Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АМНІСТУЮЦЬ БЫЛОГА РЭКТАРА ГОМЕЛЬСКАГА МЭДІНСТЫТУТУ ЮРЫЯ БАНДАЖЭЎСКАГА?


Казімер Яноўскі, Гомель

У Камітэце выкананьня пакараньняў пры Міністэрстве ўнутраных справаў параілі пісьмова падаць запыт на імя начальніка Коўтуна адносна далейшага лёсу зьняволенага прафэсара Бандажэўскага. У другой палове дня начальніца спэцаддзелу камітэту Людміла Гладкіх паведаміла, што былы рэктар мэдінстутыту прафэсар Бандажэўскі фармальна падпадае пад амністыю.

(Гладкіх: ) “Скарачэньне тэрміну на адзін год у яго можа быць. Учора ж толькі закон апублікаваны. У першую чаргу на камісіі разглядаюцца асобы, якія будуць вызваленыя ад далейшага адбыцьця пакараньня, а пасьля ўжо тыя, у каго проста скарачаецца тэрмін на адзін год. Бандажэўскі — такі ж асуджаны, як і ўсе. Шэсьць месяцаў адводзіцца на выкананьне закону пра амністыю. У гэты пэрыяд яму і будзе скарочаны тэрмін, калі няма парушэньняў”, — паведаміла спадарыня Гладкіх.

Ужо больш за год усясьветна вядомы навуковец Бандажэўскі адбывае пакараньне ў менскай калёніі ўзмоцненага рэжыму, што на вуліцы Кальварыйскай. Яго асудзіла Вайсковавая калегія Вярхоўнага суду на восем гадоў зьняволеньня нібыта за хабарніцтва.

Парлямэнцкая камісія АБСЭ, якая ў чэрвені наведала прафэсара Бандажэўскага ў менскай турме, канстатавала, што ён ня мае належных умоваў, каб працягваць навуковыя дасьледаваньні ўзьдзеяньня радыяцыі на чалавека.

Сям’я Бандажэўскага зьехала з Гомеля на Гарадзеншчыну ў адпачынак, да бацькоў жонкі. Старэйшая дачка Юрыя Іванавіча Вольга на “выдатна” закончыла мэдінстытут. Яна выйшла замуж, аднак накіраваньне атрымала не ў абласны цэнтар, як муж, а ў Жлобін, за 100 кілямэтраў.

Цікавай выглядае і такая акалічнасьць. У гэтыя дні ў Гомельскім мэдінстытуце рэгіянальная ўправа Камітэту арганізаванай злачыннасьці і карупцыі зноў правярае экзамэнатараў з прычыны чутак пра хабарніцтва. І гэта нягледзячы на тое, што выяўлены, так бы мовіць, арганізатар даўно знаходзіцца ў турме.
XS
SM
MD
LG