Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРАГЕДЫЯ НА НЯМІЗЕ: СУД УЗЯЎ БОК ЧЫНОЎНІКАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Гэта чатыры дзяржаўныя і адна камэрцыйная арганізацыя: кампанія “Кляс-Клюб”, Менскі гарвыканкам і ўпраўленьне ўнутраных справаў, завод “Аліварыя”, радыёстанцыя “Мір”, а таксама два міліцэйскія чыноўнікі. Пацярпелыя называюць такое рашэньне несправядлівым і намерваюцца зьвяртацца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі.

Каб зачытаць рашэньне, судзьдзі Вользе Гусаковай спатрэбілася ня больш за дзьве хвіліны, але дзеля гэтага ўдзельнікі працэсу мусілі чакаць дзьве гадзіны ад прызначанага часу. Прычым ніхто не патлумачыў, чым была выкліканая затрымка і колькі яна можа доўжыцца. Пацярпелыя назвалі гэта грубасьцю й непавагай да сябе з боку правасудзьдзя. Як несправядлівасьць пракамэнтавалі яны й рашэньне суду, які адмовіўся прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Гаворыць бацька загінулай Алеўтыны Пятро Навакоўскі:

(Навакоўскі: ) “З самага пачатку несправядліва было, бо яна ня брала да ўвалі наш бок. Зразумела, што рыхтавалася да рашэньня, якое ёсьць у гэты момант”.

Адвакат Ніны Іньковай Алег Воўчак заяўляе, што правамоцнасьць патрабаваньняў сваёй падабароннай і іншых пацярпелых у судзе была даказаная самае малае на 50%. І чый бок возьме верх — ахвяраў няміскай трагедыі альбо ўладных чыноўнікаў — залежала ад прафэсіяналізму й справядлівасьці суду. Гаворыць Алег Воўчак:

(Воўчак: ) “Гэты суд паказаў, што мясцовыя органы могуць рабіць усё, але ні за што не адказваюць. Закон быў на нашым баку, але відаць, што суд у нас не незалежны”.

Тым ня менш, сёньняшняе судовае рашэньне не зьмяніла намеру змагацца за справядлівасьць іншых пацярпелых бацькоў. Нагадаю, што чатыры сям’і таксама зьвярнуліся ў Маскоўскі суд з аналягічнымі пазовамі. Гаворыць адна зь іх — маці загінулага Сяргея Ганна Саладкевіч:

(Саладкевіч: ) “Калі ёсьць загінулыя, значыць, павінныя быць і вінаватыя. Гэта ж зразумела й самаму простаму чалавеку. Пацярпелі мы — мала ім, напэўна, дык мы яшчэ больш пакутуем”.

Сёньняшняе рашэньне ініцыятары працэсу будуць абскарджваць у Менскім гарадзкім судзе.
XS
SM
MD
LG