраiнскiм гарадку Жоўква выклiкала агiду, але не зьдзiўленьне ў людзей, што жывуць у гэтым куточку былой савецкай iмпэрыi, – пiша “Washington Post”. Мясцовы праваабаронца Евген Грынiв лiчыць, што трэба супрацьстаяць мiнуламу дзеля будучынi, а тут кожнае месца зьвязанае з трагедыяй. З 225 выяўленых целаў 80 належаць дзецям. Некалькi касьцей да таго маленькiя, што адмыслоўцы мяркуюць, што яны належылi чатырохмесячнаму зародку. Шэраг чарапоў маюць дзiркi ад куляў, iншыя – трэшчыны, мабыць, ад сякеры цi малатку. Целы не былi пакладзеныя на спачын, як пры звычайным пахаваньнi, а проста скiнутыя. Нiякiх гузiкаў, рамянёў, падэшваў абутку – верагодна, што людзей кiдалi ў сутарэньне голымi.

Хто яны, гэтыя людзi, i як сюды патрапiлi – застаецца таямнiцай. Але старажылы адзiнаццацiтысячнага гарадку непадалёку ад Львову кажуць, што пасьля другой усясьветнай вайны кляштар быў заняты НКВД. На думку дасьледчыкаў, гэта парэшткi ўкраiнцаў, якiя сталi ахвярамi кампанii савецкай улады ва ўтаймаваньнi супрацiву вобласьцi бальшавiцкаму рэжыму пасьля паразы нацысцкай Нямеччыны. Жыхары вобласьцi, уключанай у склад СССР у 1939 годзе, калi Сталiн i Гiтлер падзялілi Польшчу, у гады вайны змагалiся супраць фашызму, а ў 1950-х гадох – з Саветамi.

Шмат хто з жыхароў Жоўквы думае, што згубленыя iмi сваякi маглi знаходзiцца ў гэтай магiле. Але наўрад ці яны даведаюцца, цi сапраўды гэта так, бо праз паўстагодзьдзе цяжка iдэнтыфiкаваць парэшткi. Калi ня зьявiцца сапраўдны сьведка, або Расея не пакажа дакумэнты аб тым, каго тут забiвалi, тайна базыльлянскага кляштару застанецца тайнай. Мясцовы пракурор распачаў крымiнальную справу. А пакуль перадусiм мясцовыя праваабаронцы i ўдзельнiкi антыбальшавiцкага супрацiву спрабуюць разгадаць тайну кляштару.

Гэта немаладыя людзi, якiя шмат гадоў выяўляюць iмёны ахвяраў таталiтарызму i ўжо занесьлi ў сьпiсы ахвяраў Саветаў у Заходняй Украiне 1944 – 1954 гадоў каля 8 тысячаў iмёнаў.

Праз паўстагодзьдзе Ўкраiна нарэшце паварочваецца тварам да ўдзельнiкаў Украiнскага Паўстанцкага Войска – ўзброенага крыла Арганiзацыi Ўкраiнскiх Нацыяналiстаў. Украiнскi ўрад нядаўна прапанаваў прызначыць iм пэнсii, гэтаксама як i вэтэранам Чырвонай Армii. Прыхiльнiкi камунiстаў, гэтаксама як i расейцы, лiчаць прапанову жахлiвай. Горбаль, 76-гадовы ўдзельнiк антыбальшавiцкага супрацiву, якi адбыў у савецкiх лягерах 14 гадоў, перакананы, што тыя людзi, якiя змагалiся за незалежнасьць Украiны i ад палякаў, i ад немцаў, i ад Саветаў павiнны быць ушанаваныя урадам незалежнай краiны – хай не як героi, а проста як паважаныя людзi.

Яшчэ адзiн праваабаронца, 65-гадовы Грынiв, не змагаўся са зброяй, але ён ужо 10 гадоў дасьледуе невядомыя магiлы. Ягоная група знайшла 16 масавых пахаваньняў у Заходняй Украiне, у некаторых – сотнi целаў. Грынiв ладзiць цырымонii перазахаваньня мёртвых i марыць пра стварэньне музэю iхнай памяцi. Але пакуль ня мае падтрымкi ўладаў. І часта прамаўляе тост “за посьпех нашай безнадзейнай справы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG