Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ МУЗЫКА Ў АЙЧЫННЫМ FM-ЭФІРЫ. ЧАСТКА 1


Зьміцер Падбярэскі, Менск

Удзельнікі: генэральны прадусар і ды-джэй “Альфа-радыё” Сяргей Кузін, ды-джэй і прамоўтэр “Радыё Рокс” Адам Старповіч.

Цяперашні айчынны FM-эфір для многіх беларусаў — справа шмат у чым загадкавая. Ды хоць бы таму, што ўласна айчыннай музыкі на хвалях беларускіх радыёстанцыяў гучыць яўна замала. Адрозна ад суседніх з намі краінаў — Літвы, Польшчы, Украіны, ня кажучы ўжо пра Расею. З Расеяй, прызнацца, усё зразумела: уплыў расейскіх папулярных выканаўцаў адчувальны ў вялікім рэгіёне.

Зь іншага боку, сёньня не выпадае казаць пра тое, што папулярная музыка ў Беларусі як такая адсутнічае, што тэхнічны бок запісаў не адпавядае патрабаваньням FM-станцыяў. Аднак беларуская музыка ў найбольш пашыраным радыёдыяпазоне па-ранейшаму — рэдкі госьць. Чаму?

Паспрабаваць высьветліць прычыны гэтай зьявы, паразважаць пра тое, што могуць зрабіць нашыя радыёстанцыі дзеля папулярызацыі беларускай музыкі, мы запрасілі ў студыю ды-джэя і прамоўтэра “Радыё Рокс” Адама Старповіча і генэральнага прадусара, а таксама ды-джэя “Альфа-радыё” Сяргея Кузіна.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Пачаць гутарку хацелася б са статыстыкі. Які прыблізна адсотак займаюць творы беларускіх музыкантаў у эфіры вашых радыёстанцыяў і ці можа гэты адсотак вырасьці, за кошт чаго?”

(Сяргей Кузін: ) “Я ня згодны з прэамбулай — у тым сэнсе, што я ня ведаю сытуацыю з польскім FM-эфірам, але ва ўкраінскі інтэграваны вельмі актыўна, працую з адной з кіеўскіх станцыяў, займаюся майстар-клясамі ва Ўкраіне, таму магу сказаць, што там прыблізна такія ж суадносіны, як і ў Беларусі, між расейскай і ўкраінскай папулярнай музыкай.

Сытуацыя такая: на “Альфе” прыкладна 7–9% (у залежнасьці ад пары году) ад расейскай, расейскамоўнай музыкі, якая ў сваю чаргу складае адну траціну наогул ад фармату, прадстаўляюць беларускіх выканаўцаў. Такім чынам, калі браць 30% — гэта музыка на славянскіх мовах, зь іх кожная трэцяя прыкладна музыка на мове беларускай. Прыкладна 6–7 песень мы іграем на ўкраінскай мове і песень 8–9, 10 там — на расейскай мове. Якраз той прыклад, калі ў нас такая своеасаблівасьць... Але ў адносінах да заходняй музыкі саступае”.

(Падбярэскі: ) “А на “Роксе”?”

(Адам Старповіч: ) “Я магу сказаць, што ў нас адмысловай статыстыкі не вядзецца, колькі выконваецца беларускіх песень. Я магу сказаць толькі адно, што песьні не на заходніх мовах, не на ангельскай, францускай мовах — гэта прыкладна адна дзясятая частка ад эфіру “Радыё Рокс” адпаведна, калі карыстацца такім самым падыходам, як Сяргей. Ад гэтых дзесяцёх умоўна адсоткаў прыкладна столькі ж — гэта значыць дзесяць умоўных адсоткаў — песьні на беларускай мове. Ну, можа, трошкі больш”.

(Падбярэскі: ) “Гэты працэнт патэнцыйна можа вырасьці? За кошт чаго?”

(Кузін: ) “Так, безумоўна. На мой погляд, за кошт эканомікі, наогул прычым. Эканомікі музычнай. У вас быў вельмі правільны пасыл. На мой погляд, якасьць нашых студыяў не як быццам, а сапраўды саступае па аснашчанасьці тым жа ўкраінскім.

Мне ня вельмі хочацца прыводзіць як прыклад Расею ў гэтым сэнсе, таму што там усе студыі згрупаваныя ў Маскве, а рэдкія прыклады Цьверы і Екацярынбургу зьяўляюцца хутчэй выключэньнем — гэта крымінальныя грошы. А Ўкраіна, на мой погляд, найбольш удалы паказчык.

Гэта дзяржаўная падтрымка бізнэсу, вытворчасьць музыкі, і тыя людзі, якія там інвэстуюць уласныя грошы ў музычную прадукцыю, у прыватнасьці, у студыі, карыстаюцца вельмі сур’ёзнымі падатковымі льготамі ад дзяржавы. Гэта ж датычыць і вытворчасьці музыкі як такой — і аўдыёкасэтаў, і CD. Таму больш слушна зьвяртаць свае погляды на Ўкраіну — у тым сэнсе і параўнаньне, канечне, не на нашу карысьць.

Папулярная музыка — у дадзены момант “U2”, Бона, закрыў тэму, сказаў, што цяпер ужо даўным-даўно спаборнічаюць гукарэжысэры, спаборнічаюць саўнд-прадусары, спаборнічаюць ідэолягі. Ён лічыць, што музыка наогул скончылася ў ХІХ стагодзьдзі, я зь ім недзе згодны на ўзроўні ідэі, вось таму павелічэньне павінна адбывацца за кошт паляпшэньня якасьці прадукцыі.

Паняцьці нават 10-гадовай даўніны — памятаеш, гэтыя хукі ў прыпевах, усе гэтыя “Белые розы” і гэтак далей — гэта ўсё прайшло. Слухач патрабуе якасьці. І для мяне няма розьніцы: беларуская мова, расейская мова. Калі ў мяне будзе магчымасьць — а я лякальная станцыя — пры двух амаль аднолькавых трэках я выберу, канечне, беларускі, таму што гэта больш запатрабавана”.

(Падбярэскі: ) “Гэта яшчэ і мясцовая інфармацыя”.

(Кузін: ) “Так!”

(Падбярэскі: ) “Скажыце, калі ласка, наколькі прысутнасьць у эфіры айчыннай музыкі залежыць ад скіраванасьці таго ці іншага радыё на аўдыторыю? Аўдыторыя ў “Рокса” і “Альфы” розная”.

(Кузін: ) “Яна розная, сапраўды, але ў частцы даходнай аўдыторыі мы вельмі істотна перасякаемся адно з адным. Ёсьць адзін кампанэнт, у якім мы змагаемся за слухача, — гэта слухачы з дастаткам, слухачы, якіх мы для сябе ўмоўна называем “тыя, хто прымае рашэньні”. У гэтай частцы аўдыторыі мы з “Роксам” канкурэнты”.

(Старповіч: ) “Мы арыентуемся на розныя жанравыя прыхільнасьці слухача, гэта будзе, напэўна, больш слушна. А наконт таго, ці можна пашырыць колькасьць беларускіх выканаўцаў у ратацыі, натуральна, тут усё абсалютна вельмі слушна і рацыянальна сказаў Сяргей. Ня будзе шоў-бізнэсу — ня будзе беларускай музыкі ў FM-эфіры. Гэта абсалютна залежныя адна ад адной рэчы.

Што такое пракрутка на FM-станцыі той ці іншай песьні? Гэта фактычна рэкляма выканаўцы. Пакуль выканаўца альбо ягоны прадусар ня здолее нармальна запісаць свайго падапечнага, да той пары ён ня трапіць у FM-эфір. Абсалютна гэта правільна і слушна”.

(Кузін: ) “Мяне крыху турбуе сытуацыя: прыходзіць чалавек і кажа: “Я запісаў песьню на беларускай мове пра нашу культуру, пра нашу радзіму” — ну, і гэтак далей. Я да ўсяго гэтага абсалютна без сарказму стаўлюся, але гэта ж трэба слухаць, гэта ж не статут! Гэта павінна быць прыгожа, павінна быць камфортна ў маім выпадку, таму што я не займаюся выхаваньнем, я — камэрцыйная станцыя.

Спакойна кажу, што я не займаюся культасьвет-адукацыяй нашага насельніцтва. Калі напляваць на гэта ўсім дзяржаўным структурам, Міністэрству культуры і гэтак далей, якія проста нічога не прадаюць, хоць маюць усе магчымыя і немагчымыя мажлівасьці накрыць сеткай рэспубліку, рабіць гэта на максымальна магчымым узроўні нават бяз гэтых практычна грошай.

Я хачу зарабляць. А як можна зарабляць? Добрыя грошы за добры прадукт. Аднак калі песьня зробленая ў менскім раёне Серабранка, на кухні — ну што я магу з тым парабіць? Ідэі ж ёсьць — не табе мне расказваць — капітальныя! На ўзроўні ідэі няма пытаньняў! Гэта ўжо даўно і Масква ведае, і Ўкраіна, сядзяць, як сьцярвятнікі на скалах, і пасуць. Толькі — хлоп! І ён ужо з грашыма!”

(Старповіч: ) “Усё правільна! Прабачце, але нам такія песьні стыкаваць з “A-HA”, “U2”, з тымі ж “Depeche Mode”... Аднак як іх стыкаваць? Гэта ж па якасьці ніяк ня будзе стыкавацца”.

(Кузін: ) “Ва Ўкраіне ёсьць закон: 35% эфіру павінна быць украінскамоўным і ў тэкставай частцы, і па музыцы. І калі яны прыйшлі да такога разуменьня, было зададзенае дзяржаве пытаньне: вы як сабе тое ўяўляеце? Што я буду ставіць? Ну, Мікалай Гнацюк, Юры Гуляеў і Сафія Ратару? Давайце — рабіце студыі, адчыняйце каналы. Калі ласка!

Так што, для гэтага будуць такія ж ільготы, як для вытворчасьці пампэрсаў? Што ж мы нашчадкам пакінем? І нармальна! Да 50% падаткавыя льготы! Зараз такія студыі там, такія кліпы робяць, што наогул пытаньняў не ўзьнікае! Ну, яшчэ і асаблівасьць Украіны: яна, як і Італія, на 80% сьпявае і на 20% музыку піша”.

(Падбярэскі: ) “Памыляюся я ці не, калі кажу, што чым больш у эфіры айчыннай музыкі, тым большая ўрэшце яе запатрабаванасьць? Ці гэты закон дзейнічае?”

(Кузін: ) “Попыт нараджае прапановы. Калі гэты лягічны ланцуг існуе...”

(Падбярэскі: ) “Але ж гэта ты наадварот паставіў!”

(Кузін: ) “Так, але прапанова таксама. Што ідзе за прапановай? Попыт! Мы можам круціць гэта налева, направа — усё адно гэтыя дзьве субстанцыі поруч, нікуды ад таго не падзецца! Можна казаць так, але, зноў жа, трымаючыся пэўных правілаў.

Магчыма, павінна быць альбо карпаратыўнае пагадненьне, альбо брэнды гэтыя маркотныя, што ў нас займаюцца беларускай музыкай, неяк зьбяруцца і спыняць... Ты ведаешь, што між імі адбываецца?”

(Падбярэскі: ) “Гутарку з Адамам Старповічам і Сяргеем Кузіным мы працягнем у наступным выданьні праграмы “Па-за тактам”.
XS
SM
MD
LG