Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ТОЛЬКІ 4% ГАРАДЗКІХ ШКОЛАЎ — БЕЛАРУСКАМОЎНЫЯ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі міністар адукацыі Пётар Брыгадзін назваў апошнія зьвесткі пра беларускамоўнае навучаньне ў школах.

(Брыгадзін: ) “Школы зь беларускай мовай навучаньня — 61,5%. Гэта сяло ў большай частцы. Што тычыцца гарадзкіх школаў, то гэта невялічкі адсотак — усяго 4. І адпаведна на дзьвюх мовах — 10% сяло, і горад — 19%. Мне падаецца, што, калі найбольш аўтарытэтныя школы пяройдуць на двухмоўе, то гэта й будзе прыклад для большага пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы ў працэсе навучаньня. Мы разьлічваем на гэта, безумоўна”.

Каб была відавочная рэальная прапорцыя паміж беларускамоўным і расейскамоўным навучаньнем у школах, патрэбна параўноўваць ня колькасьць школаў, а колькасьць вучняў, якія навучаюцца на роднай мове. Бо ў той жа вясковай школе можа быць каля сотні вучняў, а ў гарадзкой — некалькі тысяч. Паводле старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, дзяцей, якія вучацца ў школе на беларускай мове, цяпер менш за 30%.

(Трусаў: ) “Упершыню на вясковых тэрыторыях у некаторых раёнах масава зьнішчаюцца беларускамоўныя школы ўжо на вёсцы. І тое, што спадар Брыгадзін назваў 60% беларускамоўных школаў на вёсцы, гэта катастрофа. Раней беларускамоўных школаў на вёсцы было адсоткаў 80, а ў некаторых раёнах і ўсе былі. І менавіта ў гэтыя гады пачалася небывалая, нават для савецкай Беларусі зьява — ліквідацыя беларускіх школаў нават на вёсцы. Лідэрам у гэтых акцыях выступае, прыкладам, Кобрыньскі раён. Асабліва нас непакоіць сытуацыя ў Гарадзенскім раёне”.

Алег Трусаў — адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту. Надоечы прадстаўнікі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Таварыства беларускай мовы зьвярнуліся да Лукашэнкі з прапановай падпісаць дэкрэт пра стварэньне такога ўнівэрсытэту. А як ставіцца міністар адукацыі Пётар Брыгадзін да гэтай ідэі?

(Брыгадзін: ) “У нас створаныя беларускія нацыянальныя ўнівэрсытэты. Безумоўна, нацыянальныя ўнівэрсытэты ёсьць. Гэта Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Беларускі тэхнічны нацыянальны ўнівэрсытэт. Трэба ў першую чаргу думаць пра тое, як пераводзіць на больш шырокае выкладаньне прадметаў на беларускай мове ў ВНУ, ствараць беларускамоўныя факультэты, плыні, што й робіцца. А калі будуць грошы, то чаму не?”

Варта дадаць, што на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі міністар адукацыі гаварыў пераважна па-расейску, па-беларуску адказваў толькі на пытаньні наконт беларускай мовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG