Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДУДЗІЧЫ


Галіна Абакунык, Дудзічы

Вандроўку ў музэй матэрыяльнай культуры найлепш распачаць зь вёскі Дудзічы, бо менавіта ад гэтага невялікага паселішча пайшла назва музэю — Дудуткі. Дабірацца ў вёску варта на маршрутным аўтобусе, бо цікавыя малюнкі несталічнага жыцьця можна назіраць яшчэ па дарозе да месца.

Да прыкладу, кіроўца старэнькага ЛАЗу разам з напарнікам распачынаюць абмяркоўваць ініцыятыву Лукашэнкі надзяліць падуладную вэртыкаль легкавікамі замежнай вытворчасьці. Маўляў, лімузыны для чыноўнікаў — ні што іншае, як аплачаная зь бюджэту падзяка за прэзыдэнцкія выбары. Гаворку пра набалелае пасажыры спачатку слухаюць, а затым пачынаюць ахвотна абмяркоўваць малыя заробкі, беспрацоўе ды слабое здароўе.

Цэнтар Дудзічаў — гэта машынны двор, калгасная сталоўка й аднапавярховы будынак пачатковай беларускай школы. Тут усяго 12 вучняў, таму настаўніца Жана Коўчур, якая жыве і працуе ў вёсцы ад часоў студэнцтва, непакоіцца, каб школу не закрылі.

(Коўчур: ) "Хочам, каб засталася школа, таму што ў нас большасьць сем'яў беларускамоўныя, дзеткі ў сем'ях размаўляюць па-беларуску і пішуць граматна. А ўжо па расейскай мове слабей. Беларусы ёсьць беларусы. Была пральня некалі — закрылі, нявыгадна стала. Была лазьня — таксама закрылі. Ёсьць крама дзяржаўная і камэрцыйная. Яны адна адной не перашкаджаюць, нам і добра. Паглядзім, дзе што таньней — там і купляем. Ня толькі на якасьць глядзім, але яшчэ й на гэта".

Словам, Дудзічы не адрозьніваліся бы ад сотняў іншых малых вёсак, каб не 400-гадовая гісторыя паселішча. Аскепкі даўніны і сучаснасьць тут літаральна суседзяць. Так, з-за школы да старога парку бяжыць агромністы бэтонны чырвонаармеец са стрэльбай, а за ім — невялічкі пастамэнт зь імёнамі загінулых падчас вайны вяскоўцаў.

Літаральна ў некалькіх мэтрах ад гэтага мэмарыялу аднаўляецца драўляная праваслаўная царква, збудаваная тут яшчэ ў 18 стагодзьдзі. Побач стаіць невялічкі слупок-помнік з расейскамоўным надпісам: "Цару-вызваліцелю Аляксандру ІІ ад удзячных сялянаў Дудзіцкай воласьці". Вяскоўцы мяркуюць, што гэта напамінак пра зямельную рэформу 1861 году. Кажуць, што помнік пабываў нават у падмурку хлява, і ўлады ўсталявалі яго тут адносна нядаўна.

Але самае галоўнае — Дудзічы амаль тры стагодзьдзі былі рэзыдэнцыяй беларускага княскага роду Ельскіх.

Міхаіл Ельскі — вядомы ў Эўропе кампазытар. Былі сярод іх мастакі, навукоўцы, калекцыянэры і аграрнікі. У родавым маёнтку Замосьце, што побач з Дудзічамі, быў музэй рамёстваў — прататып таго, што сёньня можна пабачыць у Дудутках. Ельскія былі добрымі гаспадарамі й мэцэнатамі, але для бальшавікоў — "эксплюататарамі" працоўнага народу. На падмурку былога маёнтку Ельскіх цяпер стаіць лецішча адстаўнога вайскоўца. 95-гадовы Пётар Кучынскі памятае, як разбуралі пахаваньні Ельскіх на могілках, якія ў народзе называюць Кобан.

(Кучынскі: ) "Там і жонка пахаваная, і сам Ельскі. Прыгожы ў яго быў помнік: пліта — на польскай мове напісаная, бо ён быў католікам. Могілкі захаваліся цалкам да 1930-га году. За пэрыяд гэтай сталіншчыны й гэнацыду магільнік цалкам разбураны быў. Там цяпер нічога няма. Усё разбуранае".

Пётар Кучынскі ўсё жыцьцё працаваў настаўнікам беларускай мовы, за што ў 1930-я гады патрапіў у ГУЛАГ. Спадар Кучынскі мае слабы зрок, але чытае "Народную Волю" й абазнаны ў палітычных падзеях, якія адбываюцца цяпер у Беларусі. Але ж гэтага нельга сказаць пра маладзейшых дудзічанаў. На вясковай вуліцы, літаральна за некалькі мэтраў ад могілак, некаторыя вяскоўцы нічога не маглі сказаць ні пра Ельскіх, ні ўзгадаць палітычныя партыі ці падзеі.

(Карэспандэнтка: ) "Гэтая вуліца — вуліца Ельскіх. Ці ведаеце вы, хто такія Ельскія?"

(Вясковец: ) "Ельскі — гэта нейкі буйны ці то пісьменьнік, ці то паэт. Не магу вам сказаць дакладна".

(Карэспандэнтка: ) "А дзе пахаваны, ведаеце?"

(Вясковец: ) "Не, там помнікаў многа, а яны ж па-польску напісаныя — паспрабуй разьбярыся".

Бяспамяцтва — вынік цяперашняй дзяржаўнай палітыкі, — перакананая былая аграномка мясцовага калгасу, а цяпер даглядчыца музэю ў Дудутках Зоя Іванчык.

(Іванчык: ) "Галоўнае, чым атруцілі ўвесь наш народ, дык людзі зусім сьпіліся, і нічога ім не цікава. І ўжо не страйкуюць, і нічога не гавораць, і нічога ім не цікава. Можа, за нашымі дзецьмі будучыня".

Паводле ейных словаў, усе выбары тут праходзяць па адным сцэнары: бэзальтэрнатыўная агітацыя на калгасных і школьных сходах, буфэт з гарэлкай у дзень галасаваньня. Хтосьці спрабуе вырвацца з гэтага кола: да прыкладу, сваю дачку-школьніцу Іванчыкі адправілі па лепшую адукацыю ў менскі Нацыянальны гуманітарны ліцэй. І шэсьць гадоў давозілі малую ў Менск рэйсавым аўтобусам. Частка дудзічанаў пайшла працаваць у музэй, які ўсяго ў кілямэтры ад вёскі. Правесьці мяне ў Дудуткі — праз парк і раку Пціч — ахвотна пагадзіўся Павал Лабус — выдатнік і сёлетні выпускнік дудзіцкай пачатковай школы.

(Карэспандэнтка: ) "Што гэта такое, дзе мы зараз знаходзімся?"

(Лабус: ) "Гэта нашая крыніца, у ёй вельмі чыстая вада й смачная".

(Карэспандэнтка: ) "Тут нейкі дах ці што гэта?"

(Лабус: ) "Так. Тут стаялі карціны з фотаздымкамі воднага парку нашага. Тут было яшчэ пра яго напісана, і пра сядзібу Ельскіх таксама".

(Карэспандэнтка: ) "А дзе гэтыя карціны падзеліся?"

(Лабус: ) "Моладзь паздымала. А гэтую кладку рабочыя зрабілі".

(Карэспандэнтка: ) "А дарога куды? У музэй?"

(Лабус: ) "Так. У Дудуткі. А гэта наш вадапад. Ён называецца вадапад ракі Пціч. Гэта засталося пасьля Ельскіх яшчэ. Нашая рака ў некаторых месцах вельмі глыбокая. У часы Ельскіх тут нават патануў палкаводзец. А яшчэ ў нашай рацэ ёсьць бабры. Калі мы купаліся, дык адзін сядзеў на дрэве й абчышчаўся. А мы купаемся на пляжы. Там часта ходзяць каровы, дык мы асабліва ня ходзім па пяску, а лажымся на траву, дзе чыста".

Музэй матэрыяльнай культуры Дудуткі — гэта 180 гектараў палеткаў і комплекс пабудоваў кшталту гаспадарчага двара заможнай беларускай шляхты часоў Ельскіх. З уласнай збажыны тут пякуць хлеб, з малака ад уласных кароў робяць масла й сыр, у кузьні падкоўваюць працоўных і пародных коней. Ёсьць у музэі выстава старажытнай тэхнікі, ганчарная й дрэваапрацоўчыя майстэрні, музэй народнай творчасьці.

Для многіх вяскоўцаў Дудуткі сталіся выратаваньнем ад беспрацоўя і безграшоўя. І гэта, бадай, адзінае, што рэальна ўплывае на жыцьцё месьцічаў ад суседзтва з тутэйшай слыннасьцю. Палова з 45 супрацоўнікаў музэю — мясцовыя жыхары. Яны даглядаюць коней, дояць кароў, вараць сыр і пякуць хлеб на паказ наведнікам. Заробкі тут налічваюць ад колькасьці абслужаных экскурсіяў, а таму стараюцца гасьцям дагадзіць. Да прыкладу, кухар Яўгенія Калечыц пячэ блінцы на лясной паляне, дзе адпачываюць госьці.

(Кухарка: ) "На дрывах на бярозавых блінцы — самыя смачныя".

(Карэспандэнтка: ) "З чым ядуць вашыя блінцы?"

(Кухарка: ) "Нашыя блінцы ядуць з ікрой чорнай і чырвонай, зь мёдам ці сьмятанай — каму з чым падабаецца".

(Карэспандэнтка: ) "Кліенты капрызныя?"

(Кухарка: ) "Што чалавек — то характар, і кожнаму трэба дагадзіць, каб добра было".

Сярод экзатычных промыслаў у Дудутках — самагонаварэньне. Тут адзінае месца ў Беларусі, дзе легалізавана працуе самагонны апарат. Дакладней, іх некалькі: пад адзін, да прыкладу, прыстасаваны нават бак ад танку Т-33. Знаёмлюся з майстрам самагоннай справы.

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце, калі ласка, як вас завуць?"

(Самагоншчык: ) "Станіслаў Антонавіч".

(Карэспандэнтка: ) "А прозьвішча?"

(Самагоншчык: ) "Станіслаў Антонавіч".

(Карэспандэнтка: ) "І як называецца вашая прафэсія?"

(Самагоншчык: ) "Ня ведаю. "Самагоншчык" кажуць. Учора задзелалі, дык на пару дней хопіць".

(Карэспандэнтка: ) "Ня лічыце, што вашая прафэсія небясьпечная?"

(Самагоншчык: ) "А мне нельга піць дык я й не баюся".

(Карэспандэнтка: ) "А замежнікі як прыяжджаюць, дык п'юць ці не?"

(Самагоншчык: ) "Ім жа даюць дэгуставаць. Арабы ня п'юць, немцы таксама шмат ня п'юць. А калі нашыя савецкія — дык яшчэ й дабаўкі просяць".

(Карэспандэнтка: ) "А людзі, што тут працуюць, падыходзяць калі-небудзь на сто грамаў?"

(Самагоншчык: ) "А хто тут падыдзе? Калі дык во адзін Віцька. Больш ніхто".

(Карэспандэнтка: ) "А вы таксама самагоншчык?"

(Спадар: ) "Не, я электрык. Працаваў у калгасе электрыкам. Але ў калгасе па тры месяцы заробку не даюць. І мне цяпер тут падабаецца. Стабільны заробак кожны месяц. А калгасы ўвогуле на калені сталі. Звальняецца вельмі шмат народу. Засталіся, як я іх называю, адмарозкі".

(Карэспандэнтка: ) "А пасьля выбараў як памянялася становішча?"

(Спадар: ) "Яшчэ горш стала. Хоць і старшыня калгасу тут не вінаваты. Чым ён вінаваты? Тут урад вінаваты".

За грошы экскурсантаў у Дудутках утрымліваюць жывёлу й пабудовы, плацяць заробкі. А яшчэ з прыбыткаў будуюць гатэль і карчму, таму лёгкіх грошай тут няма, але вяскоўцы ўсё ж імкнуцца працаваць у музэі як, да прыкладу, конюх Сяргей Шпілеўскі.

(Шпілеўскі: ) "Канечне, тут больш прэстыжна, чым у калгасе. Калгасы развальваюцца. У нас тут зь вёскі Ўзьляны 16 чалавек".

(Карэспандэнтка: ) "Ці зарабляюць у вёсцы тыя сто даляраў?"

(Шпілеўскі: ) "Не зарабляюць. Да прыкладу, тут хлопец са мной працуе — сёньня на выхадным. Ён за месяц, за 30 працоўных дней, зарабіў усяго 18 тысяч. Хацелася бы, канечне, каб прыйшлі ў дзеяньне ўсе гэтыя абяцанкі. Я проста скажу адкрыта: некаторыя лаюць Лукашэнку, а некаторыя хваляць. Але ў вёсцы ў маёй нічога не памянялася. Абсалютна".

Унікальную калекцыю матэрыяльнай культуры беларусаў — музэй Дудуткі — напачатку 1990-х сабраў пісьменьнік і журналіст, уладальнік паліграфічнага прадпрыемства "Паліфакт" Яўген Будзінас. Беспэрспэктыўнасьць прыватнай справы ў Беларусі вымусіла спадара Будзінаса прадаць "Дудуткі" голдынгу "Інфабанк", а самога зьехаць у Літву.

Супрацоўнікі добрым словам узгадваюць былога гаспадара, але на той момант нямала хваляваліся за ўласны лёс. Горшага тут ня здарылася: лад гаспадараньня ў музэі застаўся ранейшым, а ў сьвядомасьці людзей пакрысе прыжылося разуменьне, што ад працы з наведнікамі напрамую залежыць іхны дабрабыт, — сьцьвярджае бугальтарка Валянціна Коўш.

(Коўш: ) "Зьмяніўся гаспадар — канечне, шмат хваляваньняў было. Раптам скажа, што яму не патрэбны музэй і зачыніць усё, можа людзі непатрэбныя будуць. Трывожна было — таму вывучылася, атрымала правы, каб да электрычкі на машыне езьдзіць, але слава Богу. Выхадны ў нас — толькі панядзелак, але калі трэба, то выходзім і ў панядзелак на працу. Мы разумеем, што працуем з кліентамі У нас прыходзяць людзі на экскурсію, дык зімой, калі каровы ў хляве стаялі, дык нават садзіліся кароўку даіць. Вось такі ў нас музэй".

Дудуткі – гэта стылізаваны на сучасны лад побыт беларускай шляхты 18-19 стагодзьдзяў. І пабываць у Дудутках хоць аднойчы цікава, каб пабачыць, дзе і як маглі бы жыць, працаваць і адпачываць беларусы. Каб не рэвалюцыя, каб не савецкая імпэрыя ды яшчэ многія іншыя "каб"...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG