Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КРАІНЕ НАДЗВЫЧАЙНАЕ СТАНОВІШЧА — ЖНІВО


Валер Каліноўскі, Менск

Накіроўваючыся на “Славянскі базар”, Аляксандар Лукашэнка пабываў на палях Віцебшчыны ды загадаў ураду і вэртыкалі забыць пра ўсё і займацца выключна жнівом. У краіне ўводзіцца надзвычайнае становішча, — заявіў ён па тэлебачаньні.

Прэсавы сакратар Лукашэнкі Натальля Пяткевіч патлумачыла Свабодзе, што надзвычайнае становішча ў сувязі з уборкай ураджаю не прадугледжвае адмены масавых мерапрыемстваў, забароны на мітынгі й шэсьці, — усё тое, што прадугледжана ў адпаведным законе. Распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі мяркуе мабілізацыю ўсіх сілаў і рэсурсаў на жніво, працу ў выходныя, прыцягненьне на ўборку гараджанаў, — патлумачыла Натальля Пяткевіч.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў назваў увядзеньне надзвычайнага становішча з нагоды жніва папулісцкім крокам:

(Лявонаў: ) “Якое надзвычайнае становішча: цудоўнае надвор’е для ўборкі. Хто працаваў — у таго цудоўны ўраджай. Магчыма, гэта заяўка на тое, каб потым можна было спаслацца на прычыны, чаму ня будзе сабрана дастаткова збожжа, тады гэта крок папулісцкі”.

Тым ня менш, надзвычайнае становішча дзейнічае. Ужо сёньня на дапамогу вяскоўцам выехала больш за тысячу мэханізатараў зь Менску. Аляксандар Лукашэнка загадаў працаваць днём і ноччу, каб да 1 жніўня скончыць кампанію. Васіль Лявонаў так ацаніў рэальнасьць выкананьня гэтага загаду:

(Лявонаў: ) “Няма чым убіраць і няма чаго ўбіраць. А гэта ўсё так — для нагнятаньня абстаноўкі”.

Тым часам у Міністэрстве сельскай гаспадаркі паведамілі, што ўбрана 29% плошчаў пры сярэдняй ураджайнасьці 27,2 цэнтнэра з гектару. У самых паўднёвых раёнах вобласьці зжалі збажыну на палове плошчаў.

Распараджэньнем А.Лукашэнкі створаны адмысловы штаб уборачнай кампаніі. Сярод адказных за ўборку ў абласьцях, якія надзеленыя шырокімі паўнамоцтвамі, — кіраўнік Нацбанку, генэральны пракурор і нават новаабраны старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік. Ягоны папярэднік Уладзімер Ганчарык такіх функцыяў у свой час не выконваў:

(Ганчарык: ) “Гэта толькі азначае, што ёсьць спроба зрабіць дзяржаўныя прафсаюзы й вярнуцца да тых часоў, калі камандавалі імі. Вось у гэтым факт. Я наогул адмоўна стаўлюся да такіх вось упаўнаважаных. Гэта дрэнны стыль, непатрэбны, і гэта не дапамагае, а перашкаджае працаваць мясцовым кіраўнікам. Там патрэбныя рэсурсы. А гэтая палка, якой падганяюць, — не найлепшая дапамога. Што, губэрнатар Віцебшчыны — нявопытны чалавек? Але гэта стыль адміністратыўнай сыстэмы”.

Лукашэнка паставіў задачу сабраць 6 мільёнаў тон зерня — дасягнуць лічбы, якая даўно застаецца невыканальнай для айчыннага АПК. Ня выканаюць і цяпер, — упэўнены Васіль Лявонаў.

(Лявонаў: ) “Заданьне можна даць і на дзесяць, але і чатырох ня будзе. Таму што дзеля гэтага нічога ня зроблена. Добры ўраджай патрабуе добрай працы, капіталаў, а гэтага не было і няма. Таму й ня будзе добрага ўраджаю”.

Паводле словаў Васіля Лявонава, у калгасах засталіся старыя камбайны, па 10–12 гадоў. Не хапае паліва. За два тыдні да пачатку ўборкі палова камбайнаў была няспраўная.

6 мільёнаў тонаў збожжа Беларусі й непатрэбныя, бо скарацілася колькасьць пагалоўя, адзначае эканамічны аглядальнік тыднёвіка “Белорусский рынок” Канстанцін Скуратовіч.

(Скуратовіч: ) “Гэтыя лічбы — 6–7 мільёнаў — яшчэ ўзятыя з савецкага часу. Сёлета колькасьць жывёлы скарацілася яшчэ на 2%. Акрамя таго, летась многія фэрмэры не змаглі прадаць сваё зерне, хлебакамбінаты і камбікормавыя заводы ня мелі грошай, каб заплаціць за гэтае зерне”.

Канстанцін Скуратовіч кажа, што гэтая сытуацыя ілюструе старую аксіёму: як адсутнасьць ураджаю, так і добры ўраджай успрымаюцца ў Беларусі як стыхійнае бедзтва. І чым лепшы ўраджай вырасьце, тым большыя будуць страты, — гэта залежыць ад стану тэхнікі, а не ад адміністратыўнага ўціску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG