Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗНЫЯ АКТЫВІСТЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ПРЫЗНАЧЭНЬНЯ КОЗІКА Й ЗЬБЯДНЕНЬНЯ НАСЕЛЬНІЦТВА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня на менскую плошчу Бангалор прышло 13 актывістаў Беларускага прафсаюзу Аўтасельгасмашу на чале са сваім лідэрам Аляксандрам Бухвоставым. У руках яны трымалі прафсаюзныя сьцягі й транспаранты з надпісамі: "Так працы – не жабрацтву народу!", "Мы пратэстуем супраць парушэньня правоў прафсаюзаў" ды іншымі.

Лідэр прафсаюзу й арганізатар пікету Аляксандар Бухвостаў сказаў, што акцыю яны плянавалі яшчэ да таго пленуму, на якім быў зьняты кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Франц Вітко і абраны былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Леанід Козік.

Таму сёньня да лёзунгаў з патрабаваньнем годнага жыццья для беларусаў актывісты прафсаюзу далучылі й патрабаваньні спыніць дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў справы прафсаюзнай фэдэрацыі. Гаворыць Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) "У нас няма рэзэрву падвышэньня заробку фактычна на ніводным прадпрыемстве. І ўсе тыя запэўніваньні прэзыдэнта й ураду пра тое, што будзе падвышацца зарплата, маўляў, ёсьць кантрольныя лічбы 250 даляраў да 2005 году – усё гэта застаецца блефам. Не атрымаецца, бо ў наступныя два гады можа цалкам абрынуцца прамысловасьць. Таму мы сёньня вырашылі выйсьці, каб паказаць, што ёсьць прафсаюзы, якія не пагадзіліся з рашэньнем падпарадкаваць фэдэрацыю прафсаюзаў дзяржаве. Ёсьць незалежныя прафсаюзы й яны будуць. Задача пікету – прадэманстраваць, што мы ёсьць".

Актывісты прафсаюзу Аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня падзяляюць думку свайго лідэра:

(Кабета: ) "Мяне прывяло на гэтую акцыю беззаконьне. Тое, што робіцца цяпер у Беларусі, інакш назваць нельга".

(Іншая кабета: ) "Абрыдла так жыць, трэба ж неяк свае правы адстойваць. Вось мы тут і сабраліся. Трэба ж паказваць, што мы ёсьць, што мы можам адстойваць свае правы".

Аляксандар Бухвостаў сказаў, што ён і ягоныя калегі будуць змагацца супраць парушэньня правоў прафсаюзаў і маюць намер выставіць на зьезд фэдэрацыі, які мае адбыццыа на пачатку верасьня, сваю кандыдатуру на старшыню.

Нешматлікасьць жа сёньняшняй акцыі Аляксандар Бухвостаў тлумачыў разгубленасьцю лідэраў галіновых прафсаюзаў пасьля навязаньня Фэдэрацыі ў якасьці старшыні асобы Леаніда Козіка.

Нешматлікія мінакі таксама падтрымліваюць прафсаюзы, перадусім у справе сацыяльнай абароны працаўнікоў:

(Спадарыня: ) "Мы ж усё мелі ад прафсаюзаў. Бюлетэні нам плацілі як трэба. Дзецям пуцёўкі давалі ў піянэрскія летнікі. Нам трэба зарплату падвышаць, няма за што жыць".

(Іншая кабета: ) "Іду з крамы й думаю: "Чым карміць?" Паўкілё сасісак купіла й пакет кефіру. Што, гэта для мужчыны харчаваньне? Я ўжо пра сябе й не кажу".

Акцыя была санкцыяванай, таму міліцыя не перашкаджала яе правядзеньню. Толькі адзін міліцыянт перапісаў зьмест лёзунгаў, што трымалі пікетоўцы.

Гарадзкія ўлады дазволілі прафсаюзным актывістам праводзіць пікеты цягам усяго гэтага тыдня, аднак ці скарыстаюцца яны гэтай магчымасьцю, стане вядома заўтра, пасьля нарады кіраўніцтва прафсаюзу.
XS
SM
MD
LG