Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЯТЛАНА ЗАВАДЗКАЯ І ІРЫНА КРАСОЎСКАЯ НАВЕДАЛІ ПОЛЬСКІ СОЙМ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У часе прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася ў Сойме напярэдадні паседжаньня камісіі па замежных справах, дзе сёньня як раз ўздымалася пытаньне польска-беларускіх стасункаў, Сьвятлана Завадзкая і Ірына Красоўская адзначылі, што беларускія ўлады ня хочуць дасьледаваць факты зьнікненьня іхных сваякоў, бо самі маюць да гэтага дачыненьне.

(Красоўская: ) “Мы прыехалі, каб прасіць у польскага Сойму і польскага народу, бо беларускія ўлады ня будуць нічога рабіць, каб дасьледаваць этыя справы, а наадварот – будуць хаваць праўду”.

Пазьней, у часе сустрэчы з чальцамі камісіі Сойму па міжнародных справах, беларускія жанчыны прасілі польскіх парлямэнтароў правесьці слуханьні ў справе зьніклых палітыкаў, а таксама ўсімі магчымымі сродкамі дамагацца ад беларускіх ўладаў стварэньня ўмоваў для працы незалежнай міжнароднай камісіі, якая б дасьледавала гэтыя справы.

У часе паседжаньня камісіі па міжнародных справах, дэпутаты парляманцкай фракцыі “Закон і справядлівасьць” прапанавалі ўхваліць зварот да Сойму з прапановай слуханьняў, а таксама рэкамэндацыі да міністэрства замежных справаў Польшчы ў справе дыпляматычнага ціску на беларускія ўлады ў сувязі са зьнікненьнямі вядомых апазыцыйных дзеячоў. Тэкст ухвалы будзе апрацаваны на адмысловым паседжаньні камісіі з удзелам прадстаўнікоў усіх парлямэнцкіх фракцыяў Сойму. Чальцы камісіі падтрымалі польскі ўрад, які ня мае афіцыйных кантактаў з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі.

Гаворыць намесьнік Старшыні камісіі па міжнародных справах польскага парлямэнту Богдан Пліх:

(Пліх: ) “Нельга забываць, што аспэкт павагі да правоў чалавека ёсьць адной з падставаў нашай палітыкі. І так мусіць быць. Мы павінны даведацца, што сталася са зьніклымі беларускімі апазыцыянэрамі і хто за гэта адпавядае. Трэба намагацца, каб у Беларусі сродкі масавай інфармацыі былі вольныя. І ва ўсім гэтым Польшча як частка міжнароднай супольнасьці мае свой істотны голас. Я лічу, што дыктатарская пазыцыя Лукашэнкі, а ён безумоўна ёсьць дыктатарам, цяпер не такая моцная, як была яшчэ перад верасьням мінулага году. І ў выніку збліжэньня ЗША і Расеі, я думаю, яна будзе яшчэ больш слабай. Таму трэба зараз кантактаваць з чыноўнікамі сярэдняга ўзроўню, тлумачачы ім гэта, а з другога боку, трэба працягваць эмбарга на стасункі на вышэйшым узроўні – з самім Лукашэнкам, міністрам замежных справаў ці прэм’ер-міністрам беларускага ўраду”.

У часе з размовы са Сьвятланай Завадзкай і Ірынай Красоўскай Богдан Пліх запэўніў таксама, што інфармацыя, якую ён атрымаў, абавязкова будзе ўлічаная ў часе падрыхтоўкі адмысловай справаздачы ў справе Беларусі, якая трапіць у Раду Эўропы пры канцы верасьня. Богдан Пліх будзе адным з аўтараў гэтай справаздачы. Шэраг дэпутатаў Сойму адзначылі, што падтрымка дэмакратыі ў Беларусі ёсьць абавязкам палякаў, якія зусім нядаўна таксама жылі ў няволі.

Сьвятлана Завадзкая і Ірына Красоўская спадзяюцца, што сёньняшія сустрэчы ў Сойме дапамогуць у высьвятленьні лёсу іхных сваякоў.

Варта адзначыць, што сёлета ў студзені прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі перадаў зварот жонак зьніклых беларускіх палітыкаў свайму расейскаму калегу Ўладзімеру Пуціну ў часе сустрэчы прэзыдэнтаў у Варшаве.
XS
SM
MD
LG