Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПКБ НЕ ЖАДАЕ ПРЫМУСОВАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ З КПБ


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка пасьля нядаўняга пасьпяховага падпарадкаваньня ўладзе прафсаюзаў і рашэньня пра аб’яднаньне БПСМ і БСМ зацікавіўся і партыйным будаўніцтвам. Ён заклікаў камуністаў, якія яго падтрымліваюць, да “кансалідацыі палітычных сілаў” і да працы ў працоўных калектывах. Спадар Лукашэнка лічыць нездаровай сытуацыю, калі ў краіне існуюць дзьве кампартыі.

Першы сакратар ЦК КПБ Валеры Захарчанка адказаў яму пра гатовасьць да такой працы. Але весьці перамовы з кіраўніцтвам ПКБ пра аб’яднаньне ён не зьбіраецца, — маўляў, у гэтым няма сэнсу, бо занадта разыходзяцца падыходы дзьвюх партыяў у адносінах да цяперашняга кіраўніцтва краіны:

(Захарчанка: ) “Размова ідзе пра іншае, пра тое, што сёньня ў складзе ПКБ у большасьці сваёй людзі з камуністычнымі перакананьнямі, і сёньня трэба гаварыць пра тое, каб гэтыя людзі вярнуліся ў Кампартыю Беларусі, дзе яны былі да 1991 году. Мы павінныя іх пераканаць, што пазыцыя кіраўніцтва ПКБ не адпавядае сёньня камуністычным ідэалам”.

Паводле словаў спадара Захарчанкі, сябры ПКБ ужо “пакрыху” пераходзяць да іх.

Заявы пра аб’яднаньне дзьвюх кампартыяў лідэр ПКБ Сяргей Калякін назваў абсурдам, бо ПКБ выступае за зьмену палітычнага курсу і кіраўніцтва Беларусі, якое партыя пад кіраўніцтвам спадара Захарчанкі горача падтрымлівае.

Другі сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган заклік А.Лукашэнкі да партыйнага будаўніцтва разглядае як спробу ліквідаваць іх партыю. Такія пляны былі вядомыя, але цяпер яны ўпершыню агучаныя:

(Скрыган: ) “У 1996 годзе нас разьядналі, і штучна была створаная паралельная партыя пад назвай КПБ. Цяпер ёсьць спробы нас аб’яднаць — таксама зьверху. Менавіта для таго, каб нашую партыю ліквідаваць”.

Алена Скрыган паведаміла, што на нізавым узроўні прыхільнікам улады ўдалося пераканаць некаторых шараговых сяброў ПКБ у неаобходнасьці пралукашэнкаўскага курсу. Гэта датычыць, у прыватнасьці, Першамайскай і Маскоўскай раённых арганізацыяў Менску. Але пра рэальнае аб’яднаньне гаворкі няма:

(Скрыган: ) “Мы разумеем, што працэс гэты вельмі складаны, ён пакуль ніяк не ідзе і ісьці ня можа. Аб’яднаньне магчымае толькі пасьля таго, як Аляксандар Рыгоравіч ня будзе прэзыдэнтам”.

Тым часам КПБ плянуе вярнуцца на прадпрыемствы, у працоўныя калектывы. Але размовы пра аднаўленьне парткамаў няма, кажа Валеры Захарчанка:

(Захарчанка: ) “Формы самыя розныя, гэта і праца з грамадзкімі структурамі, і ўнутры калектываў, і індывідуальная праца, і ўдзел у масавых мерапрыемствах, якія там на прадпрыемствах праводзяцца”.

Спадар Захарчанка кажа, што КПБ будзе працаваць “у адзіным ключы з вэртыкальлю і кіраўніцтвам краіны”. Алена Скрыган з апазыцыйнай ПКБ лічыць спробы сваіх апанэнтаў прыйсьці на прадпрыемствы незаконнымі:

(Скрыган: ) “Нельга ствараць партыйныя арганізацыі на прадпрыемствах. Прычым ня толькі па законе, але і фактычна ў іх нічога не атрымаецца, з чым сёньня яны прыйдуць на прадпрыемствы, у тыя ж калгасы ў Капыльскім раёне, калі няма бэнзыну, і машыны ад камбайнаў адцягваюць трактарамі, калі настаўнікі не атрымалі сваіх адпускных грошай”.

Алена Скрыган кажа, што іх партыя адчувае ціск з боку ўлады і мае горшыя ўмовы для масавай працы, чым апанэнты, але не баіцца канкурэнцыі. На гэты момант у праўрадавай КПБ толькі крыху больш як 4 тысячы сяброў, у той час як у апазыцыйнай ПКБ каля 8 тысяч. КПБ ня мае структураў у палове раёнаў краіны. Гэта і непакоіць уладу перад выбарамі ў мясцовыя саветы, — лічаць у ПКБ.
XS
SM
MD
LG