Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВЯЦЦА БЕЛАРУСЫ ДА НАДЗВЫЧАЙНАГА СТАНОВІШЧА З ПРЫЧЫНЫ СКЛАДАНЫХ УМОВАЎ ЖНІВА?


Ганна Соусь, Менск

Пра тое, што ў Беларусі рашэньнем Лукашэнкі ўведзенае “надзвычайнае становішча з прычыны жніва”, большасьць апытаных мной выпадковых мінакоў ня ведалі. На пытаньне, ці варта ўводзіць у Беларусі надзвычайнае становішча, адказвалі па-рознаму.

(Спадар: ) “Гэта сьмешна. ХХІ стагодзьдзе, і прымаць такія рашэньні — сьмешна”.

(Малады чалавек: ) “Я так разумею, што жыву не ў аграрнай краіне, а ў краіне, якая павінная жыць за кошт высокіх тэхналёгіяў, а ня нейкай там бульбы ці пшаніцы”.

(Спадарыня: ) “Канечне, варта. Я ў вёсцы нарадзілася. Цяпер такая сьпёка, канечне, варта”.

(Спадар: ) “Трэба было займацца да гэтага. Гэта ўжо вынік, а прычыну трэба шукаць — і яе абвяшчаць наздвычайнай сытуацыяй. Умовы надвор’я... У Беларусі іх можна прагназаваць. На маю думку, краіна даўно ўжо расьпісалася ў немагчымасьці накарміць насельніцтва”.

(Спадарыня: ) “Абавязкова. Ён мае рацыю, і дай Бог яму здароўя”.

А вось меркаваньне прадпрымальніка Яўгена, які быў вымушаны перанесьці свой бізнэс у Расею, бо ў Беларусі было практычна немагчыма працаваць:

(Яўген: ) “Ён давёў краіну да таго. Яму лепш бачна. Ён давёў краіну да такога стану, што тут ужо няма нічога надзвычайнага. Дастаткова лайдакоў у сельскай гаспадарцы, якім трэба дапамагчы адшукаць працу. Усё, што зрабіла кіраўніцтва краіны, накіраванае супраць краіны, супраць народу. Вось я толькі прыехаў з Расеі, дык там усе сьмяюцца, кажуць, што ёсьць яшчэ адная краіна ў СНД, якая ўсё змагаецца за ўраджай. А за ўраджай ня трэба змагацца, яго трэба ўбіраць”.

Так павялося, што частку выдаткаў на сяўбу і збор ураджаю ў “добраахвотна-прымусовым” парадку вымушаныя аплачваць беларускія прадпрымальнікі. Гаворыць Канстанцін Урбановіч:

(Урбановіч: ) “Я прыватны прадпрымальнік, я працую на сябе. І мне, шчыра кажучы, няма ахвоты дапамагаць Лукашэнку ці яшчэ каму, калі яны ня ў стане самі зрабіць сваю працу. Некалькі гадоў таму ён ужо абяцаў дождж. І ён даў дождж. Гэта — ягоная палітыка, і таму нічога надзвычайнага я ў гэтым ня бачу”.

Ці гатовыя людзі дапамагчы калгасьнікам сабраць ураджай? Для многіх маіх суразмоўцаў прымусовая праца ў калгасах сталася звыклай зьявай. Як прыкладам, для спадара Юрыя з Барысава:

(Юры: ) “Два гады запар танкавы завод №140 аказвае дапамогу калгасу. Сёлета я, праўда, не паехаў, у мяне дзіця хварэе. А так танкавы завод дапамагае”.

Былі й іншыя меркаваньні:

(Дзяўчына: ) “Наагул, не ад нас гэта залежыць, а ад Бога. А я і бяз гэтага паеду ў калгас на дапамогу. Я проста вясковая дзяўчына, прыйдзецца”.

(Малады чалавек: ) “Я б не паехаў. Я толькі што паступіў, я яшчэ не студэнт, мяне так ня могуць накіраваць”.

(Дзяўчына: ) “Наагул, гэтае вырашае прэзыдэнт. Калі ён так вырашыў, мабыць, гэта правільна. Гэта ж ня мы вырашаем”.

(Юнак: ) “Збор ураджаю — гэта справа тых, хто гэтым займаецца, калгасьнікаў, а ня простых студэнтаў ці іншых людзей”.

(Карэспандэнтка: ) “А Вы самі б паехалі?"

(Юнак: ) “Вядома, не. У мяне шмат іншых справаў. Я б адмовіўся”.

(Спадарыня: ) “Напэўна б паехала, калі б паслалі з працы. А што рабіць?”
XS
SM
MD
LG