Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВАПОЛАЦКІЯ РАБОЧЫЯ ПАГРАЖАЮЦЬ ПЕРАКРЫЦЬ ГАЛОЎНУЮ ВУЛІЦУ ГОРАДУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

На пачатку 1990-х на “Вымяральніку” працавала блізу 10 тысяч чалавек — па колькасьці працоўных гэта было самае вялікае прадпрыемства гораду. Сёньня там працуе паўтары тысячы чалавек, пры гэтым штомесяц плянава скарачаецца больш як 100 чалавек. Рабочыя ды інжынэры атрымліваюць мізэрныя заробкі. Так, сярэдняя зарплата інжынэра пры пяцідзённым працоўным тыдні ў траўні склала 83 тысячы 977 рублёў. У чэрвені завод перайшоў на трохдзённую працу, заробкі скараціліся, але й яны своечасова не выплачваюцца.

Яшчэ 6 сакавіка тамтэйшы прафсаюзны камітэт зьвярнуўся да заводзкай адміністрацыі з афіцыйным патрабаваньнем выкананьня працоўнай дамовы ў пляне своечасовай выплаты заробкаў. Зварот такі ня меў плёну, і 15 траўня прафкам дзеля вырашэньня калектыўнай працоўнай спрэчкі паміж прафсаюзам і адміністрацыяй падаў адпаведную заяву ў Рэспубліканскі працоўны арбітраж.

Неўзабаве на завод прыехаў кіраўнік працоўнага арбітражу па Віцебскай вобласьці Ўладзімер Зайчыкаў, з ініцыятывы якога было вырашана правесьці комплексную вытворча-гаспадарчую экспэртызу прадпрыемства, каб вызначыць яго платаздольнасьць. Экспэртызу, не пакідаючы сваіх кабінэтаў, праводзілі спэцыялісты Міністэрства прамысловасьці, і празь месяц на адрас прафкаму была прысланая папера зь пералікам мерапрыемстваў па вываду заводу з эканамічнага крызысу.

Работнікаў “Вымяральніку” аднак цікавіла іншае: калі ім выплацяць заробленыя грошы? Урэшце арбітраж вынес рашэньне, паводле якога заводзкая адміністрацыя мусіць пагасіць да 2 жніўня запазычанасьць па заробках за сакавік. На пытаньне: а чаму толькі за сакавік? — адказ быў такі: каб дамагацца выплаты заробку за красавік, травень і чэрвень, трэба склікаць прафсаюзную канфэрэнцыю і заручыцца падтрымкай працоўнага калектыву.

Такое рашэньне арбітражу было ўспрынятае рабочымі з абурэньнем. Па словах старшыні прафкаму “Вымяральніка” Галіны Шэлепавай, ёй зь цяжкасьцю, але пакуль што ўдаецца ўтрымліваць калектыў ад масавага выхаду на вуліцу. Але ня сёньня, дык заўтра рабочыя могуць выканаць сваё абяцаньне, якое прагучала на апошняй прафсаюзнай канфэрэнцыі: перакрыць на знак пратэсту галоўную вуліцу гораду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG