Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НОВАЯ ЗЯМЛЯ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

(Карэспандэнт: ) “Напярэдадні да 120-годзьдзя з дня нараджэньня Якуба Коласа ў выдавецтве Беларускага Фонду культуры пад адной вокладкай адразу на трох мовах – па-беларуску, па-польску і па-расейску выйшла паэма “Новая зямля”.

Прычым поўны польскі пераклад гэтага клясычнага твору быў зроблены ўпершыню. Аўтар перакладу – вядомы польскі перакладчык беларускай літаратуры Чэслаў Сэнюх.

Варта адзначыць, што перакласьці поўнасьцю “Новую зямлю”, прыкладам, на расейскую мову ня ўзяўся ніводзін з расейскіх перакладчыкаў. Зьмешчаны ў кніжцы расейскі варыянт паэмы складаецца з кавалкаў, перакладзеных пяцьцю перакладчыкамі.

Цікава, што спадар Чэслаў, які, дарэчы, нарадзіўся на Наваградчыне, а ў Польшчу пераехаў пасьля вайны, пачаў перакладаць ужо ў даволі сталым узросьце. Першым ягоным перакладам быў “Прарок” Янкі Купалы, які пабачыў сьвет у 1981 годзе, да 100-гадовага юбілею песьняра. Ад таго часу спадар Сэнюх пераклаў шмат твораў Купалы, Коласа, Багдановіча, Брыля, Быкава, Арсеневай ды шэрагу іншых вядомых беларускіх літаратараў.

Чаму стаў перакладаць беларускую літаратуру? “Зоў крыві”, – адказвае спадар Чэслаў. Ягоная маці была беларускай.

Такім чынам, сёньня нашым госьцем выбітны перакладчык беларускай літаратуры, а таксама шчыры аматар беларушчыны спадар Чэслаў Сэнюх.

Спадар Сэнюх, скажыце, як вам працавалася над перакладам аднаго з найбольш выдатных твораў беларускай літаратуры? Хто натхняў вас на гэтую працу, якая трывала доўгія 10 гадоў?”

(Сэнюх: ) “Спачатку, калі я ўзяўся за гэта зь вялікім энтузіязмам, мне падавалася, што мая праца шмат каго зацікавіць. Але пазьней я пераканаўся, што буду сам з гэтым змагацца, што ніхто і нічым мне не дапаможа, акрамя хіба што маральнай падтрымкі, якая была з боку польскіх беларусаў – маіх сяброў з аб’яднаньня “Белавежа”, Сакрата Яновіча, які, дарэчы, заўсёды вельмі станоўча выказваўся пра неабходнасьць гэтага перакладу, тым больш, што набліжаўся 120-гадовы юбілей Якуба Коласа. Вельмі падтрымаў мяне і Янка Брыль – яму мая падзяка. Калі б не ягоная ініцыятыва, я б, напэўна, ня ўзяўся за гэтую справу”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Чэслаў, а ці адчувалі вы якую-небудзь дапамогу з боку Рэспублікі Беларусь, бо падаеца, што гэты пераклад быў патрэбны ў першую чаргу нам, беларусам?”

(Сэнюх: ) “Не, ніякай падтрымкі не было. Дапамога была ад беларускай дыяспары у Амэрыцы. Хай сабе, нават па польскіх мерках, гэтая дапамога была невялікая, аднак яна пераканала мяне, што я раблю патрэбную справу. Патрэбную нават амэрыканскім беларусам”.

(Карэспандэнт: ) “Цяпер можа пагутарым уласна пра пераклад. Напярэдадні, у часе адной з навуковых канфэрэнцыяў, вы прадставілі сваё дасьледаваньне – параўналі расейскі і польскі пераклады “Новай зямлі”. Аказалася, што расейскія перакладчыкі ўвесь час значна скарачалі і скажалі зьмест паэмы. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра гэта”.

(Сэнюх: ) “Над перакладам паэмы на расейскую мову працавалі аж пяць расейскіх перакладчыкаў. І вось што цікава, усе трыццаць песьняў, якія перакладаліся рознымі перакладчыкамі, карацейшыя ад арыгіналу!

Дарэчы, гэта зацеміў якраз ня я, а рэдактар апошняга, трохмоўнага выданьня “Новай зямлі” Язэп Янушкевіч. Паводле ягоных падлікаў, расейскі пераклад карацейшы ад арыгіналу аж на тысячу радкоў. Прычым арыгінальны тэкст мае каля 11 тысячаў радкоў”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму так атрымалася?”

(Сэнюх: ) “Перакладчыкі, напэўна, атрымалі адпаведны загад, бо яны як агню баяліся пакідаць у тэксьце тыя месцы, дзе гаворка ідзе пра гаспадарлівасьць, заможнасьць і працавітасьць тагачаснага беларускага селяніна. Ім трэба было, каб у паэме селянін аказаўся голы і босы. Каб чакаў і спадзяваўся только на дапамогу “старэйшага брата”, “расейца – вызваліцеля”. Таму яны зацята пазбаўляліся, прыкладам, коласаўскіх апісаньняў сялянскага стала – велікоднага, каляднага і гэтак далей”.

(Карэспандэнт: ) “У кнізе побач з вашым перакладам зьмешчаны і пераклад расейскі, які не зьмяніўся з савецкіх часоў. Не маглі б вы, выкарыстоўваючы яго, праілюстраваць свае словы?”

(Сэнюх: ) “Давайце возьмем велікодны стол. Вось як ёсьць у арыгінале:

Відэльцы дружна разбіраюць,
І гуртам яйкі ачышчаюць,
І па кусочку іх бяруць,
Крыху падсольваюць, ядуць.
Вось бацька чарку налівае
І вочы ўгору падымае.
— Дай, Божа, за год дачакаць
Здаровым, вясёлым, жывым
І новы Вялікдзень таксама спаткаць
У добрым здаровейку ўсім,
Каб гора і смутку ня зналі.
— Дай, Божа! — разам адказалі.
І пайшла чарка з рук у рукі,
Пілі ўсе гладка, без прынукі;
Малым папрабаваць далі,
Каб весялейшыя былі.
А на стале тым — рай, ды годзе,
Што рэдка трапіцца ў народзе,
Ляжала шынка, як кадушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зьверху, сакаўная,
Як бы агонь у ёй палае,
А ніз бялюткі, паркалёвы;
Кілбасы-скруткі, як падковы,
Між сьцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсьвінак,
Чысьцюткі, сьвежы і румяны,
Як бы паніч той надзіманы.
Муштарда, хрэн — адно дзяржыся,
У рот паложыш — сьцеражыся!
А пірагі, як сонца, зьзялі,
І ў роце бабкі раставалі.
Са смакам елі і багата —
На тое ж даў Бог людзям свята.


А цяпер паглядзім, як гэты самы кавалак перакладены на расейскую мову.

Все вилки дружно разбирают, яички лупят, раздевают
И по кусочку их берут и, посолив чуть-чуть, жуют.
Вот батька рюмку наливает, глаза к иконам поднимает
Дай Бог нам этот год прожить, здоровым и веселым быть
Не знаться ни с нуждой, ни с горем. Дай Бог – ответили все хором
И чарка добрая пошла, без понуканий вкруг стола,
Детишек тоже не забыли и им по маленькой налили
Ну, будьте хлопцы молодцами, растите вольными орлами


Тут вы, напэўна, чакаеце на апісаньне сьвяточнага стала – але яго няма! Вось так канчаецца песьня. Прычым, нехта яшчэ выдумаў тут нейкіх “вольных арлоў”. Гэта ж проста хлусьня. Ня так пісаў Колас. Ён жа апісваў сьвята ў сваёй хаце і нічога не прыдумаў”.

(Карэспандэнт: ) “Вялікі дзякуй. А я, можа, яшчэ дазволю сабе зьвярнуць увагу слухачоў на тое, што ў працытаваным толькі што кавалку, дзе гаворыцца пра тое, як дзецям далі пакаштаваць алькаголь, коласаўскае “малым паспрабаваць далі” перакладзенае як “и им по маленькой налили”. Падаецца, што у адпаведнасьці зь беларускай традыцыяй наўрад ці гаспадар частаваў бы сваіх дзяцей кілішкамі гарэлкі. Хутчэй тут падыходзіць расейскае “пригубить”. А вось як гэтыя словы гучаць па-польску у перакладзе і выкананьні Чэслава Сэнюка:

„Zważywszy na okazję taką
Spróbować dano i chłopaką”

(Карэспандэнт: ) “Але спадар Сэнюх, на вашую думку, чаму ж цэнзараў гэтак страшыў стол беларускага селяніна?”

(Сэнюх: ) “У Расеі ж тады быў голад і бяда. Не хацелі, каб расейскі селянін чуў, што недзе ў Беларусі добра жывуць – на сталах ёсьць усё, чаго ён ніколі нават ня сьніў”.

(Карэспандэнт: ) “Тут, на хвіліну перапыніўшы размову са спадаром Сэнюхам, варта адзначыць, што ў 1949 годзе, калі “Новую зямлю” пасьля доўгага перапынку было вырашана выдаць па-расейску, сам Колас быў незадаволены ня толькі скарачэньнямі, але і якасьцяй самога перакладу. Працытуем у гэтай справе словы аўтара прадмовы да трохмоўнага выданьня “Новай зямлі” Міхася Мушынскага – выдатнага знаўцы коласаўскай літаратурнай спадчыны.

“Якуб Колас ня здолеў дамагчыся поўнай адпаведнасьці расейскага перакладу з арыгіналам. Выданьне 1949 году мае шэраг скарачэньняў, якія выкліканыя ня творчымі, а перадусім ідэялягічнымі меркаваньнямі. Адвольнае ўмяшальніцтва у аўтарскі тэкст негатыўна адбілася на зьмесьце паэмы, абядніла яе. Скарачэньні, ў першую чаргу, тычыліся тых момантаў, дзе перакладчыкі безпадстаўна, пад уплывам цэнзуры альбо вульгарна-дагматычнай крытыкі ўбачылі ў тэксьце паэтызацыю заможнага сялянскага жыцьця, усхваленьне кулацкіх памкненьняў героя, прапаганду клясавага прымірэньня. Празь пераклад у паэме значна аслабленае гучаньне рэлегійных матываў і адначасова зроблены безпадстаўны акцэнт на атэізм герояў, на іх быццам бы нэгатыўнае ці абыякавае стаўленьне да рэлігіі і царквы”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Сэнюх, у сваю чаргу, ваш польскі пераклад “Новай зямлі” аказаўся даўжэйшы прыкладна на паўтары сотні радкоў. У чым тут справа?”

(Сэнюх: ) “Гэта атрымалася, галоўным чынам, з-за прасадыйнай спэцыфічнасьці польскай мовы. У польскай мове націск сталы, ён падае, як правіла, на перадапошні склад. Таму рыфмы ў польскай вэрсыфікацыі пераважна жаночыя. А ў беларускай ці расейскай мове гэты націск рухомы. Гэта вельмі важна для верша. У іх шмат словаў з націскам на апошні склад і мужчынскіх рыфмаў таксама шмат. Беларуская мова больш элястычная, больш гнуткая, а гэта вельмі важна ў вершы. Пры меншай колькасьці словаў гэтай мовай можна выказаць значна больш складаны зьмест”.

(Карэспандэнт: ) “Па так цяжкай працы, ці маеце вы намер перакласьці яшчэ што-небудзь зь беларускай літаратуры?”

(Сэнюх: ) “Я вам адкажу так. Зь вялікай прыемнасьцю зрабіў бы пераклад яшчэ аднаго коласаўскага шэдэўра – паэмы “Сымон-музыка”. Умова адная і вельмі сьціплая – каб мець нейкую стыпэндыю. Каб я мог, ня думаючы, дзе зарабіць на жыцьцё, сесьці і перакладаць. Калі Бог дасьць жыцьцё і здароўе, дык я зрабіў бы гэта да 130-й гадавіны з дня нараджэньня Якуба Коласа”.
XS
SM
MD
LG