Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З МЭТАЙ ЭКАНОМІІ ДЗЯРЖАЎНЫХ СРОДКАЎ БЕЛАРУСКІЯ АМБАСАДАРЫ Ў ЗАМЕЖЖЫ ПАДЧАС АДПАЧЫНКУ СУСТРЭНУЦЦА З ЛУКАШЭНКАМ


Юры Сьвірко, Менск

Ужо сем месяцаў Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Менску ня мае свайго кіраўніка. Пытаньне пра КНГ, як чакалася, абмяркуе зь беларускімі ўладамі дэлегацыя АБСЭ на чале зь ейным генэральным сакратаром Янам Кубішам, аднак гэты візыт пакуль не адбыўся. На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, чаму так здарылася й калі ён чакаецца, прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка на сёньняшнім брыфінгу адказаў:

(Латушка: ) “Мы ня ведаем, ці прыедзе ў Беларусь дэлегацыя АБСЭ, паколькі ня маем адпаведных прапановаў зь іх боку. Паступяць адпаведныя прапановы — будзем разглядаць. У любым выпадку мы гатовыя да размовы, калі дзейны старшыня АБСЭ ці кіраўніцтва АБСЭ прадаставяць зразумелы парадак дня сустрэчы. Пытаньне пра КНГ АБСЭ можа разглядацца толькі ў якасьці аднаго з элемэнтаў парадку дня”.

Спадар Латушка дадаў, што для далейшага разгляду пытаньня пра формы прысутнасьці АБСЭ ў Беларусі неабходна заслухаць пазыцыю Беларусі на Сталай радзе АБСЭ ў Вене — паводле вынікаў дзейнасьці КНГ АБСЭ.

Павал Латушка паведаміў, што 24 ліпеня ў МЗС Беларусі пройдзе паседжаньне калегіяў Міністэрства замежных справаў, Міністэрства эканомікі і Міністэрства гандлю з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Туды запрошаныя амбасадары, часовыя павераныя й генэральныя консулы Беларусі — усяго 46 кіраўнікоў замежных установаў. Іхны прыезд у Менск прымеркаваны да адпачынкаў.

Сярод прысутных ня будзе амбасадара па асаблівых даручэньнях, былога прэсавага сакратара Аляксандра Лукашэнкі ды яшчэ раней МЗС Мікалая Барысевіча. 25 чэрвеня Мікалай Барысевіч прызначаны дарадцам-пасланьнікам амбасады Беларусі ў Чэхіі.

Павал Латушка адмовіўся пракамэнтаваць такое паніжэньне спадара Барысевіча, які з пасады амбасадара па асаблівых даручэньнях пайшоў працаваць дарадцам-пасланьнікам у Чэхіі. Нагадаю, што былы кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімер Скварцоў адразу быў прызначаны амбасадарам у Нямеччыне.

Акрамя замарожваньня пасярод лета кантактаў з АБСЭ ды працы амбасадараў у замежжы, працягваецца паўза ў дачыненьнях Беларусі з суседнімі краінамі. Нагадаю, што кіраўнікі Беларусі ды Ўкраіны даручылі сваім прэм’ер-міністрам да 15 чэрвеня разьвязаць праблему ўкраінскіх даўгоў. Ня выканаўшы даручэньня Аляксандра Лукашэнкі, прэм’ер Генадзь Навіцкі пайшоў у адпачынак. Мінуў ужо месяц, а пра новую ягоную сустрэчу з кіраўніком украінскага ўраду нічога не чуваць.

Ніякіх навінаў няма й наконт сустрэчы самога спадара Лукашэнкі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, хаця сустрэчу абяцалі правесьці да 25 чэрвеня. Прэсавы сакратар беларускага МЗС адно толькі сказаў:

(Латушка: ) “Мы рыхтуемся да гэтай сустрэчы, зацікаўлена рыхтуемся — і расейскі, і беларускі бакі. Сустрэча, безумоўна, адбудзецца. Дзякуй за ўвагу”.
XS
SM
MD
LG