Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СТАРШЫНЁМ ФЭДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ АБРАЛІ НАМЕСЬНІКА КІРАЎНІКА ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ АДМІНІСТРАЦЫІ ЛЕАНІДА КОЗІКА


Міхал Стэльмак, Менск

У выступе перад удзельнікамі паседжаньня намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі агучыў сваё бачаньне будучыні прафсаюзаў:

(Козік: ) “Мой погляд такі. Я мяркую, што вайна дзеля вайны з уладай, урадам нам абсалютна не патрэбная. Але нашая задача такая, каб гэтая ўлада працавала на прафсаюзы. Каб яна выконвала тыя задачы, што запісаныя ў генэральным пагадненьні. Я ведаю, як гэта зрабіць, і разам з вамі мы гэта зробім, таму што ў гэтым зацікаўленая сама ўлада.

Другое — гэта тое, што гэткай жа пазыцыі прытрымліваецца прэзыдэнт Беларусі. Для нас гэта важна, што і ўрад будзе выконваць тое, што запісана ў трохбаковым пагадненьні. Я гатовы сёньня працаваць з усімі тымі, хто працуе ў прафсаюзах, хто лічыць, што нам трэба мець у рэспубліцы моцную прафсаюзную арганізацыю — адзіную, без усялякіх хістаньняў і ваганьняў”.

Леанід Козік паабяцаў аднавіць сацыяльны дыялёг. Пацьверджаньнем таму, паводле Козіка, была прысутнасьць на прафсаюзным пленуме прадстаўнікоў ураду і наймальнікаў. Козік выказаўся за перанос прафсаюзнага зьезду на верасень.

Супраць абраньня намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі на пасаду старшыні выступіў шэраг удзельнікаў паседжаньня. У прыватнасьці, лідэр галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў заявіў, што падзеі, якія адбываюцца зараз вакол прафсаюзаў, ёсьць рэалізацыяй пляну ўладаў:

(Бухвостаў: ) “Прафсаюзы, можна сказаць, развалілі. Зьявіліся выратавальнікі прафсаюзаў. Але ад каго? Ад уладаў. Умовы выратаваньня — здача пазыцыяў, капітуляцыя. Гэта заканамерны вынік. Таму што многія асобы, якія кіравалі прафсаюзамі, так дагэтуль і не зразумелі, што такое прафэсійныя саюзы і навошта яны ствараюцца”.

З рэзкай крытыкай паводзінаў прафсаюзнага кіраўніцтва Фэдэрацыі выступіў на пленуме лідэр галіновага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч. Вось што ён патлумачыў нашаму радыё:

(Фядыніч: ) “Гэтыя інтрыгі, якія былі вакол і Ганчарыка, і Вітка, гэтыя людзі, што зусім нядаўна віншавалі Вітка з абраньнем, хадзілі ў кабінэт ды казалі, што ён самы разумны, самы адукаваны, зараз зрабілі тое ж самае. Былі мае прапановы пра пераўтварэньне структураў Фэдэрацыі, каб абласныя аддзяленьні былі яе структурамі, са мной згаджаліся, але нічога не рабілі. І вось зараз гэтыя аб’яднаньні сёньня “падставілі” Вітка. І яны першыя прымалі рашэньні пра адстаўку”.

Аднак большасьць удзельнікаў пленуму праігнаравала падобныя аргумэнты і магчымыя наступствы прыходу да кіраваньня Фэдэрацыяй прадстаўніка ўладаў. Галасаваньне было адкрытае — усяго дзесяць чалавек прагаласавалі супраць Леаніда Козіка. Яшчэ васьмёра ўстрымаліся пры галасаваньні. Астатнія выказаліся за тое, каб зь сёньняшняга дня намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі ўзначаліў Фэдэрацыю.
XS
SM
MD
LG