Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ НАЧАЛЬНІК МЕНСКАГА СЬЛЕДЧАГА ІЗАЛЯТАРУ АЛЕГ АЛКАЕЎ АТРЫМАЎ ПАЛІТЫЧНЫ ПРЫТУЛАК У НЯМЕЧЧЫНЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Беларусі Алкаеў вядомы сваім рапартам пра падзеі, якія, магчыма, зьвязаныя са зьнікненьнямі Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Былы начальнік менскага сьледчага ізалятару пісаў сваім начальнікам пра Зьмітра Паўлічэнку, камандзіра атраду спэцыяльнага прызначэньня. Алкаеў заўважыў, што дні зьнікненьня Захаранкі, Ганчара і Красоўскага супадаюць з тымі днямі, калі Паўлічэнка браў пад росьпіс у менскім сьледчым ізалятары пісталет для выкананьня сьмяротных прысудаў злачынцам. Паводле Алкаева, гэтым пісталетам і маглі забіць зьніклых апазыцыянэраў.

Аднак у вэрсіі Алкаева міліцэйскае кіраўніцтва разьбірацца не пажадала, ягоны рапарт фактычна быў замарожаны, а самога Алкаева хутка звольнілі зь міліцыі. Ад далейшага перасьледу Алкаеў зьехаў у Нямеччыну і вось даказаў нямецкім уладам, што ня мае магчымасьці вярнуцца на радзіму з прычыны верагодных рэпрэсіяў. Аднак ён кажа, што назаўсёды заставацца за мяжой не зьбіраецца:

(Алкаеў: ) “Я дадому хачу, калі казаць шчыра. Уцякач — гэта не для мяне. Але пакуль нічога зрабіць не магу, даводзіцца заставацца. І ўсё ж спадзяюся на вяртаньне дадому”.

Алкаеў кажа, што вернецца дамоў толькі пры ўмове зьмены палітычнага рэжыму ці хаця б адстаўкі тых, хто падазраецца ў датычнасьці да зьнікненьня апазыцыянэраў. Інакш няма гарантыі бясьпекі людзям, якія могуць праліць сьвятло на справы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, лічыць Алег Алкаеў. Паводле яго, пакуль бессэнсоўна казаць пра тое, што расьсьледаваньне гэтых справаў можа пасьпяхова завершыцца ці хаця б зрушыцца зь мёртвай кропкі.

(Алкаеў: ) “Як вы ўяўляеце, хто можа прыехаць і дапытваць Шэймана? Ці — зараз ужо трэба дапытваць і Лукашэнку, бо ён асабіста спыніў расьсьледаваньне, калі быў арыштаваны Паўлічэнка. Чым ён пры гэтым кіраваўся, якім законам? Сьледчыя абавязаныя вывучыць усе моманты, што да справаў, але я не ўяўляю, каб сёньня яны гэтым займаліся. Ім проста не дазволяць. Таму пакуль пэрспэктываў справы ня маюць ніякіх”.

Алег Алкаеў паведаміў, што ў надзейным месцы трымае шэраг дакумэнтаў, якія могуць быць карысныя для будучага суду над выкрадальнікамі Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, а магчыма, і Завадзкага. Што такія працэсы калісьці адбудуцца, Алкаеў не сумняецца і гатовы ў іх удзельнічаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG