Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАМОЖЦАМ “БАСОВІШЧА” СТАЎ МЕНСКІ ГУРТ “PARTYZONE”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Трынаццатае “Басовішча”, у параўнаньні з папярэднімі фэстывалямі, напэўна застанецца ў гісторыі як самае цяжкае, канечне, у музычным сэнсе. Амаль усе ўдзельнікі конкурснай праграмы гралі heavy-metal ці hardcore. Паводле адмыслоўцаў, гэта сьведчыць аб тым, што беларускі рок адпавядае сучасным сусьветным тэндэнцыям, якія пануюць у гэтым музычным стылі.

Гаворыць вакаліст гурту “PartyZone” Дзяніс Вячэрскі.

(Вячэрскі: ) “Вынікі конкурсу не зусім былі нечаканасьцю для нас, але вельмі прыемна, што мы занялі менавіта першае месца”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы ацэньваеце ўзровень вашых канкурэнтаў?”

(Вячэрскі: ) “Тут вельмі шмат гуртоў, якія могуць добра граць добрую музыку”.

Ня толькі Дзяніс Вячэрскі, але нават усе прысутныя на фэсьце зоркі беларускай рок-сцэны адзначылі высокі прафэсійны ўзровень канкурсантаў. Гаворыць вядомы музыка Алесь Памідораў:

(Памідораў: ) “Прафэсійны ўзровень значна падвысіўся. Яшчэ нават летась былі выпадкі, калі ў часе адбору гурт гучаў добра, а ўжо тут на фэстывалі – жахліва. Сёлета такіх праколаў няма. Дый “Басовішча” вельмі добра вучыць граць на прафэсійнай сцэне”.

Таму, нягледзячы на тое, што пераможца “Басовішча” быў абраны чальцамі журы адзінагалосна, выбар напэўна ня быў простым. Гаворыць сябра журы, музычны журналіст зь Менску Вітаўт Мартыненка.

(Мартыненка: ) “З аднаго боку, выбіраць было лёгка, бо ўсе гурты дастаткова прафэсійныя. А з другога – не, бо колькасьць прызоў абмежаваная, а гуртоў добрых шмат. Нават тыя, хто не атрымаў прызоў, вартыя салідных кантрактаў. Але ў краіне, дзе няма шоў-бізнэсу, гэта, нажаль, немагчыма”.

Аматары беларускага року, якіх прыехала на “Басовішча” каля васьмі тысячаў, з рашэньнем журы ў асноўным былі згодныя.

(Карэспандэнт: ) “Як вам падабаецца на “Басовішчы”?
(Слухач: ) “Вельмі падабаецца – уражаньняў шмат. Добрая атмасфэра, добры гук, адным словам – усё добра!”

(Карэспандэнт: ) “А ці згодныя вы з рашэньнем журы?”

(Слухач: ) “Так, у прынцыпе згодны. Але мае асабістыя сымпатыі былі на іншым баку”.

“На іншым баку”, гэта значыць на баку ў тым ліку і баранавіцкага гурту “Дзеі”, які ўразіў прысутных моцнымі песьнямі з хрысьціянскімі тэкстамі. Гурт “Дзеі” атрымаў адмысловую ўзнагароду арганізатараў фэсту – Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў зь Беластоку. Прыз ад гледачоў застаўся ў гайнаўскага гурту “Rock-4”. Беларускі Саюз Польшчы адзначыў музыкаў гурту “Stod” зь Менску, а прадстаўнікі самаўраду Гарадка ўручылі ўласную ўзнагароду бярозаўскаму гурту “БН”.

Няпрэдадні, а таксама ў часе фэсту можна было пачуць, што за апошнія некалькі гадоў “Басовішча” значна зьмянілася, паводле адных – у горшы бок, іншыя лічаць, што фэстываль, наадварот, стаў лепшы. Як жа зьмянілася “Басовішча”? Вось меркаваньне вэтэрана фэстывалю, лідэра гурту “Палац” Алега Хаменкі.

(Хаменка: ) “Можа становіцца лепшы, але я і сам зьмяніўся за гэты час. Я бачыў “Басовішча”, калі тут былі толькі дзьве калёнкі і ніякіх умоваў для добрых канцэртаў не было. Так што ў сэнсе сцэнічным фэстываль шмат чаго набыў. Засталося яшчэ набыць арганізацыйнай і рэклямнай вагі, тады гэты фэстываль можа стаць адным з найбольш цікавых у Польшчы”.

На другі дзень, па першых выступах гасьцей фэстывалю, конкурсныя эмоцыі адразу адышлі на другі плян. Гучнымі воклічамі, аплядысмэнтамі, а таксама шматлікімі бел-чырвона-белымі сьцягамі прысутныя віталі “Палац”, “Краму”, “NRМ” ды іншыя добра вядомыя гурты зь Беларусі і Польшчы.

Яшчэ трынаццатае “Басовішча” адрозьнівалася выдатнай якасьцю гуку, а таксама надзвычайна прыязнай атмасфэрай, а гэта, як падаецца, і ёсьць тое, што робіць фэстываль добрым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG