Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД ЗАЦЬВЕРДЗІЎ ПЕРАЛІК САЦЫЯЛЬНЫХ ПАКАЗАНЬНЯЎ ДЛЯ АБОРТАЎ НА ПОЗЬНІХ ТЭРМІНАХ


Ганна Соусь, Менск

Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўся, летась у Беларусі на 1000 жанчын дзетароднага ўзросту прыходзілася 36 абортаў. У адпаведнасьці з беларускім законам “Аб ахове здароўя”, аборт можна рабіць у дзяржаўных мэдычных установах пры тэрміне цяжарнасьці да 12 тыдняў, а пры наяўнасьці сацыяльных паказаньняў — пры тэрміне ня больш за 22 тыдні.

Цяпер беларускі ўрад вызначыў гэтыя сацыяльныя паказаньні. Гэта знаходжаньне жанчыны ці яе мужа ў месцах пазбаўленьня волі, інваліднасьць 1-й і 2-й групы ў мужа, наяўнасьць дзіцяці-інваліда зь дзяцінства, сьмерць мужа падчас цяжарнасьці жанчыны. Да таго ж “шматдзетнасьць, цяжарнасьць у выніку згвалтаваньня, статус уцекача ў жанчыны, прызнаньне жанчыны ці яе мужа беспрацоўнымі ў часе цяжарнасьці” ды шэраг іншых.

Я зьвярнулася па камэнтар да кіраўніцы аддзелу сямейнай палітыкі й гендэрных праблемаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ірыны Чутковай, якая была адной з тых, хто экспэртаваў гэтую пастанову ўраду.

(Чуткова: ) “Закон, які дазваляе рабіць аборты ў тэрміны да 12 тыдняў, абсалютна не мяняўся. Пералік сацыяльных паказаньняў быў і раней, але Мінздраў паспрабаваў яго нейкім чынам перагледзець. Нам у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны падавалася, што жорсткая рэглямэнтацыя ўсіх тых умоваў, якія дазваляюць лекару даць дазвол на аборт, мусіць у большай ступені быць прэрагатывай органаў аховы здароўя. Мы былі за тое, каб большую частку паказаньняў вызначалі лекары. Наш пункт гледжаньня ня быў ухвалены”.

А дэпутатка палаты прадстаўнікоў Надзея Цыркун, якая шмат гадоў займаецца гендэрнай праблематыкай, мяркуе, што праблему абортаў заканадаўства мусіць рэгуляваць вельмі далікатна. Пры гэтым галоўнае, каб прызнавалася права жанчыны самой вырашыць — мець ёй дзяцей ці не, колькі, як і ў якія тэрміны.

(Цыркун: ) “Нідзе ў нашых законах няма, што ёсьць нейкія адмысловыя ўмовы. У нас напісана: аборт дазволены. І ўсё. Усё астатняе, гэта, можа, спробы зьмяніць гэты артыкул. Да таго ж, як заўжды, гэта ня самы лепшы варыянт зьмяненьня дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне. Нараджальнасьць зьнізілася, і ў нас рухнула піраміда, таму нам трэба мяняць пэнсійнае заканадаўства. Але насамрэч нам трэба думаць пра тое, як падняць эканоміку й гэтак далей. І ні ў якім разе ніякія забароны альбо рэкамэндацыі ў справе перапыненьня цяжарнасьці, альбо забароны на аборт не прывядуць да эканамічнага разьвіцьця”.

Адметна, што 73% жыхароў Беларусі выступаюць супраць забароны абортаў, а 41% мяркуе, што забарона альбо абмежаваньні на аборты не прывядуць да паляшэньня дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне. Гэтыя зьвесткі былі атрыманыя сёлета сацыёлягамі таварыства “Сацыяльныя й экалягічныя дасьледаваньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG