Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЕГІЯ ВЯРХОЎНАГА СУДУ ПАКІНУЛА БЯЗЬ ЗЬМЕНАЎ ПРЫСУД ГРУПОЎЦЫ СПЭЦНАЗАЎЦА ІГНАТОВІЧА, АБВІНАВАЧАНАЙ У ВЫКРАДАНЬНІ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Нагадаю, у сакавіку абласны суд палічыў спэцназаўцаў Ігнатовіча, Маліка, Гуза і былога крымінальніка Савушкіна вінаватымі ў сэрыі крадзяжоў, забойстваў і выкраданьняў людзей, у тым ліку выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Ігнатовіч і Малік былі пакараныя пажыцьцёвым зьняволеньнем, Гуз і Савушкін атрымалі вялікія турэмныя тэрміны.

Аднак ні абвінавачаныя, ні сваякі Завадзкага з прысудам не пагадзіліся. Асуджаныя — бо гэтак і не прызналі сябе вінаватымі, а сям’я Завадзкага — таму што няма адказу пра далейшы лёс Зьмітра.

Адвакат Сьвятланы Завадзкай Сяргей Цурко рашэньнем Вярхоўнага суду быў расчараваны:

(Цурко: ) “Не, канечне, мяне як адваката гэткае рашэньне не задаволіла, я лічу яго неправамоцным. Таму што доказы, якія суд паклаў у падмурак прысуду, здабытыя незаконна, яны ня вартыя даверу. Па-другое, нават калі зь імі пагадзіцца, няма адказу на пытаньне: а ці тычацца гэтыя доказы менавіта Ігнатовіча і Маліка”.

Адвакат Сяргей Цурко пакуль ня можа адказаць на пытаньне, ці будзе ён ад імя Сьвятланы Завадзкай абскарджваць сёньняшняе рашэньне Вярхоўнага суду. Сьвятланы Завадзкай сёньня на судзе не было.

Ня менш зьдзівіла журналістаў тое, што ў суд сёньня прыйшоў Ігар Аксёнчык, былы абаронца Завадзкіх. Нагадаю, у сакавіку за дзень да прысуду ён выступіў з публічнымі абвінавачаньнямі ў датычнасьці да выкраданьня Завадзкага генэральнага пракурора Віктара Шэймана і ўмяшаньні Аляксандра Лукашэнкі ў расьсьледаваньне справы Завадзкага.

Пасьля гэтай заявы Аксёнчык зь Беларусі зьехаў і тры месяцы жыў, як цяпер высьветлілася, у Маскве, у адным з гатэляў. Ён сьцьвярджае, што пра ўзбуджэньне супраць яго крымінальнай справы за разгалошваньне таямніцы сьледзтва даведаўся з паведамленьняў Радыё Свабода. Маўляў, яго ніхто не шукаў і на допыты не выклікаў.

На ганку суду па мабільным тэлефоне журналісты злучыліся з прэсавым сакратаром рэспубліканскай пракуратуры Таранавым, які пацьвердзіў, што справа супраць Аксёнчыка існуе, што яна не закрытая. “Будзем выклікаць Аксёнчыка, калі ён у Менску”, — паведаміў журналістам Таранаў.

Цікава, што настрой Ігара Аксёнчыка, якому перадалі гэтыя зьвесткі, ня стаў горшым. Ён працягваў даваць інтэрвію журналістам, у асноўным настойваючы на вэрсіі пра датычнасьць Паўла Шарамета да таго, што адбылося з Завадзкім. Паводле Аксёнчыка, гэта Павал Шарамет падбухторыў Завадзкага даць інтэрвію “Белорусской деловой газете” пра сувязі Ігнатовіча з чачэнскімі баевікамі.

(Аксёнчык: ) “Лічу, калі б Ігнатовіч ведаў, што гэта Шарамет справакаваў публікацыю ў “Белорусской деловой газете”, тады б Завадзкі не пацярпеў. Для Завадзкага такія паводзіны былі нетыповымі”.

Ён патлумачыў, што гэтую вэрсію ён агучыў толькі цяпер таму, што толькі нядаўна атрымаў ад Паўла Шарамета пацверджаньне ягонай датычнасьці да зьяўленьня інтэрвію Завадзкага ў беларускім друку.

Аксёнчык паведаміў журналістам яшчэ адну навіну — што зьбіраецца як абаронца інтарэсаў Вольгі Завадзкай абскардзіць адхіленьне ад кіраўніцтва справай былога генэральнага пракурора Алега Бажэлкі. Незразумела, аднак, у якой якасьці гэта зьбіраецца рабіць Аксёнчык — тры месяцы таму ён быў выключаны з гарадзкой калегіі адвакатаў, пра што даведаўся толькі некалькі дзён таму.
XS
SM
MD
LG