Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДУМКУ АМБАСАДАРА ІРАКУ Ў МЕНСКУ, ЗША ПЕРАШКАДЖАЮЦЬ АТРЫМАЦЬ БЕЛАРУСІ МІЛЬЯРДЫ ДАЛЯРАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ірацкі амбасадар у часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі сьцьвярджаў, што беларуска-ірацкае супрацоўніцтва мае выключна мірны характар. Яно ахоплівае перадусім нафтахімію, машынабудаваньне ды іншыя праекты ў рамках праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Беларускія геолягі таксама маюць намер праводзіць выведку радовішчаў нафты ў Іраку. На гэтыя тэмы цяпер і вядзе перамовы ў Менску віцэ-прэм’ер Іраку Абдэль Таваб Мула Хуэйш.

Аднак ва ўплывовых ўсясьветных мэдыях ня раз зьяўлялася інфармацыя пра тое, што афіцыйны Менск у абыход санкцыяў Рады Бясьпекі ААН пастаўляе Багдаду вайсковую тэхніку і ўзбраеньне. Пра гэта гавораць і ўплывовыя палітыкі. Паводле апошняй публікацыі ў ізраільскай газэце “Хаарэц” са спасылкай на крыніцы ў выведцы, запасныя часткі для танкаў Т-55, якія знаходзяцца на ўзбраеньні Іраку, паступаюць туды зь Беларусі праз Сырыю.

Паводле словаў амбасадара Дэйфа Ахмэда, усе гэтыя публікацыі — хлусьня:

(Ахмэд: ) “У нас няма ніякага вайсковага супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Тое, што часам публікуецца ў прэсе — гэта хлусьня, замоўленыя артыкулы, за якія плацяць грошы. Амэрыканцы накіравалі супраць нашай краіны каля 35 радыёстанцыяў, ЗША таксама аплачвае ўсе замоўленыя артыкулы супраць Іраку. Усё, што яны пішуць — хлусьня”.

Ён таксама абверг інфармацыю пра знаходжаньне ў Менску групы ірацкіх вайскоўцаў, якія вучацца ў беларускай вайсковай акадэміі. Паводле ірацкага амбасадара, арміі ягонай краіны ня трэба ніякай дапамогі ці паставак з-за мяжы. Маўляў, Ірак — заможная краіна і ўласнымі сіламі ажыцьцяўляе мадэрнізацыю свайго войска. Пры гэтым ён ня мог патлумачыць, чаму такая “заможная” краіна як Ірак мае вялікую патрэбу ў пастаўках харчоў і лекаў для свайго насельніцтва.

Ірацкі амбасадар скардзіўся, што ЗША ды іншыя краіны перашкаджаюць мірнаму супрацоўніцтву Іраку зь Беларусьсю. Маўляў, каб не перашкаджалі, таваразварот між Беларусьсю і Іракам ужо складаў бы некалькі мільярдаў даляраў.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць, што ірацкі дыплямат гаворыць няпраўду:

(Саньнікаў: ) “Калі ўлічваць характар сёньняшняй улады ў Беларусі, то цалкам магчыма, што адбываецца супрацоўніцтва. Яно хіба ўзмацняецца, калі бачым, што працягваецца вайна з Захадам, працягваецца пагаршэньне стану дэмакратыі ў Беларусі. Таму ўсё гэта цалкам верагодна. Відавочна, што ў тым стане, у якім Ірак сёньня знаходзіцца, ён асобна ня можа ні мадэрнізаваць сваю армію, ні працягваць небясьпечныя праграмы”.

Ня ягоную думку, у становішчы, калі ў Беларусі няма добрых стасункаў з цывілізаваным сьветам, любыя кантакты з Іракам толькі пашкодзяць іміджу афіцыйнага Менску на міжнароднай арэне.
XS
SM
MD
LG