Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ НЯ МАЮЦЬ ЧЫМ ЖАЦЬ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму ў справах сельскай гаспадаркі Георгі Дашкевіч рэзка скрытыкаваў кіраўнікоў “Гомсельмашу” за тое, што яны не адправілі ў калгасы 30 збожжаўборачных камбайнаў. Сьпёка вымагае хуткага жніва. На ўліку літаральна кожны новы камбайн, бо шмат зношанай тэхнікі цяпер проста ня можа выйсьці ў поле.

Начальнік дэпартамэнту рэгіянальных продажаў сельмашаўскай тэхнікі Васіль Клімянок не прымае крытыкі аблвыканкаму:

(Клімянок: ) “Гомельскай вобласьці паводле распараджэньня прэзыдэнта належыць набыць 88 камбайнаў. Дамову вобласьць заключыла на 100 камбайнаў, але заплаціла толькі за 51. Мы адгрузілі 70 — амаль за 20 камбайнаў не заплачана. Яшчэ за 30 Гомельшчына і ня думае плаціць. Мы з Дашкевіча кожны дзень грошы патрабуем, просім, пераконваем — патрэбныя грошы. Бяз грошай камбайнаў не бывае”.

Паводле ягоных словаў, не заплаціла “Гомсельмашу” за 102 замоўленыя камбайны Менская вобласьць, за 40 — Гарадзенская. І толькі Віцебская вобласьць поўнасьцю пералічыла сродкі за 62 камбайны і атрымала іх да жніва.

Як удалося высьветліць ва ўправе мэханізацыі Гомельскага аблсельгасхарчу, на набыцьцё пераважнай большасьці камбайнаў сродкі павінныя быць выдзеленыя з фонду падтрымкі АПК краіны. Аднак рэальна з 15 абяцаных мільярдаў рублёў гамельчукі атрымалі да жніва крыху больш за 5 мільярдаў.
XS
SM
MD
LG