Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФАТАЗДЫМАК, ЯКОГА НЕ БЫЛО


Аляксандар Лукашук, Генуя

Гэты фатаздымак Валодзя Кармілкін не зрабіў па маёй віне. У 1998 годзе ў гатэлі “Юбілейная” праходзіла навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Я хаця і меўся адкрываць паседжаньне, крыху затрымаўся ў фае, і таму адразу прадставіў уступнае слова Васілю Быкаву, і тады толькі агледзеўся. І ледзь не самлеў. На сцэне крыху ззаду ад стала прэзыдыюму стаяў чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг. Пад такім сьцягам гаварыць пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі было б блюзьнерствам.

Аднак і ставіць на галасаваньне не выпадала. У залі прысутнічалі дыпляматы, замежныя дасьледчыкі, афіцыйныя асобы. На першым радзе сядзеў са сваёй камэрай Кармілкін. Пасьля прывітаньня Быкава я ўзяў мікрафон і сказаў, што з гэтым сьцягам размова пра рэпрэсіі немагчымая. “Валодзя, – зьвярнуўся я да Кармілкіна, – прыбярыце, калі ласка”. Пад узрушаньне залі Кармілкін узяў палотнішча з тумбай і адцягнуў за кулісы. Пасьля вярнуўся, пакорпаўся ў сваёй сумцы, дастаў настольны бел-чырвона-белы сьцяжок і паставіў побач зь мікрафонам. Арганізатары канфэрэнцыі і дырэктар гатэлю былі напалоханыя, пагражалі забраць залю. Але ўся канфэрэнцыя йшла пад бел-чырвона-белым сьцяжком Кармілкіна. Гэтага здымка, героем якога быў сам фатограф, натуральна, няма.

З гадамі ён пачаў здымаць лепш і лепш. Апошні раз мы сустракаліся каля месяца таму ў Курапатах, калі закрывалася штодзённая кругласутачная варта. Ён аддаў мне свой курапацкі альбом. Унікальныя імгненьні абароны. Шыхты АМОНу, самазвалы і бульдозэры на могілках, крыжы, намёт, які яшчэ не згарэў, і магілы пад сьнегам…

Кармілкін быў там і тады, дзе і калі адбывалася беларуская гісторыя. Я не сустракаў людзей, якія б ведалі Валодзю Кармілкіна і не любілі яго. Верагодна, таму ён і ягоныя здымкі тут, у Італіі, дзе мяне засьпела горкая вестка, стаяць у мяне перад вачыма і крыху расплываюцца. Але гэтая адсутнасьць рэзкасьці – зусім не віна фотамайстра.
XS
SM
MD
LG