Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЖАРНАЯ СЛУЖБА МАГІЛЁЎШЧЫНЫ ЧАКАЕ РАШЭНЬНЯ АБ ЗАБАРОНЕ НАВЕДВАНЬНЯ ЛЯСОЎ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Амаль паўтысячы разоў давялося выяжджаць падразьдзяленьням, якія займаюцца ліквідацыяй надзвычайных сытуацыяў, на пажары ў лясах і тарфяніках. Увогуле гарэла больш за 600 гектараў.

Найвялікшыя пажары — у Магілёўскім, Асіповіцкім і Клімавіцкім сельскіх раёнах. Гарыць і чарнобыльская зона, што пагаршае радыяцыйную абстаноўку. На тэрыторыях, якія моцна пацярпелі ад радыяцыі і цяпер адселеныя, большая частка пабудоваў згарэла ў сярэдзіне 90-х гадоў. Цяпер у асноўным гараць сухая трава і лясы.

Прычым спэцыялісты сьцьвярджаюць, што ўзгараньні ў “зоне” ўзьнікаюць ня толькі ад неасьцярожнага абыходжаньня чалавека з агнём, але і ад сонечных промняў, што праходзяць скрозь аскепкі разьбітага шкла кінутых дамоў. Ад пажараў найбольш церпіць адселеная “зона” Краснапольшчыны. Гаворыць прэсавы сакратар Магілёўскага абласнога ўпраўленьня ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў Сьвятлана Лісоўская:

(Лісоўская: ) “Напружаная абстаноўка з гарэньнем травы ў Краснапольскім раёне. Як і ў Магілёўскім раёне, там пацярпелі вялікія плошчы: згарэла трава на 44 гектарах і каля 7 гектараў лесу. Даволі напружаная сытуацыя ўвогуле. Надвор’е засушлівае, а забароны на наведваньне лясоў няма. Гэта асноўная праблема”.

Справа ў тым, што абласное ўпраўленьне ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў зьвярнулася да абласной вэртыкалі з прапановай тэрмінова ўвесьці забарону на наведваньне людзьмі лясных масіваў Магілёўшчыны. Тым ня менш, аблвыканкам не сьпяшаецца прымаць такое рашэньне.

Пажарныя вельмі спадзяюцца, што забарона ўсё ж будзе ў пятніцу, напярэдадні выходных дзён, калі народ бяжыць ад сьпякоты з гарадоў.

Цяпер штодня неабходна тэрмінова выяжджаць на тушэньне 8–9 пажараў у лясы і на тарфянікі. Мабілізаваны ўвесь асабовы склад, у тым ліку і ўпраўленцы. Аднак матэрыяльная база, на якую недастаткова выдаткоўваецца сродкаў, не адпавядае сучасным патрэбаваньням.

Таму пажарная служба настойвае на тым, каб улада не чакала зьмены надвор’я, а прымала рашэньне аб забароне наведваньня лясоў рэгіёну, пакуль не пачаліся масавыя пажары на палях сельскіх гаспадарак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG