Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЕРШЫ ЎРАДЖАЙ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ — РАДЫЕАКТЫЎНЫ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Забруджанае збожжа новага ўраджаю хойніцкія гаспадаркі звозяць на мясцовы камбікормавы завод. Ён прыняў ужо каля тысячы тонаў. Дырэктарка Сьвятлана Вашчыла паведаміла, што на заводзе захоўваецца яшчэ і 850 тонаў радыеактыўнага насеннага збожжа леташняга ўраджаю — яно засталося незапатрабаваным.

Сёлетняя сьпёка, адсутнасьць вільгаці ў глебе, як лічыць начальніца райсельгасхарчу Натальля Сьлесарэнка, спрычыніліся да большага пераходу радыенуклідаў у расьліны.

(Сьлесарэнка: ) “Збожжа бруднае, бруднае ўсюды, ва ўсіх гаспадарках. Там, дзе землі чысьцейшыя ад цэзію, болей стронцыю”, — кажа кіраўніца райсельгасхарчу.

Вырошчваючы няякасную прадукцыю, гаспадаркі нясуць вялікія фінансавыя страты. Пераспэцыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасьці ў забруджаных радыяцыяй раёнах вядзецца марудна. Рэкамэндацыі навукоўцаў мэты не дасягаюць.

(Сьлесарэнка: ) “Калі б праграмы, што распрацоўваюць навукоўцы, былі падмацаваныя фінансава, магчыма, карціна была б іншая. Угнаеньняў пад ураджай мы атрымліваем недастаткова. Да таго ж яны прыходзяць са спазьненьнем. Калі мы пасеем адсоткаў 70–80 збожжавых, толькі тады пачынаюць слаць угнаеньні. Таму мы сёньня і атрымліваем такія вынікі”.

Падобныя вынікі, дарэчы, атрымліваюць на жніве і іншыя забруджаныя раёны. Шмат збожжа з павышаным утрыманьнем стронцыю вырошчваюць у Брагінскім, Нараўлянскім раёнах.

У адмысловую лябараторыю Інстытуту радыялёгіі паступілі на сэртыфікацыю першыя ўзоры збожжа новага ўраджаю зь Веткаўскага раёну. Зь сямі пробаў дзьве аказаліся з павышаным утрыманьнем стронцыю. У прыватнасьці, у калгасе “Зара” ўзровень забруджаньня збожжа стронцыем склаў 25 бэкерэляў на кіляграм — гэта больш як удвая перавышае дапушчальны ўзровень.

Бруднае збожжа ў рэгіёне па завядзёнцы перапрацоўваецца на камбікорм жывёле, ад якой у калгасах і атрымліваюць малако і мяса.
XS
SM
MD
LG