Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЛЬНІ ЗНОЙДЗЕНЫ КЛАД МАНЭТАЎ, ЯКІМ БОЛЕЙ ЗА 600 ГАДОЎ


Тацяна Поклад, Вільня

Манэты 14 ст. знойдзеныя ў Вільні пад гарой Гедыміна, на тэрыторыі Ніжняга замку. Клад з 62 срэбных манэтаў быў ўсяго на глыбіні дзьвюх мэтраў. Манэты знаходзіліся ў вільготнай глебе паміж рэшткаў будаўнічых матэрыялаў і керамічных аскепкаў.

Гэта першыя чаканныя манэты ВКЛ, г. зв. грошы Ягайлы, як называюць іх археолягі і нумізматы. Разам знойдзеная і палова манэтнага зьлітку, які мае ў разрэзе форму трохкутніка. Падобныя зьліткі (кавалкі срэбра вагою 200 г) звычайна ўжываліся ў разьліках ў ВКЛ яшчэ да грошаў Ягайлы і пазьней выкарыстоўваліся альбо як грошы, альбо як сыравіна для чаканкі.

Частка знойдзеных манэтаў мае “Пагоню” з аднога боку і двайны крыж – крыж Ягайлы – з другога. Ёсьць манэты з партрэтам Ягайлы ў кароне, найстарэйшай з усіх вядомых выяваў Ягайлы. А яшчэ знойдзеныя манэты з выявай кап’я з крыжом і надпісам “па-руску”, як паведамілі цяперашнія літоўскія навукоўцы.

(Яўген Кепул, намесьнік старшыні ТБМ Віленскага краю: ) “Сёньняшняя афіцыйная канцэпцыя гісторыі Літвы вельмі ня любіць узгадваць пра славянскія элемэнты ў ВКЛ. Вось і цяпер паведамлена, што надпісы на знойдзеных манэтах нібыта зробленыя на расейскай мове.

Прабачце, гэта на якой такой расейскай? Даўно ўжо вядома, што мова гэтая – старабеларуская мова, і на мове гэтай у тыя часы размаўляла абсалютная большасьць насельніцтва ВКЛ, і ў тым ліку сам Вялікі князь, а пасьля кароль Ягайла – Уладзіслаў.

Аб гэтым сьведчаць і гістарычныя запісы, і тое, напрыклад, што калі Ягайла зрабіўся польскім каралём, менавіта на гэтай мове, на мове нашых бацькоў ён загадаў зрабіць подпісы пад росьпісамі каралеўскага палаца ў Кракаве”.

Клад знайшлі не навукоўцы, а будаўнікі – пад гарой Гедыміна ў Вільні адбудоўваецца Замак Вялікіх князёў – дарэчы, вельмі дарагі і моцна крытыкаваны праект, на які літоўскі ўрад і зараз, пасьля пачатку будаўніцтва, ня мае ўсяе патрэбнае сумы грошаў. Магчыма, што знойдзеныя манэты пойдуць не ў музэі, а на аукцыён, каб фінансаваць далейшую будоўлю.

Недалёка ад гістарычнага старога места ў Вільні распачатая яшчэ будоўля – падземныя аўтастаянкі пад праспэктам Гедыміна, недалёка ад Катэдральнага пляца. Выяўленыя там унікальныя гістарычныя знаходкі ня толькі дапаўняюць, але і зьмяняюць вядомую дагэтуль гісторыю Вільні. Археолягі кажуць, што знаходкі абвяргаюць існуючую гіпотэзу пра тое, што Вільня разьвівалася вакол тэрыторыі замка Гедыміна.

Самыя старыя знаходкі на праспэкце Гедыміна датуюцца 15 альбо 16 ст – гэта рэшткі печаў і яма для прамысловых адкідаў, поўная жалезнага, меднага і бронзавага ліцьця, керамічных аскепкаў, і побач рэшткі драўлянай і каменнай кладкі ад вялікага будынку 16 альбо 17 ст., які згарэў ў 1655 г. – падчас вайны з Масковіяй.

Побач з будынкам кінатэатра “Віленскі” знойдзеныя пахаваньні, якія пакуль што цяжка дакладна вытлумачыць – 8 трунаў; у адным са скелетаў заўважаная куля. Адзін зь мясцовых літоўскіх археолягаў Л.Квізікявічус выказаў меркаваньне, што ва ўсіх трунах – забітыя ў часы паўстаньня Касьцюшкі 1794 г. і пасьля таемна пахаваныя.

Пазьнейшыя знаходкі – частка вадаправоднага калектара 19 ст., на глыбіні 4 мэтры (на вул Урублеўскага) і драўляныя тратуары плошчаю 6,5 квадратных мэтраў каля Катэдральнага пляца.
XS
SM
MD
LG