Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫ БЕЛАРУСКІЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ ПАРТЫІ ВЫРАШЫЛІ АБ’ЯДНАЦЦА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Працэс аб’яднаньня партыяў сацыял-дэмакратычнага кірунку пачаўся яшчэ на пачатку гэтага году, але сёньня між лідэрамі была дасягнутая канкрэтная дамоўленасьць. Аб’яднаўчы зьезд пройдзе ў жніўні, і на ім тры сацыял-дэмакратычныя партыі (БСДП, БСДГ і “Надзея”) будуць прэзэнтаваныя роўнай колькасьцю сваіх сяброў.

Кандыдатамі на старшыню новай партыі стануць спадары Кароль і Шушкевіч і спадарыня Палевікова, але магчымыя й іншыя кандыдатуры. Ня выключана, што да будачай аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі (яшчэ адна рабочая назва — Аб’яднаная сацыял-дэмакратычная грамада), далучацца Партыя працы й сацыяльнай справядлівасьці, а таксама многія актывісты Фэдэрацыі прафсаюзаў, якія не задаволеныя ўчорашнім абраньнем на пасаду старшыні гэтай арганізацыі намесьніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Леаніда Козіка.

Гаворыць адзін з арганізатараў сацыял-дэмакратычнага аб’яднаньня, сакратар ЦК БСДП Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “Аб’яднаньне сацыял-дэмакратаў у адзіную партыю ёсьць адказам на патрабаваньне часу — аб’яднаньня ўсіх сацыял-дэмакратычных сілаў дзеля дэмакратызацыі Беларусі”.

Паводле лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслава Шушкевіча, цяпер у справе партыйнага аб’яднаньня найбольш актыўна працуюць юрысты, бо існуе вялікая небясьпека таго, што пасьля правядзеньня агульнага зьезду Міністэрства юстыцыі можа скасаваць рэгістрацыю ўжо дзейных суб’ектаў — БСДГ і партыі “Надзея”, і не зарэгістраваць новую партыю:

(Шушкевіч: ) “Мы цяпер распрацоўваем дакумэнты для зьезду. Яны мусяць быць вельмі карэктнымі, каб ня стала так: “Ага, вы аб’ядноўваецеся, значыць, вас ужо няма”. У нас адказу на шэраг пытаньняў у законе “Аб палітычных партыях” няма. І таму мы павінныя зрабіць так: як бы ні адказалі на гэтае пытаньне ў межах таго заканадаўства, мы павінныя існаваць. І я думаю, што мы гэта зробім”.

Лідэрка жаночай партыі “Надзея” Валянціна Палевікова гаворыць, што адна з галоўных мэтаў аб’яднаньня — шырокі ўдзел сацыял-дэмакратаў у выбарах у мясцовыя органы ўлады:

(Палевікова: ) “Гэта адна з галоўных мэтаў, дзеля якой мы аб’ядноўваемся. Мы сёньня вырашылі й зацьвердзім на паседжаньні арганізацыйнага камітэту рабочы плян падрыхтоўкі зьезду, у які ўвойдуць нашыя сустрэчы і паездкі — сустрэчы з актывістамі партыяў і проста з выбарцамі. Гэта будуць і сустрэчы з тымі людзьмі, якія ўжо вылучаюцца ад нашых партыяў”.

Паседжаньне аб’яднаўчага арганізацыйнага камітэту сацыял-дэмакратаў пройдзе ў гэтую суботу.
XS
SM
MD
LG