Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ГРАМАДЗКАСЬЦЬ РАЗЬВІТАЛАСЯ З УЛАДЗІМЕРАМ КАРМІЛКІНЫМ


Ігар Карней, Менск

Задоўга да таго, як у памяшканьне ўправы БНФ прывезьлі труну зь целам Уладзімера Кармілкіна, людзі сабраліся дзеля апошняга разьвітаньня са сваім сябрам і калегам. Роўна аб 11-й да труны былі ўскладзеныя першыя кветкі і вянкі — бадай, ад усіх дэмакратычных арганізацыяў краіны, незалежных СМІ, недзяржаўных установаў. Распачаў грамадзкую паніхіду мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Мы смуткуем разам з усімі вамі, бо гэта быў сапраўдны творца, сапраўдны чалавек. Да таго, што сказана і будзе сказана яшчэ, далучаюся і я, і пэўна ўсе прысутныя. Вечная памяць... Зямля хай наша родная беларуская будзе для яго пухам”.

Цяжка было паверыць, што Ўладзімер Кармілкін меў аднолькава высокі аўтарытэт практычна ва ўсіх дзеячоў дэмакратычнага руху. Ніл Гілевіч запэўніў, што гэта сапраўды так.

(Гілевіч: ) “Ад сутыку 1980–90-х гадоў усе важныя падзеі, сьвяты, засмучэньні ўжо не ўяўляліся безь яго. Ён быў надзвычай энэргічным чалавекам, нястомным. Ён вельмі хацеў, каб адраджэньне нашае набывала размах, ішло пераможным крокам. Ён дзеля гэтага жыў, дзеля гэтага працаваў”.

Амаль усе, хто браў слова дзеля ўспамінаў пра Ўладзімера Кармілкіна, прасіў прабачэньня за тое, што можа калісьці не прыслухаўся да прапановаў спадара Кармілкіна, бо заўсёды не хапае часу на такія, як тады здавалася “дробязі”. Толькі зараз прыходзіць разуменьне, што на першым пляне мусяць быць агульначалавечыя каштоўнасьці, якія і нёс з сабой Уладзімер Кармілкін. Пра гэта казаў сёньня Валянцін Голубеў:

(Голубеў: ) “Ён быў добры да ўсіх, быў адкрыты. Ішоў са сваімі прапановамі, са здымкамі, з касэтамі. Ён траціў свае грошы, каб зрабіць прыемнае нам. Але мы не заўсёды гэтак жа ставіліся да яго. На жаль, гэта разумееш толькі сёньня. Такіх людзей патрэбна заўсёды падтрымліваць. Ад імя ўсіх прашу прабачэньня ў спадара Ўладзімера, калі нешта ня вельмі добрае адбылося. Няхай ідзе ў тое Божае, сьветлае царства з добрымі пачуцьцямі да нас. І няхай дапамагае дабудаваць тое, пра што клапаціўся ўсё сваё сьвядомае жыцьцё”.

У рэжысэра-дакумэнталіста Юрыя Хашчавацкага Кармілкін заўсёды быў першым і самым удзячным гледачом. І зараз пра той час нагадвае практычна ўсё.

(Хашчавацкі: ) “Усюды натыкаюся на Паўлавіча. Здымак вісіць на сьцяне — Уладзімер Паўлавіч прынёс. Сушаныя яблыкі стаяць у шафе — таксама ён. Мяне вельмі ўзрушыла трагедыя. Але я падумаў, што кожны чалавек — гэта і матэрыя, і дух. Паўлавіч, мне здаецца, быў тым самым незаўважным, няўлоўным духам, які нават зараз сабраў столькі аднадумцаў. А дух, як вы ведаеце, несьмяротны. І гэтых дух змацоўваць нас будзе вельмі і вельмі доўга”.

Пасьля таго, як труну вынесьлі да катафалку, у натоўпе адразу ціха, а потым загучаў “Магутны божа”. На могілках працэсію таксама сустракала музыка. Вельмі спакойная, разважлівая. Духоўная. Пад яе ўспаміны асабліва вострыя.

Калега Кармілкіна, фотамастак Георгі Ліхтаровіч падышоў да мяне і працягнуў аркуш паперы. Сказаў, што напісаў гэты верш за дзень да сьмерці сябра.

(Ліхтаровіч: ) “Наведайце зь любой прычыны —
Зьдзіўленьне вас не абміне.
Заўжды накорміць, бо гасьцінны,
Пад жарт: “Кармілкін я ці не?”

А як працуе для Айчыны!
Ды вось пытаньне, як прызыў:
Між мітусьні і беганіны —
Кармілкіна хто б падкарміў?”

Натуральна, што тут, на могілках, пра Кармілкіна распавядалі ўсе. Узгадвалі найперш пра дзіўныя рысы ягонага характару. Гаворыць Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Ён стаўся нашым Нэстарам-летапісцам. Фотаздымкі ягоныя, стужкі — гэта чыстае люстэрка, дзе адбіўся такі важны пэрыяд у жыцьці нашага народу як пачатак апошняга адраджэньня. Адзінае, што зараз трэба зрабіць — каб ягоны архіў працягнуў нейкі чалавек годны”.

Яшчэ адзін сябра Кармілкіна ўдзячны яму ня толькі за маральную, але й матэрыяльную падтрымку. Праваабаронца і журналіст Валеры Шчукін згадвае, як паціху гардэроб Кармілкіна перабраўся да яго.

(Шчукін: ) “Я такі чалавек, што вельмі абыякавы да вопраткі. Мне ўсё роўна, што на мне апранута. А Валодзю часам здавалася, што ў мяне проста няма грошай. Хоць я ведаю, што ён сам бяз грошай. Ён жа ўвесь час ініцыяваў — маўляў, давайце Шчукіну паліто купім ці чаравікі. Хоць Шчукіну да лямпачкі гэтыя ўбранствы. Вось ён пастаянна пра некага клапаціўся, камусьці хацеў штосьці даць, хацеў нечым пачаставаць. Вось гэта неабходнасьць выключная — ён ня мог жыць толькі дзеля сябе”.

Сымбалічна, але разьвітаньне з Уладзімерам Кармілкіным адбывалася пад гукі палянэзу Агінскага “Разьвітаньне з Радзімай”. Новая Радзіма, якой сталася для Ўладзімера Кармілкіна Беларусь, праводзіла яго ў апошні шлях.
XS
SM
MD
LG