Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСК РЫХТУЕЦЦА ДА “СЛАВЯНСКАГА БАЗАРУ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Цэлых 13 гадоў у Віцебску вялося будаўніцтва праспэкту Перамогі. Здаць яго плянавалася і тры гады таму, і летась, і сёлета. Прычым у гэтым годзе дата ўрачыстага моманту прызначалася ўжо тройчы: на Дзень вызваленьня Віцебску 26 чэрвеня, на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня і нарэшце на 19 ліпеня — дзень адкрыцьця чарговага “Славянскага базару”.

Плянуецца, што па новым праспэкце паедзе Аляксандар Лукашэнка. Таму пасьпешліва рыхтуецца да адкрыцьця толькі тая частка праспэкту, якая вядзе да Лядовага палацу. Астатняя частка, якая вядзе да абласнога клінічнага шпіталю, будзе чакаць ўпарадкаваньня яшчэ колькі гадоў, і машыны хуткае дапамогі па-ранейшаму будуць вазіць хворых у аб’езд.

Увесь праспэкт Перамогі цягнецца тры кіляметры, а даўжыня прызначанай дзеля адкрыцьця ягонай часткі ўсяго 960 мэтраў. Таму ўсе віцябляне толькі дзівяцца, як можна за 13 гадоў зрабіць гэтак мала. І ўсё адно асноўныя працы робяцца тут у апошні момант: калі ў чэрвені будаўнікі асвоілі толькі 192 мільёны рублёў, то за першую палову ліпеня — ужо больш як 400 мільёнаў. Прычым будаўнікі адзначаюць, што фінансаваньне іхнага аб’екту раптам палепшылася, а заробкі затрымліваюць па-ранейшаму.

Нізкія заробкі віцяблянаў або ўвогуле іхная адсутнасьць сталіся прычынай таго, што ў фэстывальных касах засталося шмат непрададзеных білетаў. Дырэкцыя фэстывалю ўжо мусіла адмяніць канцэрт расейскай сьпявачкі Алсу, найбольш папулярнай у тутэйшых падлеткаў, якім бацькі ня ў стане выдаткаваць па 30 тысяч на білет.

А некаторыя з ахвотных патрапіць на канцэрты “Славянскага базару” ня здолеюць зрабіць гэта зусім па іншых прычынах. Так, да дырэкцыі фэстывалю зьвярнуліся сябры Наваполацкага раённага таварыства інвалідаў-калясачнікаў, якія хацелі набыць білеты на адзін з канцэртаў ды нават ужо замовілі на адпаведны дзень маршрутны аўтобус. Дырэкцыя адмовіла інвалідам, спаслаўшыся на непрыстасаванасьць залі амфітэатру для гледачоў у інвалідных калясках, якія будуць замінаць руху ўсіх астатніх. Аказалася, што пра інвалідаў не падумалі ні аўтары архітэктурнага праекту, ні праектоўцы леташняе перабудовы амфітэатру, у выніку якой зьявілася шыкоўная “прэзыдэнцкая ложа”.

Як паведаміў падчас сёньняшняга паседжаньня аргкамітэту фэстывалю ягоны дырэктар Радыён Бас, учора Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне выдаткаваць на сёлетні фэстываль некалькі соцень тысяч даляраў. Калі ж гаворка зайшла пра фінансаваньне “Славянскага базару” зь бюджэту СНД, усіх журналістаў, у тым ліку і дзяржаўных выданьняў, папрасілі выйсьці за дзьверы.
XS
SM
MD
LG