Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГРАМАДЗЯНСКІ ПРАЦЭС ПАВОДЛЕ НЯМІСКАЙ ТРАГЕДЫІ: ФАКТЫ СЬВЕДЧАЦЬ НА КАРЫСЬЦЬ ПАЦЯРПЕЛЫХ


Галіна Абакунчык, Менск

Бацькі ахвяраў Нямігі вінавацяць адказчыкаў у дрэннай арганізацыі сьвята і патрабуюць кампэнсаваць ім маральныя страты — 100 мільёнаў беларускіх рублёў кожнай сям’і.

Сёньня адным з галоўных выступоўцаў на працэсе была прадстаўніца групы экспэртаў, якая дасьледавала прычыны здарэньня ў першыя ж дні пасьля трагедыі. Высновы камісіі аналягічныя меркаваньням ініцыятараў працэсу: ахвяраў магло ня быць.

Але адказчыкі па-ранейшаму сваёй вінаватасьці не прызнаюць і сьцьвярджаюць, што прычынай трагедыі сталася навальніца і самі ўдзельнікі сьвята. Бацькі загінулых абураныя падобным стаўленьнем да сябе і памяці сваіх дзяцей. Гаворыць маці загінулай Жаны Сьвятлана Карпека:

(Карпека: ) “Сёньня я тут упершыню і хачу паслухаць, як жа нас далей будуць прыніжаць, бо гэты працэс нас прыніжае. Але мы выстаім да канца”.

Сьвятлана Карпека і яшчэ тры маці таксама зьвярнуліся ў суд з аналягічнымі пазовамі. Паводле лідэркі грамадзкай арганізацыі “Няміга” Натальлі Навакоўскай, у процівагу такой актыўнасьці бацькоў узьнікла ініцыятыва стварэньня групы падтрымкі адказчыкаў зь ліку выратаваных удзельнікаў імпрэзы. Гаворыць Натальля Навакоўская:

(Навакоўская: ) “Думаю, што калі такая арганізацыя была б створаная, то яна складалася б з падстаўных людзей. Гэта правакацыйны жэст, каб нашыя маральныя пакуты яшчэ павялічыць”.

Судзьдзя адхіліла хадайніцтва адваката Алега Воўчака (адваката Ніны Іньковай) — ён патрабаваў выклікаць у суд кіраўнікоў сталічнай мэрыі. Але факты, паводле ягоных словаў, сьведчаць на карысьць пацярпелых. Так, нават крымінальная справы на міліцэйскіх чыноўнікаў сёлета была спыненыя з-за даўнасьці часу, а не з прычыны невінаватасьці.

Аднак судзьдзі Вользе Гусаковай спатрэбіцца нямала мужнасьці, каб прыняць рашэньне не на карысьць кіраўнікоў высокіх уладных структураў. Гаворыць Алег Воўчак:

(Воўчак: ) “Суд і пракуратура — як адзін орган вэртыкалі. Таму ўсё будзе залежаць ад таго, наколькі суд зможа аб’ектыўна да гэтага працэсу падысьці”.

Судовае паседжаньне працягнецца.
XS
SM
MD
LG