Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАГАДАЎ ПРЫЦЯГНУЦЬ ДА АДКАЗНАСЬЦІ ЖУРНАЛІСТАЎ, ЯКІЯ “НАГНЯТАЮЦЬ АБСТАНОЎКУ Ў ГРАМАДЗТВЕ”


Віталь Цыганкоў, Менск

У чацьвер Аляксандар Лукашэнка прыняў старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоля Тозіка і генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Акрамя агульных словаў пра ўзмацненьне барацьбы са злачыннасьцю, кіраўнік Беларусі выказаў “заклапочанасьць усё больш частымі выпадкамі выкарыстаньня непраўдзівай інфармацыі дзеля дыскрэдытацыі найвышэйшых службовых асобаў”.

Як паведамляецца, Лукашэнка адзначыў, што трэба прыцягнуць да адказнасьці тых асобаў, якія “наўмысна распаўсюджваюць скажоныя факты і сьвядома нагнятаюць атмасфэру ў грамадзтве”.

Некаторыя назіральнікі лічаць, што такі гнеў кіраўніка дзяржавы выклікаў найперш артыкул у апошнім нумары спэцпраекту “Палітыка” газэты “Наша свабода”. Аўтар Міхаіл Падаляк абшырна цытуе адзін з дакладаў расейскіх аналітыкаў, у якім сьцьвярджаецца, што ў Крамлі сёньня актыўна распрацоўваюцца мэтодыкі адхіленьня Аляксандра Лукашэнкі ад улады.

Як паведаміў нам сёньня Міхаіл Падаляк, пакуль ніякіх захадаў супраць яго асабіста альбо супраць газэты беларускія праваахоўчыя органы не рабілі. Але ў рэдакцыі гатовыя да ўсяго.

(Падаляк: ) “Ведаючы паводзіны беларускіх уладаў, заўжды можна чакаць ад іх дзеяньняў неправавых. Але пытаньне ў іншым. Ёсьць рэальная інфармацыя, ёсьць шэраг сцэнароў, якія распрацоўваюцца і ў Беларусі, і ў Расеі, якія зьвязаныя з тым, што будзе адбывацца пасьля Лукашэнкі, альбо як адхіліць Лукашэнку ад улады. Нават калі ўлады паспрабуюць неяк удзьдзейнічаць на газэту, калі яны захочуць паставіць нас перад неабходнасьцю адказваць на іхныя дзеяньні, мы гатовыя ў судзе даць поўную копію гэтага дакладу”.

Адметна, што Лукашэнка запрасіў да сябе на даклад адначасова Анатоля Тозіка і Віктара Шэймана. У артыкуле ў “Нашай свабодзе” сьцьвярджаецца, што менавіта гэтыя дзьве асобы вядуць паміж сабой зацятую барацьбу за ўплыў на кіраўніка дзяржавы і прасоўваньне ўласных інтарэсаў. Такім чынам, у генэральнага пракурора і старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю ёсьць і пэрсанальныя прычыны, каб як найхутчэй выканаць загад прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG