Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ЛІЧАЦЬ ПОЛЬШЧУ АДНЫМ З НАЙБОЛЬШ КАШТОЎНЫХ ХАЎРУСЬНІКАЎ У ЭЎРОПЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

6 гадоў таму, у часе свайго першага візыту ў Злучаныя Штаты, прэзыдэнт Квасьнеўскі чакаў на Біла Клінтана 40 хвілінаў, а спатканьне прэзыдэнтаў было прысьвечанае высьвятленьню асобы новага кіраўніка Польшчы. Аднак за гэты час усё зьмянілася.

Учора прэзыдэнт Буш каля Белага Дому вітаў свайго польскага калегу гарматнымі салютамі і ганаровым парадам частак марской пяхоты. У часе прывітальнай цырымоніі абодва прэзыдэнты некалькі разоў падкрэсьлівалі важнасьць польска-амэрыканскага партнэрства, а таксама сваю асабістую прыхільнасьць.

“Я прыяжджаю сюды з ахвотай і радасьцю, зь якой звычайна едуць на спатканьне зь сябрам”, – сказаў у часе ўрачыстасьцяў Аляксандар Квасьнеўскі. У сваю чаргу, прэзыдэнт Буш адзначыў, што ганарыцца тым, што можа назваць Польшчу сябрам і партнэрам.

Учора Аляксандар Квасьнеўскі прадставіў Джорджу Бушу сваю ініцыятыву стварэньня кааліцыі паміж новымі дзяржавамі-чальцамі NATO, а таксама дзяржавамі-кандыдатамі на далучэньне да Паўночна-атлянтычнага блёку. Гэткім чынам Польшча мае намер падтрымаць яшчэ мала дасьведчаныя краіны-кандыдаты ў перамовах зь іх больш магутнымі будучымі партнэрамі па NATO. Паводле Джорджа Буша, які прыхільна паставіўся да ідэі стварэньня такой арганізацыі, шмат праблемаў дзяржаваў-кандыдатаў можна вырашыць менавіта ў межах такой кааліцыі.

Аляксандар Квасьнеўскі падтрымаў прапановы Злучаных Штатаў, якія тычацца мадэрнізацыі арміяў краінаў NATO. Паволе гэтых прапановаў, кожная краіна павінна засяродзіцца на нейкім адным тыпе войскаў і зрабіць яго як мага больш дасканалым.

Прэзыдэнты размаўлялі і пра хуткае набыцьцё Польшчай самалётаў для сваёй арміі. Злучаныя Штаты хацелі б, каб гэта былі амэрыканскія “F-16”, аднак, як і плянавалася, канкрэтнае рашэньне пакуль не было прынятае.

Адной з галоўных тэмаў перамоваў ёсьць таксама барацьба з тэрарызмам. Джордж Буш падзякаваў Польшчы за падтрымку антытэрарэстычнай кааліцыі, а Аляксандар Квасьнеўскі ў сваю чаргу запэўніў, што ягоная краіна будзе падтрымліваць барацьбу з тэрарызмам да канчатковай перамогі.

Паводле адмыслоўцаў, дзяржаўны візыт Аляксандра Квасьнеўскага ў Злучаныя Штаты ёсьць пэўным прызнаньнем для палітыкі лідэрства ў рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якую пасьпяхова праводзіць Польшча з канца 1990-х гадоў. Паводле заяваў Вашынгтону, Варшава ёсьць адным з найбольш каштоўных хаўрусьнікаў Злучаных Штатаў у Эўропе.
XS
SM
MD
LG