Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМЁР УЛАДЗІМЕР КАРМІЛКІН


Ігар Карней, Менск

У кватэры Ўладзімера Кармілкіна часта зьбіраліся палітыкі й журналісты, дыпляматы, артысты; натуральна, фатографы і людзі кіно. Людзі ішлі ня толькі каб пачаставацца “дарамі прыроды”, вялікім аматарам якіх быў сам гаспадар, але й пакапацца ў шматлікіх архівах, якія фатограф распачаў з прыходам перабудовы.

За разнастайнымі фіранкамі, перагародкамі стройнымі шэрагамі стаяць відэа- і аўдыёкасэты з рэдкімі запісамі, каштоўнасьць якіх па-сапраўднаму зразумеюць хіба што наступныя пакаленьні. Паўсюдна на сьценах фотавыявы гасьцей. Некаторых з гэтых людзей таксама ўжо няма — Карпенка, Ганчар, Захаранка, Майсеня, Завадзкі. Шмат здымкаў самога гаспадара: вось ён у армейскай амуніцыі, вось у кампаніі з Васілём Быкавым і Зянонам Пазьняком, а вось у эпіцэнтры шматлікіх палітычных падзеяў.

Нечаканая цішыня, што панавала тут сёньня, нязвыклая найперш для родных. Падазрае нядобрае і любімы сабака Жуля, якога шмат гадоў таму дачка Кармілкіна Міліта падабрала на вуліцы і які стаўся жывым атрыбутам кватэры. Цікава, што нават Жуліна будка абклееная палітычнымі лёзунгамі. Няўжо ў гэтай кватэры ніколі ўжо ня будзе так шматлюдна? — на гэтае пытаньне адказу ня ведае ніхто. У тым ліку і дачка Міліта.

(Міліта: ) “Кватэра практычна ніколі не заставалася пустой. Душаць сьлёзы, калі зараз пра гэта ўзгадваеш. Колькі людзей, цудоўных людзей тут было заўсёды. І ён цалкам адпавядаў свайму прозьвішчу — Кармілкін”.

Спадар Кармілкін сапраўды быў хлебасольным гаспадаром. І карміў, і паіў усіх ад душы. Вялікі аматар рыбалкі, грыбоў ды ягадаў, ён заўсёды меў багаты запас саленьняў ды варэньняў. Праўда, добрая палова ў кватэры доўга не затрымлівалася. З поўнымі торбамі спадар Кармілкін рэгулярна ладзіў ваяжы да маці Юрыя Захаранкі, маці Генадзя Карпенкі, да Васіля Старавойтава, нарэшце, да адной з самых сталых удзельніц усіх шэсьцяў апазыцыі Надзеі Дземідовіч, якая колісь прайшла сталінскія лягеры.

(Дземідовіч: ) “Гэта мне быў самы блізкі, самы родны чалавек. І не адно для мяне, для нашай Беларусі ён тварыў гісторыю. Ён хацеў, каб мы вольна жылі, хоць сам быў родам з Расеі. Такіх, як ён, мала знойдзеш. Ва ўсіх шэрагах быў першы. Не шкадаваў ні сябе, ні часу, аддаваў усё дзеля таго, каб наша Радзіма, Беларусь, жыла”.

Эканаміст Васіль Шлындзікаў ва ўсіх раней раней згаданых паездках выконваў ролю кіроўцы. Пра сьмерць непасрэднага ініцыятара падобных місіяў даведаўся толькі ад нас.

(Шлындзікаў: ) “О госпадзі! Уладзімер Паўлавіч быў чалавекам, для якога галоўным у жыцьці была Беларусь. Ён па сутнасьці стварыў кроніку барацьбы супраць камуністычных ідэяў, супраць рэжыму, дыктатуры. Іншага чалавека, які зрабіў бы ўсё дзеля стварэньня дакумэнтальнай кронікі Беларусі, я, прынамсі, ня ведаю. Гэта вялікая страта для дэмакратычнай апазыцыі”.

Спадар Кармілкін цягам апошняга дзесяцігодзьдзя зрабіўся своеасаблівым сымбалем апазыцыйных акцыяў. Мікрафон ад ягонага старога рэпартафона заўсёды быў нацэлены на выступоўцу. Многія ўзгадваюць пры гэтым цікавы момант, калі аднойчы Кармілкін безапэляцыйна вымусіў трымаць мікрафон былога амбасадара ЗША ў Беларусі Дэніэла Спэкгарда, бо якраз трэба было тэрмінова зрабіць здымак.

Кім увогуле быў Уладзімер Кармілкін для апазыцыйнага руху Беларусі? Адказвае Вінцук Вячорка, старшыня руху БНФ “Адраджэньне”:

(Вячорка: ) “Уладзімер Кармілкін належаў да людзей з, так бы мовіць, народнай біяграфіяй. Чалавек з тэхнічнай адукацыяй, 25 гадоў аддаў службе ў войску і, што самае важнае, не паддаўся ні на якую савецкую індактрынацыю, заўсёды заставаўся верным народным прынцыпам. Ён адчуваў, дзе праўда, дзе справядлівасьць, дзе боль, дзе пакрыўджаныя. І заўсёды быў там — на баку праўды”.

Разьвітаньне з Уладзімерам Кармілкіным адбудзецца заўтра, 18 ліпеня, з 11 да 12 гадзіны ў памяшканьні ўправы БНФ на вуліцы Варвашэні. Пахаваньне прызначанае на 13 гадзін на Ўсходніх могілках сталіцы.
XS
SM
MD
LG