Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАЖАРЫ ЗГАРЭЛІ АСАБІСТЫЯ РЭЧЫ І РУКАПІСЫ БРАНІСЛАВА ТАРАШКЕВІЧА


Ігар Карней, Менск

Хата падчаркі Браніслава Тарашкевіча, Ірыны Ніжанкоўскай, месьцілася якраз насупраць былога дому сям’і — некалі вялізнай, паводле вясковых меркаў, сядзібы. Пасьля таго, як Тарашкевіча залічылі ў “нацдэмы” і рэпрэсавалі, жонку з сынам адсялілі ў дом насупраць, дзе жылі слугі.

Ажно да самай сьмерці жонка Тарашкевіча Вера Сьнітка, дачка знакамітага беларускага археоляга Андрэя Сьніткі, дамагалася ад уладаў на ўсіх узроўнях спрыяньня ў справе арганізацыі ў Радашкавічах музэю Браніслава Тарашкевіча. Насустрач ніхто не пайшоў. А тры гады таму ня стала самой спадарыні Сьніткі.

Ад тае пары частку асабістых рэчаў Тарашкевіча, ягонае ліставаньне з жонкай зь лягераў захоўвала дачка Веры Андрэеўны і падчарка Тарашкевіча Ірына Ніжанкоўская. Зрэшты, большая частка архіваў была страчаная ў агні пажараў пасьля бамбаваньняў савецкімі самалётамі Радашкавічаў у 1941 годзе. Парэшткі сямейных рэліквіяў зьгінулі праз шэсьць дзясяткаў гадоў у агні нядаўняга пажару. Сама спадарыня Ніжанкоўская ў шоку ад таго, што адбылося, і часова жыве ў знаёмых.

А вось літаратуразнаўца Сымон Белы (пляменьнік Якуба Коласа і даўні сябра сям’і Тарашкевічаў–Сьніткаў) лічыць гэты пажар ня толькі зьбегам абставінаў.

(Белы: ) “Тут ужо нейкая заканамернасьць: а шостай вечара пачынаюць паліць хаты. За тыдзень згарэла ўжо пяць хат. Так што Радашкавічы гараць. А чаго гараць? Людзі напалоханыя, такія брыдкія чуткі ходзяць, маўляў, гэта ісьлямісты (а іх у Радашкавічах жыве шмат), яны гэтым займаюцца. Але насамрэч трэба разабрацца. Яшчэ гавораць, што пэўна, дзеці — але, не злавіўшы за руку...”

Цягам доўгіх дзесяцігодзьдзяў улады так нічога і ня здолелі зрабіць у справе арганізацыі музэю. Праўда, напрыканцы 1980-х пачалі рабіць праект рэстаўрацыі будынкаў, абмяралі іх. Плянавалася, што гэта будзе музэй-сядзіба ўсёй Заходняй Беларусі, бо ў Радашкавічах быў вельмі моцны нацыянальны рух. Але сёньня ідэя арганізацыі тут музэю яшчэ больш далёкая ад увасабленьня, чым калісьці. Працягвае спадар Белы:

(Белы: ) “Тарашкевіч жыў тут з 1923 па 1931гады. А калі ўжо бальшавікі зьявіліся і спрабавалі вывезьці жонку Тарашкевіча, людзі за яе ўступіліся, але хату ўсё роўна забралі пад шпіталь. А жонку пакінулі жыць...”

(Карэспандэнт: ) “Якраз насупраць ужо былой сваёй хаты?”

(Белы: ) “Так, вось гэта хатка й згарэла. Вельмі брыдка паступілі мясцовыя ўлады, калі аддалі хату людзям несумленным. Яны там трусоў трымалі, гараж унутры зрабілі. Мы неаднойчы з Адамам Мальдзісам пісалі, каб арганізаваць тут музэй. Але гэтага ня здарылася. Падчарка Тарашкевіча ня супраць была б стаць даглядчыцай, да таго ж, у яе асабістыя рэчы Тарашкевіча захаваліся. Але ж зноў прыйшлі да таго, што людзі, якія там жывуць, прыватызавалі хату. А гэта ўжо выклікае складанасьці. На мой погляд, тыя збудаваньні, якія маюць гістарычную каштоўнасьць, прыватызавацца не павінныя. Аднак улады зрабілі гэта: мабыць, грашыма пахла”.

Калі я сустракаўся са спадарыняй Ніжанкоўскай летась, і мы сядзелі на прыступках ейнага дому, яна з сумам сказала: “Можа і добра, што мама ня бачыць, ува што ператвараецца сядзіба Тарашкевіча”. Наўрад ці яна тады магла падумаць, што і ёй бачыць гэтую разруху з акна ўласнага дома таксама прыйдзецца нядоўга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG