Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЗЫТ МІНІСТРА ВАЙСКОВАЙ ПРАМЫСЛОВАСЬЦІ ІРАКУ Ў БЕЛАРУСЬ


Валер Каліноўскі, Менск

Як паведамілі ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі, на працягу гэтага тыдня адбыліся практычна ўсе заплянаваныя перамовы ірацкай дэлегацыі: зь першым віцэ-прэм’ерам Сяргем Сідорскім, зь Леанідам Козікам, зь міністрамі прамысловасьці, адукацыі. Адбываліся сустрэчы ў Мінэнэргетыкі, Акадэміі навук. Ірацкая делегацыя наведала Гарадзенскую вобласьць, агледзела ВА “Азот”, Беларускі мэталюргічны завод. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “Цэнтральнай тэмай перамоваў былі праблемы пашырэньня гандлёва-эканамічных сувязяў дзьвюх краінаў у рамках праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Трэба адзначыць, што ірацкая дэлегацыя праявіла цікавасьць да нашага нафтахімічнага комплексу. Абмяркоўвалася пытаньне выкарыстаньня досьведу беларускіх нафтахімічных прамыславікоў у вырашэньні комплексу пытаньняў павышэньня эфэктыўнасьці аналягічнай галіны прамысловасьці ў Іраку”.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Павал Латушка таксама паведаміў пра абмеркаваньне праектаў мадэрнізацыі з удзелам беларускага боку ірацкай прамысловасьці ды стварэньне ў Іраку зборачнай вытворчасьці рухавікоў Менскага маторнага заводу, трактараў “Беларусь” на заводзе ў Скандэрыі і мадэрнізацыі шклозаводу ў Рамады.

Ён заявіў, што пытаньні вайскова-тэхнічнага характару не абмяркоўваліся. На гэтым тыдні абвяргаў паведамленьні пра вайсковае супрацоўніцтва Беларусі й Іраку і амбасадар гэтай краіны ў Менску. Аднак тут ёсьць адна акалічнасьць. Паводле афіцыйнага паведамленьня, кіруе ірацкай дэлегацыяй віцэ-прэм’ер Хувэйш, але лёнданская арабскамоўная газэта “Аль-Хаят” назвала яго міністрам вайсковай прамысловасьці Іраку.

Азін зь лідэраў АГП Аляксандар Дабравольскі ня верыць у афіцыйныя абвяржэньні вайсковага супрацоўніцтва з Іракам:

(Дабравольскі: ) “Мне гэта падаецца ў наступным параўнаньні — прыяжджаюць бандыты і кажуць: мы будзем рабіць сымфанічны аркестар. Ну, калі прыехаў мінстар абароны ці вайсковай прамысловасьці, або да гэтага прыяжджалі такія ж людзі, якія займаюцца вайсковай тэматыкай... Што яны будуць казаць, што геалёгіяй будуць у нас займацца? Мяркую, што любы чалавек, які больш ці менш думае, не паверыць у гэта. А ўлада беларуская думае, што нашыя людзі ні ў чым ня могуць разабрацца. Ва ўлады няма ўнутраных рэсурсаў, на фоне такіх глыбокіх праблемаў яна шукае магчымасьці атрымаць нейкія рэсурсы, зарабіць грошы ад продажу вайсковай тэхнікі і зброі”.

Паводле вынікаў зьнешняга гандлю за 2001 год беларускі экспарт у Ірак склаў 26 мільёнаў даляраў ЗША. За пяць месяцаў гэтага году — 11,5 мільёна даляраў. Беларускі бізнэс у Іраку ажыцьцяўляецца з парушэньнямі міжнародных нормаў, упэўнены лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, які асабіста двойчы наведваў Ірак:

(Гайдукевіч: ) “Можаце не сумнявацца ў тым, што ценевы гандаль з Іракам, які праводзяць некаторыя высокія чыноўнікі, і чым не бяз посьпеху працягвае займацца і спадар Замяталін ды іншыя, хто пампуе адтуль грошы, існуе. Я ведаю гэта ад бізнэсоўцаў, якія працуюць там. Гэта самы сапраўдны чорны рынак, чым займаюцца некаторыя прадпрымальнікі і дзейная ўлада”.

Сяргей Гайдукевіч кажа, што ўсе праграмы беларускага гандлю і супрацоўніцтва з Іракам застаюцца закрытымі, нягледзячы на міжнародныя патрабаваньні празрыстасьці усіх сувязяў зь дзяржавамі, у адносінах да якіх дзейнічаюць санкцыі ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG