Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АДМЯНІЎ КАМПЭНСАЦЫЙНЫЯ ВЫПЛАТЫ ПАЦЯРПЕЛЫМ АД ЧАРНОБЫЛЮ


Валер Каліноўскі, Менск

Грошы, што выплачвалі людзям, якія жывуць на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі, у народзе назвалі “грабавымі”. Цяпер іх выплата адмененая А.Лукашэнкам дзеля “рацыянальнага выкарыстаньня сродкаў, што накіроўваюцца на ліквідацыю наступстваў на ЧАЭС”.

Паводле закону, прынятага Вярхоўным Саветам у сьнежні 1991 году, такія выплаты тым, хто працуе, складалі 30–40 рублёў. Хаця ў законе былі тэзы пра індэксацыю гэтых дапамогаў, на сёньняшні дзень яны зьнізіліся да вельмі нязначных сумаў 2000–2500 рублёў.

Паводле афіцыйнага паведамленьня, вызваленыя сродкі будуць накіраваныя на пераабсталяваньне ўстановаў аховы здароўя ў забруджаных раёнах і паляпшэньне іх камунальнага абслугоўваньня. Частка сродкаў пойдзе на дабудову Гомельскага радыяцыйнага дыспансэру.

Кіраўнік адной з грамадзкіх арганізацыяў, што займаецца праблемамі постчарнобыльскай рэабілітацыі дзяцей Уладзімер, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, у інтэрвію Свабодзе выказаў насьцярожанасьць з нагоды гэтага дэкрэту, які прыкрываецца мэтамі рацыянальнага выкарыстаньня грошай:

(Уладзімер: ) “Што датычыць лёгікі, то тут, як мне ўяўляецца, губляе значна большая колькасьць людзей, чым тыя, хто нешта дадаткова набудзе за кошт выкананьня гэтага дэкрэту. Забіраюць грошы ва ўсіх, хто пражывае на гэтай тэрыторыі, а атрымаюць тыя, хто захварэў альбо хто больш непакоіцца пра сваё здароўе. Наколькі я ведаю, там большасьць насельніцтва рэдка зьвяртаецца да лекараў, яно беднае і недастаткова адукаванае, не турбуецца пра сваё здароўе. Для іх зьняцьце нават нязначных сумаў можа стаць дастаткова істотным, бо нашая вёска жыве цяжка”.

Спадар Уладзімер мяркуе, што гэты дэкрэт патрабуе большых тлумачэньняў, вывучэньня, статыстыкі й сацыялягічных апытаньняў. Урад замест таго, каб індэксаваць кампэнсацыйныя выплаты, накіроўвае іх на іншыя мэты, кажа ён.

На думку кіраўніка фонду, што займаецца постчарнобыльскай рэабілітацыяй дзяцей, няма ніякай гарантыі, што ў наступныя гады нехта будзе зьбіраць і акумуляваць гэтыя грошы на сацыяльныя праекты. Людзі ж у чарнобыльскай зоне адчуваюць апатыю і пратэставаць з гэтай нагоды наўрад ці будуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG