Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ БАГАСЛУЖБЫ Ў ВІЛЬНІ МОГУЦЬ БЫЦЬ СПЫНЕНЫЯ


Тацяна Поклад, Вільня

Год таму 21 ліпеня ў Віленскай праваслаўнай царкве Сьвятога Мікалая пасьля болей чым 50-гадовай пярэрвы адбылася першая адноўленная літургія на беларускай мове. І далей беларускія багаслужбы адбываліся кожную суботу. Беларускія літургіі служыць настаяцель царквы Сьв. Мікалая, а. Васіль Навінскі.

(а. Васіль Навінскі: ) “Да аднаўленьня беларускіх багаслужбаў спрычыніўся грамадзянскі пафас, – вось мы, беларусы, хочам людзьмі звацца – мець багаслужбы на сваёй мове. Гэта яшчэ і сындром вякамі прыніжанага беларуса – на ўвесь сьвет паведаміць, вось, маўляў, глядзіце, у нас і багаслужбы на сваёй мове. Пачатак абнадзейваў, бо нават і пасьля службаў не разыходзіліся, як чужыя, але зьбіраліся разам – выпіць гарбаты, пагаварыць, – гэта былі парасткі жыцьця і гэта вельмі цешыла. Цяпер ўжо ня зьбіраемся, гэта сумна. Трошкі пуставата ў царкве. “Мір ўсім”, – а ўсіх няма. Што ж, калі справа Божая – то выстаіць, калі чалавечая – то рассыпецца”.

Беларускія літургіі ў Мікалаеўскай царкве ад самага пачатку дабраславіў Мітрапаліт Літоўскі і Віленскі Хрызастом. Царква Сьв. Мікалая – адна з самых старажытных ў Вільні, яна існавала ўжо ў 14 стагодзьдзі. Настаяцель а. Васіль мяркуе, што царква магла б аб’яднаць беларусаў самых розных поглядаў. У раз’яднанасьці ён бачыць прычыну таго, што адноўленыя беларускія багаслужбы наведвае ня так шмат беларусаў, як хацелася б.

(а. Васіль Навінскі:) “Мне здаецца, няма ладу паміж самымі беларусамі, няма кантакту, няма супольнасьці – каб усе былі адным цэлым і за адну справу перажывалі. Адна невялікая група, якая ініцыявала беларускія багаслужбы, толькі пераважна і прыходзіць”.

У Вільні ёсьць беларускі касьцёл – Сьв. Барталамея, беларускамоўныя пратэстанты могуць маліцца на сваёй мове ў Віленскай пяцідзясятніцкай царкве. Праваслаўныя беларусы атрымалі магчымасьць маліцца на роднай мове ўсяго толькі год таму, і гэтая магчымасьць можа быць страчаная празь невялікую колькасьць актыўных прыхаджанаў.

(а. Васіль Навінскі: ) “Ня ведаю, як будзе далей. Можа яшчэ штосьці зьменіцца. Цяпер Мітрапаліта тут у Вільні няма, калі прыедзе – буду прасіць дазволу сустрэцца зь ім і будзем вырашаць, што рабіць далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG