Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУЛЬТУРНЫ СТАТУС ГАРЭЛКІ Ў БЕЛАРУСАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнiчае: этнакультуроляг Тацяна Валодзiна.

(Ракiцкi: ) “Неяк адзін з маіх замежных калегаў, зь якім мы дыскутавалі пра мастацтва за шклянкай віскі, прапанаваў сваю нібыта жартаўлівую клясыфікацыю ўсясьветнай культуры паводле ўжываньня нацыямі алькагалёвых напояў. Гэта – культуры віна, гарэлкі, віскі, піва і шыпучых напояў з парашку. Беларусь ён аднёс да культуры гарэлкі. Зрэшты, што да мяне, дык гэтая сыстэма не пазбаўленая сэнсу. Сапраўды, бог Дыяніс – дамінанта грэцкай трагедыі – ёсьць і богам віна. Чэскага Швэйка, як і сучасных чэхаў ды іхнае культуры, не магу ўявіць бяз куфля піва. А ўзгадаем шклянкі гарэлкі, напоўненыя да краёў, якія адным лыкам апаражняюць героі расейскага кіно…

Наўрад ці можна сьцьвярджаць, што Беларусь – краіна культуры гарэлкі… Але ж беларусы сёньня п’юць яе. І ў вялікіх дозах. Дый у мінулым ведалі ня толькі піва… Як успрымалі гарэлку старажытныя беларусы? Які культурны статус яна мела ў працэсе фармаваньня нацыі?”

(Валодзiна: ) “Гарэлцы ў беларусаў надавалiся экстраўтылiтарныя рысы i прыпісваўся пэўны сэмiятычны статус. У народных уяўленьнях гэта адзін з самых надзейных сродкаў пераадоленьня мяжы між сьветамі і пераходу чалавека да іншых віртуальных рэальнасьцяў.

(Ракіцкі: ) “А як тлумачылі беларусы зьяўленьне гарэлкі? Каму прыпісвалася гэтае вынаходніцтва?

(Валодзіна: ) “Зьяўленьне першага бровару і адкрыцьцё гарэлкі ў народных паданьнях зьвязваецца з чортам. Захацеў ён выведаць у Ноя пра Божыя справы, але ніяк ня мог разьвязаць яму языка. Вось і скарыстаўся чорт дапамогаю жанчыны, якая праз сваю цікаўнасьць і даверлівасьць дапамагла яму ў стварэньні гарэлкі:

“От пачала жонка Ноя месіць хлеб, а чорт падставіў ёй пад нос пасудзіну, дак туды па капельцы нацекло якоесь вады чуць не поўная пасудзіна. “Што ж гэто такое?” пытае баба. “Гарэлка, - адказвае чорт, -- яна так завецца затым, што з гары падае, да затым, што хто яе многа вып’е, той згарыць. Яна ў хлебе рэдкая, а ў жанчын густая, моцная. От затым, калі мужчына паседзіць кала жанчыны, та хутко ап’янее, як ат хмелю”.

Згодна з запiсамi са Столiншчыны, Бог, ведаючы, што гарэлку гонiць чорт, блаславiў яе, каб людзi, што ня злоўжываюць, былi моцныя i здаровыя. У той жа час за выдумку чорта гнаць гарэлку з жыта Бог у дзесяць разоў скарацiў ураджай”.

(Ракіцкі: ) “Калі гарэлка – чортава стварэньне, то, відаць, і да п’яных ставіцца ён абачліва і прыязна. Ці наадварот – крыўдзіць іх?”

(Валодзіна: ) “І сёньня актыўна запісваецца шмат гісторыяў пра дзівосныя прыгоды чалавека пасьля ўжываньня ім алькаголевых напояў. Сюжэт такіх гісторыяў зводзіцца да сустрэчы чалавека зь незнаёмцамі, якія адорваюць яго грашыма, кладуць спаць на пуховыя пярыны. Пасьля ж прачынаньня грошы аказваюцца смецьцем, а пярына – калодаю альбо нават калюжаю. Аказваецца, п'яны знаходзіцца ў спэцыфічным памежным стане сьвядомасьці, які робіць магчымым ягоны кантакт зь нячыстай сілаю.

(Ракіцкі: ) “Самі пацярпелыя і сёньня літаральна тлумачаць свае паводзіны тым, што напіліся да чорцікаў, што чорцікі сапраўды стаялі ўваччу ці ў галаве”.

(Валодзіна: ) “Гэта так, бо стан ап'яненьня і зьвязаныя з гэтым зьмены ў паводзінах тлумачацца прысутнасьцю ў целе нячыстай сілы. У іншых варыянтах чорт спадарожнічае п'яному ды становіцца як бы ягоным ценем. Вiдаць, ап’яненьне (у тым лiку наркатычнае) парушае прасторава-часавыя арыентыры, здымае межы памiж сьветамi і тым як бы спрыяе падобным кантактам зь “нежыцьцю”:

“От напіўса той п’яніца да й пачаў іграць з чарцямі. Выдумоўваў ён усялякія штукі да так хвацько забаўляў іх, што яны жыўцом забралі яго к сабе ў пекло. Але, мабыць, і ў пекле нельга пражыць без працы адною гульнёю. Прачухаўса трохі п’яніца да й крычыць на ўсё пекло: “Давайце гарэлкі, а то ўсё разверну!” Німа чаго рабіць, далі яму чэрці гарэлкі мо два ці тры разы. Да й шкода ім стала даром бузаваць гарэлку, калі яна на зямлі так добра зводзіць людзей да ведзе іх у пекло”.

Але мараль легенды ў тым, што трапляе п’яніца зь пекла ды наўпрост у рай, бо не змаглі нічым запярэчыць яму сьвятыя”.

(Ракіцкі: ) “Ці не паказваюць такія сюжэты на ляяльнае стаўленьне да гарэлкі і п’янства самой царквы?”

(Валодзіна: ) “З аднаго боку, была патрэба адсунуць былую язычніцкую форму разгульнага піру, а зь іншага – прыстасаваць яе да новых умоваў. Выйсьце знаходзілі ў разьмеркаваньні кубкаў – два-тры дзеля Бога, а калi болей – гэта на службу д’яблу. Разам з тым, у народных поглядах безупыннае п’янства на славу Божую прыводзіла наўпрост у рай. А ў абрадавых велічальных песьнях “сам Бог мяды сыціць, Ілля піва варыць”, а добры гаспадар прымае “Бога зялёным віном, Святу Прачысту салодкай гарэлкаю”.

(Ракіцкі: ) “Ня раз даводзілася бачыць пакінутыя на магілах чаркі. Ды і памінкі часам пачынаюць нагадваць шумнае застольле. Наколькі да месца гарэлка ў пахавальных абрадах?”

(Валодзіна: ) “Гарэлка ўваходзiць у шэраг абавязковых страваў пахавальна-памiнальнага комплексу. Згодна з дадзенымі, славянскі памінальны пір вылучаўся абавязковым багацьцем і разгулам. У беларусаў пасьля пахаваньня запрашаўся i сам нябожчык. Яму лiлi гарэлку на абрус са словамi: “Хадзi, выпi чарачку гарэлкi”. На Віцебшчыне чарку падносілі перад кожнай новай стравай, пры гэтым кожны запрошаны хрысьціўся і казаў: “Пашлі ж, Божа, яму царства нябеснае, грахоў адпушчэньне і душачкі спасеньня”. У часе памiнаньня ставiлi на стол асобную чарку, адлiвалi гарэлкi на стол, лiлi на магiлку”.

(Ракіцкі: ) “Вынiкае, што гарэлка прызначалася перадусім памерлым. Дык навошта ж так піць жывым на тых жа могiлках?”

(Валодзіна: ) “Важна тое, што рытуальна рэглямэнтаваны пір бачыўся як неабходная ўмова зносінаў жывых і мёртвых. Больш таго, гэта нават “кругавая парука” жывых супраць мёртвых. Верылі, хто на Дзяды адаб’ецца ад калектыўных памінак, чакаюць таго розныя беды. А хто ўстане з-за памінальнага сталу раней за вызначаны тэрмін, можа нават хутка памерці. Таму тры абавязковыя чаркі на памінках ня толькі даніна памяці, але і зацьверджаньне мяжы паміж жывымі і мёртвымі, паміж замагільлем і гэтым сьветам”.

(Ракіцкі: ) “Відаць, толькі ў гісторыі засталіся гэтак званыя “камсамольскія” безалкаголевыя вясельлі. А вярнулася на вясельны стол гарэлка, пэўна, ня толькі таму, што безь яе сумнавата. Што можна сказаць пра рытуальную ролю гарэлкі ў сямейных абрадах?”

(Валодзіна: ) “Гарэлка адыгравае значную сымбалічную ролю ў часе сямейных урачыстасьцяў: на хрэсьбінах, вясельлі, калі менавіта чаркаю замацоўвалася дасягнутае пагадненьне пасьля сватаньня. На Сьвіслачы ў канцы вясельля тую гарэлку, што засталася, сват выліваў на сьцены, ды так, каб пырскі ляцелі што вышэй. Рабілася гэта дзеля таго, “каб у хаце быў дабрабыт і дастатак”. Існаваў і цікавы звычай “саладзіць гарэлку”, калі гасьцей частавалі пасьля першай шлюбнай ночы. Калі нявеста аказалася чэснаю, гарэлку саладзілі, падфарбоўвалі калінаю, падносілі гасьцям, а таксама адсылалі маці нявесты разам са шлюбнаю кашуляй яе дачкі. Госьці ж сьпявалі:

А ў нас сягодня нешта было,
Чатыры каленцы радам было.
А пятае шыла гарэлку саладзіла”.


(Ракіцкі: ) “А на земляробчых, гаспадарчых сьвятах? Што тут спараджала патрэбу ў гарэлцы?”

(Валодзіна: ) “Амаль усе земляробчыя абрады ладзiлi паводле канонаў старажытных аграрна-культавых дзеяў, якiя патрабавалi шырокага разгулу, весялосьцi, багацьця страваў. У народнай сьвядомасьцi захавалася псыхалягiчная матывацыя сакральнасьцi “пiру”: “Без гарэлкі i сьвята ня ў сьвята”. Верылі нават у залежнасьць плёну ад частаваньня. Да прыкладу, на вячэру пасьля вывазкi гною запрашалiся зусiм не знаёмыя людзi: “Хадзiце, выпiце чарку, каб жыта вялося”, а за сталом чарцы папярэднiчаў тост: “Як вып’еш, так i адмочыць. Пiце, каб усходы былi часьцейшыя i гусьцейшыя”. Як бачым, магічныя законы сымбалічна прыраўнавалі гарэлку да дажджу”.

(Ракіцкі: ) “Аж па сёньня актыўна працягваюцца спрэчкі: як успрымаць п’янства – як разбэшчанасьць або як хваробу. Які адказ дае тут традыцыйная творчасьць?”

(Валодзіна: ) “У легендах п’янства наагул завецца хваробай над хваробаю. А вырашылі так усе немачы разам на чале з галоўным чортам Ніцыпарам, трымаючы перад ім справаздачу, хто ж больш людзей адпраўляе на той сьвет:

“Падсуналаса бочка, з якое тырчыць аблезлая галава з сінім носам, ці бо тое самае п’янство ды і кажэ: “Я тое зрабіло, што цепер, каб не я, та ўсе хваробы ні аднаго чалавека не ўмарылі, смерці прышлося б ці зубы палажыць на паліцу, ці суздром здохнуць”. “Праўда, -- кажа смерць, -- п’янство верно мне служыць: ено робіць больш чым усе хваробы разам. После п’янства вазьме й трасца, й пухліна, й разачка, й уселякая хвароба”.

(Ракіцкі: ) “Так, называў беларус гарэлку і чортавым стварэньнем, і хваробай над хваробаю, і нават служкаю Сьмерці. Сама важнае, што доўгім часам трымалася культура піцьця, і толькі адзінкі прадаваліся д’яблу карчмы. Сярэдні ж беларус падымаў пушчаную па крузе (адну!) чарку і мовіў да суседа: Пакарай цябе, Божа, блінцом, да шчэ з маслам і піўцом”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG